Могілкі - гэта асаблівае месца. Месца не толькі пахавання нябожчыкаў, але і месца, дзе людзі задумваюцца над сваім жыццём, успамінаюць былое і, напэўна, думаюць пра будучыню. Арцём Ткачук вырашыў апісаць, як выглядаюць могілкі ў Іспаніі, а канкрэтна ў горадзе Малага.
Непасрэдна ў сталіцы Андалузіі ёсць трое могілкаў. Горад налічвае каля шасцісот тысяч жыхароў. Улічваючы тое, што на англіканскіх могілках хаваюцца толькі пратэстанты (якіх у Малазе няма і аднаго працэнта ад агульнай колькасці жыхароў), можна сказаць, што мясцоваць мае толькі два месцы пахавання. “Чаму так мала?” - спытаецеся вы. У Іспаніі абрад трупапалажэння не адбываецца так, як у Беларусі. На могілках збудаваны прамавугольныя шматузроўневыя канструкцыі, куды цела ўкладваецца ў адмысловае месца і замуроўваецца. Таксама тут вельмі распаўсюджана крэмацыя. Можна таксама ажыццявіць трупапалажэнне аднолькава, як у Беларусі, аднак тут гэта не распаўсюджана асаблівым чынам. Цяпер некалькі словаў пра самыя могілкі.
Каталіцкія могілкі св. Мігэля (якія сёння належаць гарадскому самакіраванню, раней жа каталіцкай царкве) – гэта архітэктурны помнік. Былі заснаваныя ў пачатку 20-га ст, каб хаваць нябожчыкаў з багатых родаў не ў касцёлах, а ў спецыяльных месцах. Гэта пастанова была зроблена з санітарных мэтаў. Цікава, што на гэтых могілках няма асобных пахаванняў. Тут мы можам сустрэць толькі фамільныя склепы. На гэтых прыгожых збудаваннях напісана, да якога роду яно належыць, пры гэтым увайсці туды могуць толькі прадстаўнікі фаміліі. Традыцыя родавых склепаў актуальная і для сённяшняга дня. Праз краіну не праходзіла хваля раскулачванняў і ссылак, як гэта адбылосяў нас, таму колішнія магнацкія фаміліі працягваюць сваё існаванне. Тут я сустракаў таблічкі як з 19-га, так і з 21-га ст. Цікава, што паўсюль растуць мандарынавыя дрэвы і, ідучы па могілках у лістападзе, дарожкі засыпаныя не лісцем, а мандарынамі.
Могілкі св. Хуана – гэта сучасныя могілкі. Яны ўсе застаўленыя канструкцыямі, пра якія я ўзгадваў вышэй. Калі людзі прыходзяць да месца пахавання свайго роднага, то кветкі складваюць на адмысловых падваконнічках, якія ёсць ля кожнай памятнай табліцы. Шмат хто таксама кладзе тут крыжыкі, іконкі, выявы святых. Традыцыя прымацавання здымку памерлага тут адсутнічае.
Англіканскія могілкі св. Генрыха – гэта гісторыя ў гісторыі Малагі. Чаму тут ёсць пратэстанцкія могілкі? Справа ў тым, што раней смерць чалавека некатоліка ў Іспаніі была жудаснай праблемай. Такога нябожчыка ўвогуле было немагчыма пахаваць на гарадскіх могілках, бо ўсе месцы пахаванняў належалі каталіцкай Царкве. Мясцовыя традыцыі ў Малазе забаранялі хаваць днём такіх людзей. Па звычцы целы спальваліся на беразе мора ў вертыкальным становішчы і попел “аддаваліся хвалям”. Калі ў 1831 годзе тут адбыліся першыя пахаванні, гэта былі першыя некаталіцкія могілкі на тэрыторыі кантынентальнай Іспаніі.
Варта згадаць, што ўсё хутчэй нагадвае парк, а не месца пахавання. Паўсюль кветкі, дэкарацыі, фігуркі, лавачкі. Тут усё хутчэй дыхае жыццём і нічога не нагадвае пра смерць. Мясцовы ахоўнік сказаў мне, што ў такім месцы трэба думаць пра свае жыццё, а не пра смерць. Нельга было не пагадзіцца. Пахаванні ж не адрозніваюцца ад пахаванняў на іншых могілках. Цікава толькі, што нябожчыкі паходзілі з розных краінаў светаў і я не сустрэў ніводнага іспанца.
Такім чынам пахавальная традыцыя выглядае ў Іспаніі. Аднак горыч аб памерлых у розных краінах не адрозніваецца, як не адрозніваецца і мяжа зямнога жыцця, праз якую кожны чалавек, незалежна ад культуры і рэлігійнай прыналежнасці, праходзіць. Для кожнага важна апынуцца на добрым баку таго свету.