Кожны ёсць індывідуальнасць. Ва ўсялякім выпадку, кожны так думае. Даказаць супрацьлеглае не будзе складана, дастаткова кожнаму ўспомніць, да чаго ж часам цяжка паводзіць сябе як асоба, а не супакойваць сумленне тым, што “ўсе так робяць”.
“Усе так робяць” – гэта амаль чароўныя словы, якія ў імгненне вока пазбаўляюць ад пачуцця адказнасці. Спазніўся – “усе так робяць”, пачаў размаўляць матам і паліць – “ну ўсе ж так робяць”. Не так даўно адчула на сабе, як складана рабіць тое, што трэба, а не тое, чаго прагне большасць. Выявілі гэта абставіны, добра знаёмыя ўсім студэнтам: у пятніцу паставілі дадатковыя заняткі. Вядома, асаблівай радасці гэта не выклікала, бо ў апошні дзень перад выходнымі пра навуку ўжо аніхто не думаў. Пасля пар засталіся ўтрох. У апошні момант лянота ўзяла верх, і мы вырашылі паехаць дахаты. Рашэнне, знойдзенае калектыўным розумам, было паспешлівым і, што больш важна, не самым лепшым. Гэта я зразумела, калі да мяне патэлефанавала абураная выкладчыца. Тое, што я адчула, нават сорамам не назавешь, гэта было вострае жаданне выправіць зробленае. Выправіць не дзеля таго, каб пазбегнуць пакарання, а каб не было так крыўдна добраму чалавеку, які на працягу ўжо чатырох год вучыць нас і клапоціцца пра нас.
Дорага мне тады абышлося горкае “ўсе так робяць”, дастаткова дорага для таго, каб пасля доўгі час разлічваць толькі на сваю асобу. Не, я зусім не лічу, што меркаванне большасці ёсць нешта дрэннае (калі так думаць, то ўвогуле атрымаецца, што вакол адныя нікчэмныя людзі), не, проста з тых, хто слабей, лягчэй браць прыклад. Пра людзей, што чытаюць кнігі, ходзяць на выставы і ў тэатр, дапамагаюць пры неабходнасці нават незнаёмым, таксама можа сказаць “усе”. Так, і яны “ўсе”, толькі больш высокага ўзроўню, да якога цягам доўгіх год трэба цягнуцца. Іх складана ўспрымаць як ідэал, але кожны сам павінен выбіраць, да каго з “усіх” яму быць падобным, і за кім ісці…назад ці наперад.
Алена Ільгявічуце