Праз 10 дзён пачынаецца Вялікі пост. У нас у хаце мы ніколі не мелі якіх-небудзь спецыяльных традыцый ці вечарынаў у гэтыя дні, як і ў абсалютнай большасці беларускіх сямей. У Іспаніі ж усё наадварот. У апошні тыдзень перад саракадзённым пастом паўсюль пачынаюцца вядомыя на ўвесь свет карнавалы. Пра гэтае свята танца, смеху, песняў і добрага пітва сёння я хацеў бы трохі паразважаць.
У цэлым карнавалы на сваім пачатку былі паганскімі святкаваннямі, напрыклад святкаванні ў гонар Бака, бога віна. Пазней жа хрысціяне перанялі гэтую традыцыю і, як і шмат іншых рэчаў і з’яваў, “ахрысцілі”. У гэтым няма нічога дрэннага, бо добрая вечарына таксама неабходна чалавеку, як і хвіліны смутку і задумы. У цэлым жа слова карнавал мае некалькі значэнняў. Напрыклад, з лацінскай carne-levare „заставіць цела”, альбо пазнейшае італьянскае carnevale „час, калі можна есці“ і г.д. І як не круці, карнавал заўсёды быў часам нашых запустаў, толькі нашмат больш працяглых і гучных. А гэта значыць, святкаванне заўсёды насіла таксама рэлігійнае значэнне.
Тут, у Іспаніі, да карнавалаў рыхтуюцца вельмі грунтоўна, і людзі ўжо заранёў шыкуюць касцюмы і таксама арганізоўваюць час, каб у дні гэтых дэфілядаў быць вольным. Усе мае знаёмыя едуць у горад Кадзіз, дзе адбываецца адзін з найгучнейшых карнавалаў. У Малазе ўжо ўсё пачалося. Неверагодныя спевы, рытмы пад якія ногі самі пачынаюць падскокваць, тысячы розных касцюмаў, феерверкі і салюты, мора пазітыву і проста асяроддзе, у якім хочацца быць. Тут ёсць толькі радасць. Ёсць толькі адное "але".
Іспанцы (і не толькі яны) у сваёй большасці не звязваюць карнавал з чымсьці рэлігійным. Усё гэта вынік таго, што моладзь нават і не ведае, што такое пост. І так хацелася б, каб усе разам, увесь горад сабраўся на св. Імшу, разам памаліўся і пасля, як кажуць, “даў жару”, каб сцены аж дрыгацелі ад музыкі і людской радасці. Вы хочаце сказаць, што за наіўнасці я пішу? А чаму не? Можа, таму, што ў пэўным моманце мы, католікі, проста аддалі наш карнавал, можа, проста навучылі новыя пакаленні прыгожаму афармленню, але глыбінны сэнс застаўся на ўзбочыне?
Я люблю карнавал. Сёння вечарам, калі быў на св. Імшы, было немагчыма пачуць святара, бо горад проста гудзеў. І сэрца сціскалася, бо навокал столькі людской радасці, аднак касцёл быў на ўзбочыне. Бог быў на ўзбочыне. Ён як бы застаецца незапрошаным на ўсё гэта. Карнавал мусіць быць. Мы, хрысціяне, мусім быць вясёлымі. Мы павінны пераказваць карнавал іншым. Бо карнавал без Вялікага посту і сэнсу не мае. Так, адна з фіестаў. З Богам жа ўсё набывае сэнс. Мы з радасцю ўваходзім у сорак дзён цішыні, каб з новай сілай пазней ударыць у барабаны і ў радасным танцы жыцця раскаліць падэшвы нашых сандаляў. І так хацелася б, каб усімі разам.
Арцём Ткачук