Як жывуць іспанскія студэнты духоўнай семінарыі
Арцём Ткачук працягвае знаёміць нас з жыццём каталіцкіх вернікаў у Іспаніі. Мінулым разам хлопец распавядаў пра адну з парафій Малагі, а таксама пра мясцовыя могілкі. Гэтым разам Арцём спрабуе паказаць свет навучэнцаў мясцовай духоўнай семінарыі.
Часта мае сябры, клерыкі Гродзенскай вышэйшай семінарыі, пры размовах з гродзенцамі на пытанне, дзе вучацца, адказвалі: “А мы адтуль, з горачкі”. Некаторыя адразу разумелі, іншыя не. Сёння я накіраваўся на ўзвышша ў Малазе, каб паглядзець, як жывуць людзі, якія пакідаюць гарадское жыццё і ідуць вучыцца на “горачку”.
Месца, дзе знаходзіцца Дыяцэзіяльная семінарыя ў Малазе, насамрэч адмысловае. З узвышша горад бачыцца як на далоні, усё проста патанае ў кветках, розных пальмах і іншых зялёных насаджэннях. Пакуль я чакаў каго-небудзь, хто б распавёў пра тутэйшае жыццё-быццё, паспеў агледзець усе будынкі звонку і зрабіць патрэбныя фотаздымкі. Бачу, насустрач крочыць нізенькі чалавек старэйшага ўзросту з каларадкай на шыі. Ён працягвае руку і прадстаўляецца: “Франсіска Гансалес, рэктар семінарыі”. Размова адразу пацякла ракой.
Айцец заводзіць мяне ў пакой, і я пачынаю яго распытваць. Тут вучыцца 20 клерыкаў. Каб паступіць, трэба мець поўную сярэднюю адукацыю. У асноўным сюды прыходзяць хлопцы пасля ўніверсітэтаў. Ёсць адвакат, доктар гуманітарных навук, людзі пасля тэхнікумаў. “Я і сам скончыў эканоміку і кіраванне на прадпрыемстве,” – усміхаючыся, кажа кс. Франсіска.
Звычайны дзень алюмна падобны да распарадку нашых хлопцаў у Гродне. А палове 7-й ранішнія малітвы, праз гадзіну сняданак, яшчэ праз гадзіну ўсе ідуць на заняткі. Пасля заняткаў абед, з 16 да 20 час на вучобу альбо іншыя абавязкі, а 20-й св. Імша і пасля 21 гадзіны трошкі вольнага часу. Кожныя выходныя месяца распісаны: “Адныя выходныя хлопцы праводзяць у парафіі, у якую маюць накіраванне, другія надведваць бацькоў і сям’ю, трэція выходныя адведзеныя для больш інтэнсіўнай вучобы. Апошнія заўсёды праводзім у семінарыі на духоўных разважаннях,” - загібаючы пальцы, пералічвае мой суразмоўца.
Пытаю: “Як са спортам, сябруеце?” “Канешне! Хто хоча - бегае, хто хоча - грае ў футбол,” - кажа ксёндз рэктар - “Адзін наш хлопец дык усё ў гарадскіх марафонах удзельнічае. Але ўсё спалучаем з парадкам і магчымасцямі, бо ўсё-такі пэўны абавязковы распарадак павінен быць,” - дадае айцец. Семінарысты тут маюць заняткі па англійскай і нямецкай мовах. Малага – горад вельмі насычаны людзьмі з усяго свету, таму веданне мовай вельмі важнае. Таксама ёсць дадатковыя заняткі па гранні на гітары і аргане, у панядзелак вечарам заняткі па спевах.
Цікава, што людскі лёс часам выдае такія піруэты, што чалавек прыязджае ў Іспанію, каб працаваць, а пасля кідае працу і ідзе тут вучыцца ў семінарыю. У гэтай альма матэр ёсць адзін такі хлопец з Мексікі. Папрацаваўшы пяць ці шэсць гадоў у Малазе, вырашыў, што ўсё-такі хоча быць святаром. Вось цяпер вучыцца тут. Ёсць таксама хлопец з Парагваю і Украіны. Першы прыехаў вучыцца на архітэктара і вельмі хутка змяніў профіль, а другі – сын грэка-каталіцкага святара, які, пажыўшы трошкі ў Іспаніі, вырашыў стаць ксяндзом, але ўжо па рыма-каталіцкім абрадзе. “Можа, і ты што надумаеш,” - падміргваючы вокам, кажа мне кс. Франак.
Пасля семінарыі шмат ужо святароў едзе на некалькі гадоў на місіі ў Афрыку альбо Лацінскую Амерыку. Ксёндз рэктар і сам 13 год кожные лета ездзіў у Парагвай дапамагаць тамтэйшым місіянерам. “Як вы прыйшлі да святарства?” - пытаюся. “Ну што тут сказаць. Скончыў універсітэт, меў добрую працу на фабрыцы, зарабляў добрыя грошы, усё было, але штосьці ўсё мяне мучыла, штосьці тачыла сэрца. Пачаў хадзіць на вечаровыя курсы тэалогіі, кінуў працу і вось цяпер я тут. Бацька сказаў, наш дом – твой дом. Усе аднесліся з павагай і разуменнем,” - адказаў айцец.
Ксёндз рэктар пасля шматгадовых летніх “падпрацовак” у Парагваі заснаваў “Асацыяцыю Парагвая ў Малазе”. “Дапамагаем людзям з Парагвая чым можам. Маем кампутарныя курсы, курсы педыятрыі, іспанскай мовы, фальклору, два адвакаты дапамагаюць вырашаць розныя пытанні эмігрантам, дапамагаем шукаць людзям працу. Матэрыяльна таксама дапамагаем. Мы ўсім стараемся дапамагаць, не замыкаемся толькі на людзей з Парагвая,” - распавядае кс. Франсіска. Ён паказвае мне сваю зацёганую картку ўдзельніка, дзе закрэслены амаль усе месяцы членскіх узносаў па пяць еўра.
Заканчваем размову пытаннем “Што ведаеце пра Беларусь?”. Сустракаю знаёмы здзіўлены твар. “Я ведаю больш пра Расію, Украіну, а пра Беларусь дык нічога асабліва. Час ад часу бачу навіны пра ваш край, але больш нічога”, - адказвае ксёндз. “Ну дык некалькі словаў да нашага беларускага Касцёла,” - кажу я. “Вы маленькі Касцёл, а значыць, больш згуртаваны і аўтэнтычны. Трымайцеся сваіх каштоўнасцей, здабывайце іх вялікай верай. Вы мусіце быць “атрыумам для язычнікаў”, паўтарачы за папам Бенедыктам. Самае галоўнае -шмат маліцца, несці сведчанне сваім жыццём і мець шмат любові і ласкі,” - з неверагодным запалам проста выпальвае святар.
Магчыма, людзі тут размаўляюць на іншай мове і маюць іншае стаўленне да многіх рэчаў, аднак галоўнае, што ў іх вачах бачны той жа бляск і тая ж гарачыня Хрыстовага Уваскрасення, якія маюць вернікі ў кожным кутку свету.