Паважаныя чытачы, прадстаўляем Вам новы, цікавы блог, які паўстаў па ініцыятыве Уладзіміра Крупенкі. Нарадзіўся і жыве ў Гродне ў парафіі Насвяцейшага Адкупіцеля. Студэнт завочнік БДУІР і працуе, любіць тэатр і размаўляць. Цікавіцца жыццём Касцёла. Вельмі падабаюцца выказванні папы Францішка, над якімі з боку звычайнага маладога каталіка жадае разважаць і дзяліцца сваімі думкамі з іншымі. Прапануем вашай увазе першы допіс у блог "Viva il Papa" (з італьянскай мовы перакл. як заклік "Няхай жыве Папа") пад загалоўкам “Тое, што выпрабоўвывае”.
У апошні час я перайшоў ад чытання маленькіх урыўкаў з пасланняў нашага Папы Францішка да іх поўных варыянтаў і хачу сказаць, што стаў сябе адчуваць нашмат горш. Гэта прыйшло не адразу, напэўна таму, што чытаючы ўрыўкі, не бачыш усяго кантэксту, не адчуваеш увесь настрой, таго поўнага вобразу, які наш Папа хацеў данесці да Хрыстовага Касцёла .
Дык вось, пачуцці мае спахмурнелі не таму, што Ён там нешта дрэннае піша, і не з-за таго, што хтосці пра яго мне злога нагаварыў, а толькі таму, што яго словы дайшлі да самой глыбіні майго сэрца:
“… Гэта моцнае і адважнае рашэнне, каб адмовіцца ад зла і яго спакус і выбраць дабро, будучы гатовым плаціць за гэта асабіста: гэта менавіта значыць наследаваць Хрыста і узяць свой крыж!...” (малітва “Анёл Панскі” 08.09)
Прачытайце гэтую пропаведзь, мяне яна ўвесь дзень не адпускала.
Святы Айцец заклікае да актыўнага дзеяння на карысць міра, заклікае нас быць міратворцамі. Прычым такімі міратворцамі, якія гатовыя цярпець за дабро. Гэта цяжкія словы, яны выпрабоўваюць. Але толькі такі, радыкальны падыход, падыход "вайны з грахом да апошняга жывога" можа прывесці і цябе, і мяне, і ўвесь свет да міру і супакою.
І ўсё ж такі здаецца мне гэта пасланне выдатным, можа яшчэ і па прычыне таго, што гэты заклік быў злучаны з усеагульнай малітвай, малітвай вернікаў з усёй планеты.