Арцём Ткачук працягвае знаёміць гарадзенцаў з жыццём каталікоў у Іспаніі. Гэтым разам чытайце рэпартаж з акцыі іспанскай "Карытас". Штогадовы флэшмоб, арганізаваны каталіцкай дабрачыннай арганізацыяй “Карытас” супольна з іншымі таварыствамі, якія займаюцца гэтай праблематыкай, адбыўся ў Малазе 22 лістапада. Акцыя адбылася пад лозунгам “Існуюць правы, не падарункі. Ніхто без хатняга прытулку”.
Гэты флэшмоб стаў актам салідарнасці з мэтай патрабавання больш эфектыўнага выканання правоў для бяздомных людзей. На дзвюх вуліцах горада таксама былі арганізаваны інфармацыйныя сталы.
Людзі сабраліся на адной з галоўных плошчаў горада, апранутыя ў чорнае адзенне з белымі маскамі на тварах. Гэта было сімволікай таго, што грамадства не бачыць бяздомных людзей, іх твары для нас - гэтая белая пляма. Пазней былі прамовы арганізатараў, раздаваліся ўлёткі. Трэба адзначыць, што на флэшмобе прысутнічалі маладыя і сталыя людзі, інваліды, сем’і. І хоць гэта была сярэдзіна працоўнага дня, кожны знайшоў час, каб прыйсці.
Справа ў тым, што па падліках “Карытас” у Іспаніі прыкладна ад 26 да 30 тысяч чалавек жыве на вуліцы. Пры гэтым 45% гэта імігранты, каля 10% асоб маюць універсітэцкую адукацыю, цытуе арганізацыю газета “El Mundo”. У гэтым годзе колькасць людзей без даху над галавой павялічылася на 2%.
Што датычыцца Малагі, то тут, па звестках ”Карытас”, 547 асобаў было дададзена ў спіс бяздомных у гэтым годзе, з іх спяць на вуліцы 114. Пры гэтым абсалютная большасць з іх - гэта мужчыны ад 36 да 55 гадоў. Таксама працэнт маладых асоб сёлета павялічыўся на 13%.
“Карытас-Малага” падкрэслівае, што правы чалавека, як кажа сацыяльная дактрына Касцёла, з’яўляюцца магчымасцю, якую наш час прапаноўвае для таго, каб чалавечая годнасць шанавалася больш эфектыўна. Аднак праблема заключаецца ў тым, што асобы без даху над галавой робяцца для грамадства незаўважальнымі, і ў такім выпадку найбольш церпіць пашана да чалавека.
Арцём Ткачук