Пасля занятка з аднагрупнікамі паехалі ў цэнтр на кубак гарачага шакаладу і з’есці некалькі іспанскіх чуррас. Развітаўшыся, лячу ў касцёл св. Якуба, бо там сёння незвычайны госць. У Малагу на адну ноч прывезлі копію абраза Маці Божай Чанстахоўскай, якая вандруе з Уладывастоку да Фацімы.
У чым тут справа? Арганізацыя Human Life International вырашыла прыцягнуць увагу да праблемы абортаў прабегам больш за 32 000 км . Абраз Маці Божай Чанстахоўскай пачаў сваю вандроўку ў чэрвені 2012 года недалёка ад Уладывастоку, на беразе Ціхага акіяна. Праз усю Расію, Казахстан, абсалютную большасць краінаў Еўропы Маці Божая прыбыла ў Малагу. Арганізатары затрымліваюцца ў розных населеных пунктах, дзе з мясцовымі вернікамі моляцца ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей. Акцыя мае сваю старонку ў сеціве. Там апісваюцца ўсе прыгоды і месцы, дзе пабывала выява Марыі.
У касцёл я прыехаў трошкі раней. Мясцовыя палякі вывесілі вялікі бела-чырвоны сцяг на святыні, у якой адбывалася перэгрынацыя. Абраз Маці Божай ужо быў у касцёле, мясцовыя вернікі ва ўсю рабілі здымкі на свае айфоны, жанчыны каля мяне нешта абмяркоўвалі, дзеці, як заўсёды, гарэзліва пішчалі і бегалі па касцёле. Трошкі пазней пачаўся Ружанец, пасля яго св. Імша.
Абраз Маці Божай Чанстахоўскай надаваў касцёлу (у якім, дарэчы, быў ахрышчаны вядомы Пабла Пікаса) нейкую польскасць, а значыць, свойскасць, уласцівую нашым славянскім традыцыям. Было ўзнёсла, было проста добра. Адчуваеш сябе, як быццам ты не ў Іспаніі, а гэта Іспанія ў Польшчы.
На малітву прыйшло шмат сямей з дзецьмі. Па чарзе яны падыходзілі, каб праводзіць малітву. Тутэйшай секулярызацыі проста немагчыма не заўважыць. Шмат ужо не маленькіх дзяцей не ведала "Вітай, Марыя", не кажу ўжо пра іншыя малітвы, якія складаюць Ружанец. І гэта яшчэ тыя, хто прыходзіць у касцёл.
Аднак Маці Божая прыходзіць да кожнага, у Малагу і Парыж, Мінск і Маскву. Напэўна, гэта цяжка зразумець - як веруючым, так і няверуючым. На наступны дзень абраз працягвае сваю вандроўку да Фацімы. Адсюль ужо зусім блізка.
Гэты прабег у гонар сям’і і абарону ненароджаных дзяцей хутка скончыцца. Аднак кожны з нас штодзень сустракаецца з праблемамі сям’і ў сучасным грамадстве. Таму гэты прабег павінен застацца ў нас, наша жыццё павінна набыць уласцівасці гэтага прабегу. Бо як па-іншаму?
Арцём Ткачук