У Вялікую Суботу ў Альканізе пачалі святкаваць Вялікдзень ужо пад вечар. Канешне, у працэсіі неслі алтары Гроба Гасподняга, Марыі Балеснай, было шмат сімвалаў Старога Запавету. Аднак калі ўсё мястэчка валіць у барабаны і маршыруе амаль усімі вуліцамі, гэта стварае энергетыку не цішыні Вялікай Суботы, а ранку Нядзелі Уваскрасення Хрыста.
Мае дарагія іспанцы пачалі святкаваць заранёў, таму што яны заўсёды вялікія нецярпліўцы. Асабліва калі ідзе гаворка пра добрую вечарыну. Яны такія, і Бог цешыцца, гледзячы на іх. Так мне падаецца.
У Іспаніі няма фарбаваных яек, “свянцонка”, Вялікай Суботы на кухні, рэзурэкцыі на Вялікдзень, віншаванняў “Хрыстос Уваскрос!” і шмат чаго іншага. У 15-тысячным мястэчку, дзе 99 % - каталіцкае насельніцтва, нават на Пасхальную Вігілію прыйшло чалавек ад сілы 200. Але ёсць як ёсць. Сёння я пра іншае.
Мне ўзгадаўся суботні настрой, які заўсёды быў у нашай хаце ў Лідзе перад Вялікаднем. У пэўным сэнсе гэта заўсёды быў настрой нядзелі. Душа, яна пачынае радавацца заранёў. Вось і ў іспанскім горадзе было такое ж. Бог нам усё ўжо даў, мы мелі ўсё яшчэ да нашага нараджэння. Ды й у Бога і часу няма, і словаў даць і ўзяць. Мы выдумалі пост і святкаванне Вялікадня, каб неяк сваім розумам паспрабаваць зразумець тое, што нельга зразумець. Таму трэба радавацца. Радавацца, як іспанцы. У кожную хвіліну, у кожным месцы. Жыццё павінна быць “фіестай”, з барабанамі і працэсіямі. І ні на хвіліну не спыняцца.
Усім чытачам grodnensis.by жадаю радаснай Пасхі і радасці Хрыстовай. Будзьце шчаслівыя, бо вы ўжо шчаслівыя. Хрыстос Уваскрос!
Арцём Ткачук