Заўсёды буду атаясаямляць Вербную нядзелю з трохгадзіннай “трасучкай” у дызелі Ліда-Гродна, працэсіяй па халодным Гродне з песняй "Абба, Ойча" і вяртаннем дамоў з некалькімі дзясяткамі пончыкаў і гарачых піражкоў на ўсіх - “гэта нас пробашч пачаставаў”. І, насамрэч, цудоўныя ўспаміны. Гэта, напэўна, ужо ніколі не забудзецца, бо гэта было часткай нашага моладзевага парафіяльнага жыцця. У гэтым годзе я, як ужо шмат гадоў запар, далёка ад дома і Гродна. Сёлета Мадрыд стаіў маім Гродна.
Тут нічога асаблівага. Вербачкі, канешне ж, іншыя, тут выкарыстоўваюць альбо галінкі аліўкавага дрэва, альбо белую пальму. У касцёле ксёндз запрасіў дзетак падыйсці да алтара і там ён асвяціў прынесеныя імі галінкі. Пры гэтым да алтара падыйшло, можа, дзесяць дзяцей, тры жанчыны сталага веку, адзін мужчына і я. Ці можа, такі касцёл трапіўся, ці проста насамрэч вербачкі тут не ў “пачоце”, не ведаю. Але тут не было нейкай радасці. Такой простай радасці. Можа, яны ў дзяцінстве не елі пончыкаў і не ездзілі з гітарамі ў дызелях? Не ведаю, але ведаю тое, што ў сталіцы Іспаніі было цяжка сустрэць людзей з вербамі і ніхто мяне не ўдарыў па спіне з вясёлым “не я б’ю – вярба б’е!”.
Можаце сказаць: “Настальгія цябе, Арцёмчык, душыць”. А я б так не сказаў, гэта хутчэй тутэйшая секулярызацыя. Людзі добрыя, заўсёды дапамагаюць, адкрытыя, усміхаюцца і г.д. Беларусам ёсць чаму навучыцца ад іспанцаў. Але вось у Бога не вераць альбо не хочуць верыць, альбо гэтае вайтылаўскае “жывуць так, як быццам Бога няма”. Над гэтым пытаннем я думаю ўвесь час і не магу сабе адказаць. Веруючых людзей заўсёды менш за няверуючых, гэта такая жыццёвая праўда. Аднак тут гэтая дыспрапорцыя проста ўражвае і збівае з панталыку. Такая вось Вербная нядзеля...
Што ж, ідзе Вялікі тыдзень. Гэта важней за ўсё. І няхай Бог дабраславіць усіх нас, каб мы плённа перажылі гэтыя святыя дні і проста сталі лепшымі. Каб мы прабачылі, каго яшчэ не прабачылі, усміхнуліся каму яшчэ гэтага не зрабілі і проста свядома перажывалі тыя дні, якія перад намі.
Арцём Ткачук