Гэтым разам мой артыкул будзе трошкі далёкі ад тэматыкі жыцця касцёла ў Іспаніі. Напісаўшы экзамены, разам з сябрам я выбраўся ў падарожжа ў Марока. У сённяшнім артыкуле хачу прапанаваць некаторыя разважанні пра гэты край і тое, што мне падалося цікавым да апісання.
Калі перасякаеш мяжу Іспаніі і Марока, то адразу адчуваецца, што перасякаеш не толькі культурны бар’ер, але хутчэй і цывілізацыйны. Там усё па-іншаму, па-іншаму ў сваім глыбінным падыходзе да жыцця. Гэта не значыць, што там вы не сустрэнеце мабільных тэлефонаў альбо інтэрнэту. Усё гэта там ёсць, як і ў большасці краінаў свету. Розніца заключаецца ў іншым.
Трэба мець на ўвазе, што Марока – гэта мусульманская краіна. Хрысціяне, габрэі і прадстаўнікі іншых веравызнанняў складаюць усяго 1% ад насельніцтва. У кожнай мясцовасці ёсць мінарэт, у вялікіх гарадах, адпаведна, вельмі шмат. З гэтых вежаў пяць раз на дзень людзі заклікаюцца да малітвы. Пры гэтым месцы для малітвы там паўсюдныя. На кожным вакзале, у кожнай публічнай установе ёсць пакоі для малітвы. Хоць я нават бачыў людзей, якія маліліся проста на месцах працы ці на вуліцы. Таксама хацеў бы дадаць, што не трэба ўяўляць, што калі з мінарэту пачынаецца спеў, усе ўсё кідаюць і пачынаюць маліцца. Жыццё на вуліцы ідзе сваім ходам і толькі некаторая частка людзей прыглядаецца, дзе б гэта ўкленчыць. Цікава таксама, што шмат разоў сустракаў у прыбіральні мужчын, якія мылі рукі да локця, а таксама здымалі абутак і мылі ногі. Так рыхтуюцца да малітвы і на гэта ніхто не звяртае ўвагі.
Шмат жанчынаў на вуліцах носяць хусты на галаве, альбо г.зв. “хіджаб”. У цягніку запытаўся ў адной дзяўчыны, чаму некаторыя жанчыны маюць, а некаторыя не. Дык яна мне адказала, што так напісана ў Каране, але кожны мусіць выбіраць сам. Яна дадала, што вельмі любіць Алаха і таму яна асабіста носіць хіджаб. Апроч хіджабу многія жанчыны апрануты ў гт.зв. “кафтан”, традыцыйную сукенку ад пят да шыі. Пры гэтым, як мне падалося, чым далей едзеш на поўдзень краіны, тым колькасць жанчынаў у хіджабах і кафтанах робіцца большай. Цікава, што на вуліцах часта сустракаеш групы дзяўчат, з якіх адныя ідуць з павітай галавой, а іншыя не. Увогуле дык мне падалося, што не толькі хрысціянскія краіны церпяць ад працэсу секулярызацыі. Хоць, канешне, прабыўшы 10 дзён у якасці турыста, цяжка меркаваць.
Шмат мужчын носіць традыцыйнае “чыляба”, альбо доўгую туніку з каптуром. Старэйшыя людзі дык усе апранутыя ў гэтае адзенне, маладыя менш. Увогуле падаецца, што ў цэлым па адзенні можна зразумець, наколькі чалавек рэлігійны.
Паводле Карана мусульманін не можа піць алкаголь. І з гэтым у Марока строга. Каб прадаваць алкаголь, крама альбо рэстаран мусяць мець спецыяльную ліцэнзію. Пры гэтым кошты ў разы вышэйшыя, чым у Еўропе. За ўсе дні побыту я не бачыў ніводнага п’янага чалавека, а вечарамі, седзячы ў якім-небудзь бары ці кафэ і гледзячы футбол, мужчыны п’юць каву ці гарбату. Перасякаючы мяжу, не-грамадзянін Марока можа мець пры сабе ўсяго адну бутэльку чаго-небудзь, і гэта строга правяраецца. У адным з законаў дзяржавы прапісана, што мусульманін-мараканец не можа піць алкаголь.
У Марока існуе таксама маленькае хрысціянскае жыццё. У сталіцы – Рабаце - сустрэў адзін праваслаўны храм. Як пазней аказалася, гэта парафія налічвае ўжо больш за 80 гадоў. З гэтым храмам звязана цэлая гісторыя. Вось тут знаходзіцца старонка гэтай святыні, дзе можна пазнаёміцца з тамтэйшым праваслаўным жыццём. Насамрэч і спаткалі мы з сябрам гэтую царкву выпадкова – трошкі заблукалі, а пасля я аж прысеў, як здалёк убачыў крыж. Гэта было прыемнай неспадзяванасцю - убачыць сярод мінарэтаў крыж Хрыстовы.
Касцёлы я таксама сустракаў, але на поўначы Марока. Справа ў тым, што краіна да 1956 года была пратэктаратам Францыі, Іспаніі і часткова правы там мела Германія. Таму некаторыя каталіцкія місіі яшчэ існуюць. Імшы адбываюцца па-французску. У Тангеры, на беразе Гібралтарскага праліву бачыў таксама кляштар сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты. Паверце, калі такое бачыш пасля 10 дзён падарожжа па абсалютна мусульманскай краіне, сэрца ёкае і хочацца проста абняць гэты будынак.
Цікавы факт. Некаторыя нашыя мусульманскія суразмоўцы першымі пачыналі тэму адзінства хрысціянаў і мусульманаў, што “мы ўсе ходзім пад адным небам” і г.д. На пачатку я не звяртаў на гэта ўвагу, але пасля шэрагу размоваў гэта стала цікавым. Магчыма, у іхным грамадстве гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца, альбо гэта пэўная добразычлівасць. Як бы ні было, з гэтым мы сустракаліся неаднарозова і ў цэлым магу сказаць, што стаўленне да нас, “белых людзей”, было дастаткова паважлівае. Не ўлічваючы факту, што кожны толькі і наравіць выцягнуць з турыста еўра-два.
Што ж датычыцца прыгажосці краіны, дык тут няма чаго распісваць. Сахара, паўночнае узбярэжжа, горы Атлас уражваюць, уражваюць і яшчэ раз уражваюць. На фотаздымках гэта ўсё можаце пабачыць. Такім мне падалося Марока, такім мне падалася частка гэтага так рознакаляровага свету.
Калі ў кагосьці ёсць пытанні, дык ахвотна адкажу. Мой мэйл Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.. А вось тут знаходзіцца мой прыватны відэаблог (прабачце, па-польску), там можна пабачыць кароткія відэа з цікавых месцаў.
Арцём Ткачук