У кнігарні сясцёр-назаратанак у Гародні, адразу перад варотамі курыі, заўсёды можна было сустрэць людзей, якіх не бачыў сто гадоў. Святары, прыязджаючы да біскупа, “па дарозе” купляюць там свечкі, кніжкі, кадзіла і іншыя розныя рэчы, патрэбныя для “унутранага спажывання”.
З дыяцэзіяльнай кнігарняй звязана шмат рэчаў. Гэта і пункт сустрэчы, і месца, дзе можна пагаманіць з сёстрамі-назаратанкамі, ды і проста ціхі куточак, каб пагартаць якую кніжку. На хвалі такіх успамінаў сёння ідзем у госці да мясцовых Малагскіх каталіцкіх кнігароў.
Памяшканне дыяцэзіяльнай кнігарні знаходзіцца ў Катэдры Малагі. Па памерах падобнае да нашай гарадзенскай. Вітаюся з прыгожай прадавачкай пры ўваходзе, пачынаю як звычайна казаць пра тое, што пішу для grodnensis.by, што ўся гродзенская дыяцэзія з Беларусі шле вам прывітанне, што хачу вось пра вашу кнігарню пару словаў напісаць. Пасля слова “Беларусь” заўважаю, што галава мілай іспанкі пачала фазу найвышэйшай актыўнасці, але гэта як заўсёды.
Добра, ідзем да шэфа кнігарні. Малады спадар гадоў за 30, у акулярах і з ужо дастаткова парадзеўшымі валасамі, інтэлігентна вітаецца. Ідэальны прататып дырэктара.
“Кнігарня існуе ўжо 18 гадоў. Кожны дзень у сярэднім маем каля 200 наведвальнікаў, перад святамі, вядома, больш”, - пачынае мой суразмоўца. - “Залежыць таксама ад пары года: пачаліся камуніі, бежмаванне – пайшлі людзі па кніжкі, падарункі для ўнукаў і г.д.”.
Адказвае коратка і па справе. Бачна што працы шмат, людзі ўвесь час пытаюцца, цікавяцца, таму трэба хутка выпытваць усё і адпусціць чалавека.
“Прапорцыя свецкіх і духоўных наведвальнікаў амаль палова на палову. Канешне наш пакупнік у абсалютнай большасці -- гэта старэйшыя людзі. Кніжкі можна таксама купіць праз інтэрнэт (http://www.libreriadiocesana.es/indice). Старонку мы зрабілі каля двух гадоў таму. Але ідзе справа слаба. Пакупнік у асноўным старэйшы, таму і метады ў іх старыя. Некаторыя глядзяць кніжку ў інтэрнэце і прыходзяць купляць непасрэдна да нас, некаторыя звоняць і проста просяць выслаць, бо ня ўмеюць заказваць “электронна”, -- распавядае дырэктар.
Паказвае адну гатовую да адпраўкі пачку. “Вось гэта менавіта заказана па тэлефоне”, -- дадае. Кажа, што ў большасці літаратура перакладная. Стараюцца прадаваць шмат новых пазіцый. Цяпер вось добра прадаюцца кніжкі пра папу Францішка, вядома, яго асоба цікавая ў дадзены момант. Таксама Бібліі дзіцячыя шмат набываюцца, цяпер час камуній. Ну і вядома ёсць шмат іншых рэчаў: крыжы, абразы, ружанцы, фігуркі і г.д. Ёсць шмат кніжак гістарычных, па псіхалогіі, з рэцэптамі, іншыя. Стараюцца не абмяжоўвацца ў тэмах.
Пытанні ў мяне заканчваюцца, дзякуем дырэктару. Раблю некалькі здымкаў, развітваюся з прадавачкай і бяру курс дадому. Жыццё мясцовай дыяцэзіяльнай кнігарні нічым не адрозніваецца ад нашай, усё вельмі падобна. Можа, толькі мова. Ну і ці павінна адрознівацца? Кніжкі, яны і ў Малазе кніжкі.