Першага сакавіка, ужо другі год запар, у Малазе адбыўся Крыжовы шлях, арганізаваны прадстаўнікамі тутэйшых сродкаў масавай інфармацыі. Падчас набажэнства журналісты разважалі пра сучасныя праблемы: наркаманію, прастытуцыю, беспрацоўе, войны, засілле і шматлікія іншыя.
Вельмі прыемна, што гэтая ініцыятыва зыходзіць менавіта ад мясцовага душпастырства працаўнікоў СМІ. Разважанне да кожнай стацыі чыталі прадстаўнікі 14-ці мясцовых газетаў, радыё і тэлебачання. Зразумела, што іспанцы пазнавалі галасы вядучых праграмаў на радыё і тэлебачанні, і гэта, напэўна, надавала асабістай інтымнасці словам, якія былі прачытаны.
Падчас Крыжовага шляху спяваў хор з парафіі Святой Марыі Вікторыі (Coral Santa María de la Victoria) і Гурт трубаў і барабанаў ад няволі (La banda de Cornetas y tambores del cautivo). І калі спевы былі класічнымі, дык творы, якія граў гурт, былі вельмі характэрнымі для мясцовай музыкі, аднак майму славянскаму вуху да гэтага трэба прызвычаіцца.
Цікава, што набажэнства адбываецца ў старажытным Рымскім тэатры, які мае ўжо больш за 2 тысячы гадоў. Пры гэтым тэатр быў адкрыты археолагамі ўсяго каля 30-ці гадоў таму непасрэдна каля ўзгорка, на якім знаходзіцца старажытны арабскі замак. Уся гэтая гісторыя дадае пэўнай сімволікі і магічнасці цэлебраванаму набажэнству.
Трэба дадаць, што ў цэлым каталіцкае жыццё Малагі бурліць, рыхтуючыся да Вялікадня. Паўсюль адбываюцца спатканні, рэкалекцыі і іншыя акцыі. У мінулую нядзелю ва ўсіх парафіях Андалузійскай дыяцэзіі дзякавалі Богу за папу Бенедыкта XVI.
Такім вось чынам праходзіць гэты Вялікі Пост у гэтай маленькай частцы свету.
Відовішча Крыжовага шляху ў Малазе, як і музыка, якая яго суправаджае, уражваюць:
Арцём Ткачук