Кожная краіна мае свае санктуарыі. Гэта такія святыя месцы, якія быццам дабраслаўляюць зямлю, месцы, дзе заўсёды адчуваеш сябе, як дома. Напрыклад, у нас у Беларусі такім сімвалам з’яўляецца Будслаўскі санктуарый Маці Божай, таксама Тракелі, Нарач, Лагішын. Усё гэта нашыя, як кажуць, намоленыя месцы. І гэта толькі ў маленькай Беларусі, дзе каталіцтва ніколі не было дамінуючым абрадам. У вялізнай Іспаніі, дзе каталіцтва стагоддзямі было адзінай рэлігіяй, амаль што кожны больш-менш вялікі горад мае свой санктуарый. Як тут выбраць, які важнейшы?
Думаю, не памылюся, калі скажу, што адным з галоўных (калі можна так казаць пра святыя месцы) з’яўляецца санктуарый эль Піляр у Сарагосе ў Арагоне. Пра яго сёння і пойдзе размова.
Мой сябар, карэнны арагонец, калі паказваў мне ўпершыню Сарагосу, казаў, што “ў нас у прынцыпе няма нічога асаблівага паглядзець. Піляр ды й толькі”. Традыцыі гэтага горада як бы сканцэнтраваліся вакол культу Маці Божай Піляр. Гэта заўважна паўсюль. Характэрная стужка з адным з узораў манто, якім ахінута фігура, тут прывязана да шкла задняга віду ў кожнай машыне. Па гэтым сімвале арагонцы пазнаюць сябе ў свеце. Як жартаваў мой сябар, “ты ж ведаеш, як мы, іспанцы, ходзім у касцёл. Але калі хто-небудзь слова на Піляр скажа, усе гарой стануць і будуць бараніць санктуарый”.
Лічыцца, што святы Якуб Апостал евангелізаваў Сарагосу. Калі ў яго нічога не атрымоўвалася і ён ужо збіраўся вяртацца ў Іерусалім, дык 2 студзеня 40 года н.э. на выхадзе з горада яму аб’явілася Маці Божая. Марыя сказала, каб ён не ўцякаў з горада, а лепш пабудаваў там касцёл. Па легендзе яна дала св. Якубу слуп, на якім стаяла падчас яб’яўлення. Слуп па-іспанску азначае піляр, таму касцёл і ўвесь культ, звязаны з аб’яўленнем, і атрымаў назву эль Піляр.
З таго моманту і пачынаецца гісторыя гэтага санктуарыя. Быў пабудаваны маленькі касцёл, які шматразова перабудоўвася. Калі на пачатку VIII стагоддзя Сарагоса была заваявана арабамі, эль Піляр сталася сімвалам каталіцтва на тутэйшых тэрыторыях. Мусульмане не забаранілі практыкаванне хрысціянскага культу, таму сярод заахвочванняў да малітвы з мінарэтаў фігура Марыі “на слупе” была для іспанцаў апякункай і той, якая дазваляла адчуваць сябе дома у сваім горадзе і сваёй краіне.
Пасля рэканкісты і здабыцця Сарагосы каталіцкімі каралямі, перамога была ахвяравана Марыі, і з гэтага часу пачынаецца этап росквіту культу не толькі ў Арагоне, але і ва ўсёй Іспаніі. Напрыклад, папская була з ХІІІ ст. абвяшчала адпушчэнне грахоў (індульгенцыю) для ўсіх, хто на пэўныя святы памоліцца перад фігурай Марыі эль Піляр. У XVII-XVIII стст. была пабудавана катэдра, якая захавалася да нашых дзён у сваім першапачатковым выглядзе. Яна і стала домам для Піляр.
29 красавіка 1640 года тут адбыўся цуд, які некаторыя называюць найлепш пацверджаным цудам Маці Божай на свеце. Адзін селянін, якому ампутавалі нагу трошкі ніжэй калена, жабраваў пад касцёлам Піляр і маліўся да яе. Праз пэўны час ён вярнуўся ў сваю вёску Каланда, дзе аднойчы, прачнуўшыся раніцой, убачыў, што ампутаваная нага цудоўным чынам адрасла. Адзін італьянскі публіцыст, Віторыё Мэсоры, аўтар кнігі пра “Цуд з Каланды”, сцвердзіў, што шматлікія дакументы, экспертызы і сведчанні гэтай з’явы ясна пацвярджаюць яго праўдзівасць. Адмаўленне гэтага здарэння роўнае адмаўленню любога гістарычнага факту XVII ст., пацверджанага крыніцамі. Іншая ж тэорыя цуду сцвярджае, што той селянін быў звычайнай манюкай. Кажуць, што пасля таго, як ён зламаў нагу, то дактары яе не ампутавалі, проста нага засталася недзеяздольнай. Гэта пазбаўляла яго зарабляць працай у гаспадарцы. Таму ён прывязаў галёнку да сцягна і зрабіў сабе пратэз з дрэва, каб жыць з жабрацтва. Аднойчы, калі яго родныя зразумелі, у чым справа, было вырашана выдаць усё за цуд. Такія вось дзве тэорыі.
У 1904 годзе, папа Пій Х, абвясціў юбілейны год Марыі. З гэтай нагоды шмат абразоў і фігур Маці Божай былі каранаваныя папскімі каронамі. Піляр была шостай выявай Марыі ў Іспаніі, якая атрымала такое прызнанне. 20 траўня 1905 года адбылася гэтая важная для Сарагосы падзея. З таго моманту кожны 20 дзень месяца са слупа, на якім стаіць фігура Марыі, здымаюць манто на ўспамін той каранацыі. Дзень 20 мая вольны ад працы ў Арагоне.
У жніўні 1936 года падчас грамадзянскай вайны рэспубліканскі трохматорнік Фокер скінуў на катэдру тры пяцідзесяцікілаграмовыя бомбы, з якіх ніводная не ўзарвалася. Дзве бомбы трапілі ў храм, адна ўпала на вуліцы зусім блізка ад касцёла. Гэта было аб’яўлена цудам эль Піляр, бомбы цяпер умантаваныя ў сцяну з правага боку ад капліцы Маці Божай.
Адпустовае свята адзначаецца 12 кастрычніка. Гэты дзень таксама вольны ад працы ў Арагоне, адбываюцца вялізныя працэсіі і іншыя традыцыйныя дзеянні. Адзначаецца прыгажосцю г.зв. ахвяраванне кветак эль Піляр. Фігура Марыі выстаўляецца на галоўнай плошчы, людзі ж з усёй Сарагосы і не толькі складваюць кветкі. На наступны дзень адбываецца падобнае ахвяраванне садавіны. Арагонцы ў нацыянальным адзенні нясуць у кошыках садавіну, якая вырошчваецца на іх зямлі.
Марыя эль Піляр лічыцца апякункай усяго іспанскага свету, г.зн. не толькі Іспаніі, але і ўсёй Лацінскай Амерыкі. Яе культ асаблівым чынам распаўсюджаны менавіта там, за якіянам. Будуюцца шматлікія касцёла з гэтай назвай, шматлікія арганізацыі выкарыстоўваюць гэтую фігурку як свой сімвал.
Арцём Ткачук