Парафія належыць да дыяцэзіі Малага, тут служаць тры святары. З адным з іх, кс. Ігнасіё Манція дэ Лёс Рыос, я і паразмаўляў пра асаблівасці жыцця каталіцкай парафіі ў Іспаніі і не толькі.
Пасля св. Імшы заходжу ў закрыстыю, кс. Ігнасіё сустракае мяне усмешкай і ў чарговы раз не можа прыпомніць маё імя. Папрасіў пачакаць 5 хвілін, бо хтосьці папрасіўся паспавядацца. Гэтая кароценькая мітусня пасля св. Імшы выглядае так жа, як у Беларусі. Адчуваеш сябе ў родным месцы. Няважна, дзе яно знаходзіцца.
Бачу, што айцец скончыў спавядаць, заходжу да яго ў кабінет. Сівавалосы, трошкі прыгорблены, але на свае 80 гадоў выглядае цудоўна. За плячыма мае 55 гадоў святарства. Ён карэнны жыхар Малагі. Тут нарадзіўся, тут вучыўся, тут у езуіцкім калегіюме ў старэйшых класах задумаўся пра сваю будучыню і пакліканне да святарства. Цікава, што калегіюм быў названы ў гонар польскага святога Станіслава Косткі. Сям’я не была супраць таго, што хлопец пайшоў вучыцца ў семінарыю. “У тыя часы гэта было нармальна”, - кажа кс. Ігнасіё. Пасля 6 гадоў фармацыі і навукі ў семінарыі ў Малазе і атрымання сану пачаў працаваць у адной маленькай вёсачцы. Праз два гады паехаў на місіі ў Венесуэлу. “За тры гады працы там я зразумеў, што калі едзеш на місіі, перш за ўсё ты едзеш дапамагаць і толькі пасля вучыць чамусьці людзей”, - кажа мой суразмоўца.
Айцец распавядае, што ў тыя часы многія місіянеры з Іспаніі хібілі гэтым, бо, прыязджаючы з Еўропы ў адсталую Лацінскую Амерыку, не спраўляліся са сваімі амбіцыямі. Місію кс. Ігнасіё скончыў, бо ў Іспаніі памёр бацька. Ён старэйшы ў сям’і, і ў той момант маці засталася з яго малодшымі адзінаццаццю братамі і сёстрамі. Таму ён вярнуўся ў Малагу, каб працаваць у касцёле, але таксама быць і бліжэй сям’і.
Аднак каб не закідваць мару пра місіянерства, на працягу чатырох гадоў кожнае лета на два месяцы ксёндз ездзіў дапамагаць адной місіі ў Нью-Ёрку. У асноўным ў гэтай парафіі на Брукліне працавалі з людзьмі з Лацінскай Амерыкі, найбольш з Пуэрта-Рыка. Кажа, што пасля эміграцыі ў ЗША абсалютная большасць з іх не змагла прыстасавацца да амерыканскага стылю жыцця. Кс. Ігнасіё тлумачыць, што “дзеці эмігрантаў знаходзіліся ў вельмі незвычайным становішчы, бо ў Пуэрта-Рыка іх ужо не прымалі за сваіх, у Злучаных Штатах ж таксама”.
“Місіі навучылі мяне працаваць з моладдзю, пашыралі мой кругагляд, навучылі глядзець і ўспрымаць свет больш глабальна”, - падкрэслівае мой герой. У парафіі св. Марыі Пераможнай (Santa María de la Victoria) святар працуе ўжо дваццаць другі год. Адзінаццаць у якасьці плябана. Вельмі шмат гадоў было аддадзена працы з моладдзю. Кс. Ігнасіё выкладаў рэлігію ў школе. “Цяпер таксама нешта спрабую рабіць, але вядома гады даюць сваё і ранейшай спрытнасці ўжо ня маю”, - кажа ён.
“Як выглядае тыдзень у такой звычайнай парафіі, як гэта?”, - пытаюся я. “Хм, ну што тут сказаць,” - чую адказ. - “Дзве св. Імшы кожны дзень, у нядзелю – чатыры. Маем урокі рэлігіі для дзетак, для тых хто падрыхтоўваецца да Першай Камуніі, да сакраманту бежмавання, спатканні для дарослых, хор, музычны гурт, спатканні для маладых параў перад шлюбам”. Цікава, што падрыхтоўка да Першай Камуніі і сакраманту бежмавання працягваецца 3 гады, а вось парам перад сужэнствам трэба прайсці тыднёвы курс лекцый. Парафія налічвае прыкладна 10 тысяч жыхароў.
“Што ведаеце пра Беларусь?”, - з усмешкай цікаўлюся. З такой жа ўсмешкай атрымоўваю адказ што нічога. “Вы былі шмат часу ў складзе Савецкага Саюзу,” - імкнучыся сказаць хоць штосьці, падкідвае сівавалосы святар. Кажа, што быў у Чэнстахове, быў уражаны адданасцю людзей Маці Божай.
Цікава, дарэчы, што ў гэтым касцёле ёсць абраз Маці Божай Чанстахоўскай. Пытаюся пра гісторыю. Аказваецца, выява трапіла сюды, аднак кс. Ігнасіё кажа, што абраз быў тут яшчэ да яго прыезду.
“Што пажадаць касцёлу ў Беларусі?” - перапытвае гэты божы жаўнер. - “Быць блізка моладзі, быць свядомымі праблемаў, з якімі касцёл змагаецца ў Заходняй Еўропе. Памятайце пра новую евангелізацыю, пра якую ўвесь час паўтарае Папа Бенедыкт XVI і нясіце веру з радасцю, мы павінны дзяліцца верай радасці, не суму”. “Я вось 80 гадоў маю і ўсё радуюся”, - гарэзліва дадаў святар.
Арцём Ткачук