Грошы – гэта заўсёды тэма, якая “шчыпае”. Асабліва пра чужыя. Але такая ўжо нашая людская натура. Можна, канешне, абараніцца жартам Лявона Вольскага “кагда дзенег нет – дзенег нет”, але ж з грашыма заўсёды было праблемна. Альбо нам так падаецца. Мільянеры таксама ўсё інвестуюць, купляюць, прадаюць. Зразумела, не таму што лічаць, што валюты ім хапае. А што з з грашыма ў іспанскім Касцёле?
Цяпер у Іспаніі праходзіць каталіцкая кампанія па заахвочванні людзей да прызначэння 0,7% ад сваіх падаткаў на патрэбы Касцёла. Што гэта значыць і як гэта выглядае?
У 2002 годзе ў Іспаніі быў прыняты закон, па якім Касцёл быў аднесены да сектару некамерцыйных арганізацый. Паводле гэтага заканадаўчага акту было ўсталявана наступнае:
1. Не абкладаюцца падаткам ахвяры, г.зв. зборы (напрыклад, на рамонт касцёла), рухомая і нерухомая маёмасць і даходы ад продажу маёмасці;
2. Не абкладаюцца падаткам паслугі, якія аказвае каталіцкая арганізацыя (напрыклад, паслугі каталіцкіх шпіталяў, цэнтраў сацыяльнай дапамогі) і іншая дзейнасць, вартасць якой не перавышае 20 тысяч еўра;
3. Не абкладаецца падаткам нерухомая маёмасць, у якой касцёл ажыццяўляе вышэйзгаданую дзейнасць;
4. Не абкладаецца падаткам маёмасць, якую касцёл атрымоўвае ў якасці спадчыны;
5. Касцёл не плаціць падатак на зямлю.
Але гэтыя крокі былі не самыя галоўныя. Быў замацаваны наступны механізм. У дэкларацыю аб даходах была ўнесена графа: на Касцёл. Пры запаўненні штогадовай дэкларацыі кожны можа адзначыць, што хоча каб 0,7% ад яго падатку ішло на патрэбы каталіцкай Царквы. Пры гэтым велічыня падатку не змяняецца, проста ты сам распараджаешся, на што пойдзе частка тваіх грошай, якія ты плаціш у бюджэт краіны. Новая мадэль фінансавання Касцёла ўвайшла ў сілу ў 2008 годзе. Менавіта ў красавіку-маі касцёльныя эканамісты праводзяць акцыю справаздачы за 2012 год і заахвочваюць паставіць крыжык у сёлетняй дэкларацыі ад даходах.
У 2012 годзе крыжык у падтрымку Касцёла ў сваіх дэкларацыях паставіла 7.357.037 асобаў. Аднак трэба зазначыць адну акалічнасць. У дэкларацыі ёсць таксама графа “на іншыя сацыяльныя патрэбы”. Касцёл заахвочвае адзначыць таксама яе (паводле права можна зазначыць дзве графы і пры гэтым кожная з іх атрымае свае 0,7%), бо 40 каталіцкіх арганізацый (як напрыклад, Карытас ці Манос Унідас) атрымоўваюць частку грошай таксама з гэтага фонду. У 2012 годзе 23,24% дэкларацый мелі азначаныя гэтыя два пункты. Таму можна сказаць, што амаль 9,1 мільёнаў асобаў падтрымала мэты каталіцкай Царквы. Такім чынам, на банкаўскім рахунку іспанскага Касцёла з’явілася 247,1 мільёнаў еўра. Фонд на патрэбы каталіцкай Царквы складае 25% грошай, якія складаюць гадавы бюжэт. Рэшта - гэта простыя ахвяры людзей, перадача маёмасці Касцёлу ў спадчыну і інш.
Трэба адзначыць важны факт, які растлумачыць беларусам, на што ідуць такія, як падаецца, вялікія грошы. У Іспаніі Касцёл мае свае школы, дзіцячыя дамы, цэнтры дапамогі бедным, дзіцячыя садкі і шмат іншых арганізацый. Усё гэта патрабуе вялізных сродкаў. Лічыцца, што на адзін еўра, дадзены каталіцкай арганізацыі, робіцца столькі, на колькі звычайная камерцыйная арганізацыя патрабуе 2,35.
Возьмем, для прыкладу, раней узгаданую арганізацыю Манос Унідас. У 2011 годзе арганізацыя атрымала 51.856.656 еўра. Гэтыя грошы дапамаглі ажыццявіць 605 праектаў у 58 краінах. 82% грошай, якія атрымала арганізацыя, былі прыватнымі ахвяраваннямі і толькі 18% паходзілі з бюджэтнага фонду Іспаніі. 85,1% бюджэту было вызначана на адукацыйныя праекты (207), медыцынскія (112), аграрныя (98), сацыяльныя (118) і падтрымку жанчын (70). Большасць праектаў ахоплівала Афрыку (240), Азію і Акіянію (217) і Амерыку (148). Эканамісты гэтай арганізацыі таксама падкрэсліваюць крызіс: у 2011 годзе Манос Унідас атрымала на 1,1 мільён еўра меней, чым раней.
Паралельна з усім праводзіцца кампанія, скіраваная на вытлумачэнне грамадству, адкуль Касцёл бярэ грошы. Па звестках сацыёлагаў, каля 40% іспанцаў мяркуе, што каталіцкую Царкву фінансуе дзяржава. Адносіны касцёл-урад у Іспаніі заўсёды былі цеснымі (нават у часы дыктатуры Франко), таму шмат хто лічыць, што менавіта дзяржаўны бюджэт датуе каталікоў. Гэта такі стэрэатып. Таму Касцёл займаецца таксама пераадоленнем гэтага негатыўнага ўяўлення. У межах кампаніі ікстанто ствараецца рэклама, якая распавядае, на што трацяцца грошы. У сённяшнія дні, як бы ні было, гэта важна. Празрыстастасць, як мінімум, не дае магчымасці будаваць выдуманыя здагадкі і падазрэнні. Вось адзін з ролікаў ікстанто:
Такім чынам выглядае агульны фінансавы бок Касцёла ў Іспаніі. Трэба ж зазначыць, што грошы - гэта толькі сродак і зусім не мэта. Як зазначыў дырэктар фінансавай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Іспаніі, “наша першая задача - гэта адзначыць грамадству месцы, дзе людзі патрабуюць дапамогі. Другая ж - гэта дапамагаць усім і даць зразумець, што мы будзем з патрабуючымі, незалежна ад таго, будуць грошы ці не”.
Арцём Ткачук