Фігура Хрыста на крыжы ўжо прыкрыта ў кожнай святыні. Гэта значыць, што да канца Вялікага паста застаецца няшмат. Яшчэ ёсць час падумаць над сабой, разабрацца ў сваіх праблемах і нешта змяніць. Яшчэ ёсць час прыгатавацца да Уваскрасення Езуса. Іспанцы ўжо ўвайшлі ў пік гэтых прыгатаванняў.
Справа ў тым, што для беларусаў Вялікі тыдзень атасаямляецца з завіханнем у хаце, прыгатаваннем ежы, асвячэннем яек і споведдзю. У Іспаніі Вялікі тыдзень - гэта перш за ўсе працэсіі. Вялізныя алтары з фігурамі Хрыста ці Маці Божай кожны дзень збіраюць мора людзей, якія, молячыся, праходзяць вуліцамі сваёй мясцовасці. Дык вось Сэмана Санта, ці Святы Тыдзень, у Малазе – найбольш вядомы і шанаваны ва ўсёй Іспаніі. Тутэйшыя традыцыі таксама найбольш даўнія і аўтэнтычныя.
Цікавы факт. Андалузія, паўднёвы раён Іспаніі, лічыцца найбольш каталіцкай і веруючай у гэтай краіне. Менавіта таму традыцыі Сэманы Санты тут найбольш прыгожыя і знаныя. Пры гэтым амаль у кожнай еўрапейскай краіне поўдзень лічыцца найбольш традыцыйным і веруючым. Паўднёвыя рэгіёны Італіі, Баварыя ў Нямеччыне – гэта каталіцкія сэрцы гэтых дзяржаў. Чаму так? Ёсць шмат прычынаў, аднак, напэўна, галоўная -гэта аграрны характар гэтых правінцый, а сяляне заўсёды былі блізка Бога.
У Малазе ўсё кіпіць і віруе. У цэнтры паўсюль мантуюць трыбуны, з якіх найбольшая колькасць людзей можа назіраць за працэсіямі. Частка вуліц ужо рыхтуецца да закрыцця. Вялікі тыдзень у Іспаніі – афіцыйна выходны. У нас ва ўніверсітэце ужо ў пятніцу вольны дзень. У горадзе значна прыбыла турыстаў, кажуць, што на Сэману Санту іх тут з’едзецца тысячы і тысячы.
Тут нармальна убачыць на крамах плакаты з рэкламай працэсіі пэўнага душпастарства. Справа ў тым, што шмат уласнікаў ці проста працаўнікоў крамаў належаць да адной з арганізацый, таму кожны рэкламуе сваё. Кожны вечар на маленькіх вулачках можна сустрэць рэпетыцыі працэсій. У горадзе проста пахне святам. Існуе нават старонка ў інтэрнэце, на якой можна знайсці ўсю інфармацыю: якая працэсія, калі, дзе, а якой гадзіне. Там таксама ёсць апісанне кожнага душпастарства, якое існуе ў Малазе. Таксама іспанцы звязваюць гэты час з магчымасцю падпрацаваць, бо ў цяжкія часы крызісу гэта вельмі дарэчы, а падчас такіх вялікіх святаў попыт і патрэба ў працоўнай сіле павышаецца. Таму пачуць ад сяброў адказ “працаваць” на пытанне “Што будзеш рабіць на Сэману Санту?” тут вельмі распаўсюджана.
Такія вось справы ў Малазе. Шкада толькі, што ўсё гэта мае ўсё менш рэлігійнага значэння. І ўсё часцей жыхары Малагі пасля працэсіі ідуць у бар ці кафэ, каб выпіць халоднага піва і пацешыцца, як прыгожа ўсё і ўрачыста. Працэсіі ўсё больш робяцца часткай культуры, а не перажывання сваёй веры.
Як выглядае іспанскі горад за два тыдні да Вялікадня – глядзіце на здымках у галерэі.
Арцём Ткачук