Хтосьці выкрадае ў дзяўчынак і хлопчыкаў іх дзяцінства: хвіліны, гадзіны, тыдні і месяцы, а з імі і гады. Адзін за адным.
Не верыце? Паглядзіце вакол. Ці падобныя дзеці 21 стагоддзя да тых, што былі раней, да дзяцей, а не да мініятурных копій дарослых. Сёння малыя застаюцца малымі ў лепшым выпадку гадоў да 8, потым іх адзенне – гэта джынсы і футболкі таго ж фасону, што носіць мама ці тата, прычоскі – прычоскі для дарослых (пра банцікі і касічкі ўжо і думаць забыліся), лялькі – смартфоны і айфоны. У канчатковым выніку дванаццацігадовае дзяўчо ў соцсетцы горка плача ад таго, што яе сэрца разбітае, і гучнагалоса заяўляе пра пачатак “актыўнага пошуку” (каго яна збіраецца шукаць, быццам, зразумела, але навошта, сказаць цяжка).
Можна абвінавачваць час, сродкі масавай інфармацыі, што тыражуюць ў рэкламе вобраз дарослага дзіцяці, але найбольшая адказнасць усё ж на бацьках, якія гэты вобраз выкарыстоўваюць ў адносінах да сына ці дачкі. Пашкадуйце сваіх дзетак, падарыце ім радасць паступовага сталення: ад бразготкі да кубікаў з лічбамі і літарамі, а не камп’ютарных гульняў (некалі давялося ўбачыць, як трохгадовага хлапчука бацькі садзілі за камп’ютар “каб крыку не было”), ад кубікаў да пазлаў і галаваломак, добрых казак і рухавых гульняў – “дзіцячае” дзяцінства не перашкода далейшаму поспеху, наадварот, гэта неабходная прыступка да яго: нельга падняцца на 10 паверх, калі не пройдзеш 8 ці 9…