Еўропа пабудавана на фундаменце хрысціянскіх каштоўнасцяў. Як б не складваўся ход рэчаў, гэты факт проста немагчыма нейкім чынам зарэтушаваць. Шмат людзей упарта даказвае, што ўсе дасягненні сучаснай Еўропы былі зроблены пасля вырвання яе з путаў рэлігійнага цемрашальства. Што ж, кожны мае права на свой пункт гледжання. Каб супрацьстаяць гэтай думцы, я пачну з найменшага: трохі распавяду пра назвы вуліц і плошчаў у іспанскай Малазе.
Вялізная колькасць вуліц тут названа імёнамі святых альбо іншымі багаслоўскімі і біблійнымі тэрмінамі і паняццямі. Тут вам і вуліца св. Францішка, і Катэдральная, і св. Марыі, і Езуса Хрыста Укрыжаванага, і св. Духа і яшчэ сотні іншых. Для мяне, як для хрысціяніна-католіка, гэта проста прыемна чуць. Асабліва пасля шэрагу аднолькавых назваў вуліц у Беларусі – “Касманаўтаў”, “Савецкая”, “Ленінская”, “Дзяржынскага” і “Чырвонаармейская” - гэта сапраўды робіць прыемнае ўражанне. Кожны раз, кажучы “давай сустрэнемся на пляцы святога Духа”, мы ў пэўным сэнсе дабраслаўляем гэта месца. Свядома ці не. Пры гэтым колькасць гэтых вуліц і плошчаў настолькі вялікая, што немагчыма казаць пра тое, што тутэйшыя прашчуры не мелі з хрысціянствам нічога агульнага.
Таксама цікава, што на мясцовых сценах дамоў можна сустрэць выявы св. Марыі, альбо Езуса, альбо маленькую каплічку ці крыж. Гэта заўсёды цешыць вока веруючага чалавека, хоць у Малазе я не сустрэў ніводнага чалавека, які б, праходзячы каля касцёла (я не кажу ўжо каля такой выявы), перахрысціўся б.
Ідзеш дадому пасля цяжкага дня, а тут табе выява Хрыста, які благаслаўляе, і пасля гэтага неяк і настрой узнімаецца, і сілы неабходныя знаходзяцца. Ад гэтых сімвалаў, як пісаў Барадулін, “рунее зямля”.
Гэтыя назвы вуліц і плошчаў існуюць не толькі ў Малазе, але ў кожным еўрапейскім горадзе. У Польшчы нават у разы больш. На жаль, беларусам гэта невядома, бо віхура камуністычнага атэізму забрала з сабою не толькі гэтую спадчыну, але нават цэлыя касцёлы і шмат вернікаў.
Магчыма, назвы вуліц не так і важныя ў нашым жыцці. Амерыканцы ўвогуле даюць вуліцам толькі нумары. Аднак гэтыя назвы сведчаць пра тое, што тутэйшыя жыхары хацелі, каб Бога было больш у штодзённасці, каб не зачыняць Яго толькі ў сценах касцёлаў. Бо мы, людзі, заўсёды ў віхуры абавязкаў і працы ўсё перажываем і страчваем усмешкі. Аднак заўважыўшы на якой-небудзь вуліцы прыгожую выяву св. Марыі, неяк заўсёды натхняльна думаецца: “Не перажывай, усё будзе”.
Арцём Ткачук