На вуліцы дождж, жоўтае лісце згубіла сваю прывабнасць, стала брудна-карычневым. Калі глядзіш на яго, хочацца цяпла і, насуперак усялякай логіцы, снегу. Белага і чыстага, ад яркасці якога пачынаеш жмурыцца і з усмешкай глядзець на жыццё.
Для мяне пачаткам зімы заўсёды было шостае снежня – Мікалайкі. У гэты дзень я падымалася з ложка крыху раней і куды з большай ахвотай: ля печы ўжо чакала рознакаляровая шкарпэтка з цукеркамі ці новай лялькай. Але не гэта было галоўнай прычынай шчырай дзіцячай радасці, галоўным было, што да Каляд заставалася два з паловай тыдні!
Чакаць нараджэнне Збаўцы я пачынала яшчэ ў пачатку лістапада. Каб дні ляцелі хутчэй, рабіла сабе невялічкі каляндар, на якім закрэслівала кожны дзень, што прайшоў. Асаблівай асалодай было калі-некалі пачакаць тыдзень, каб у нядзелю закрэсліць аж сем дзён і пад імі чырвоным алоўкам напісаць, колькі часу яшчэ засталося.
Калі прыходзіла 24 снежня, маці, нягледзячы на тое, што гэта працоўны дзень, дазваляла не ісці ў школу: уперадзе была падрыхтоўка да вялікага свята, частачку якога давяралі і мне (кожны год я ўпрыгожвала елку). Жоўтыя, чырвоныя і сінія лямпачкі ў выглядзе невялічкіх ліхтароў, шары, што свецяцца ў цемры, і бліскучыя ледзяшы – усё гэта я з захапленнем разглядала і вешала на зялёныя галінкі. На каміне ля елкі заўсёды ставілі стары жлобак, што прывезла з Францыі яшчэ мая бабуля: анёлы ў ім схілілі галаву перад сынам Божым, жывёлы, каб выказаць пашану, сталі на калені. Найсвяцейшая маці глядзіць на сына з радасцю і сумам, які не перадаць і словамі.
Пасля таго, як на небе загаралася першая зорка, нашая сям'я сядала за стол. Пад белым абрусам ледзь чутна шапацела сена, што потым адносілі ў хлеў, каб скарміць каровам і трусам, на стале гарэла свечка. Малітву, як старэйшая асоба ў доме, пачынала бабуля. Маліліся ціха, шчыра, кожны за сябе і адзін за другога. Ламалі аплатак і складалі пажаданні: бабулі здароўя і даўгалецця, маме і таце шчасця, узаемапавагі і цярпення, нам, дзецям, добрага настрою і цікавасці да навукі.
Вечар праходзіў лёгка, з усмешкамі і радасцю – заўтра вялікае свята…
Алена Ільгявічуце