Гэтую бярозку паваліла навальніцай год таму. Яна ляжала знясіленая на зямлі, здавалася, няма аніякіх шансаў на тое, што дрэўца выжыве: маладыя галінкі бездапаможна апусціліся, лісце, яшчэ такое сакавіта-зялёнае раніцай, звянула. “Загінула, небарака”, – з нейкім сумам падумала я…
У 2012 годзе амаль дзве тысячы чалавек у Беларусі дабраахвотна адмовіліся ад жыцця і здзейснілі самагубства. Амаль дзве тысячы – гэта больш, чым загінула ў выніку аўтакатастроф. Жудасна? Яшчэ больш горка ад таго, што сярод самагубцаў ёсць не толькі людзі, якія бачылі жыццё і адчулі на сябе яго нягоды, але і падлеткі, маці з маленькімі дзецьмі на руках (чамусьці жанчыны думалі, што маюць права вырашаць лёс маленькага чалавечка). Усе яны дазволілі сабе падпарадкавацца духоўнаму заняпаду, які ёсць смертны грэх, і прыйсці да адзінага, на іх погляд, выйсця – самагубства.
Мы нараджаемся на свет і не ведаем, што будзе заўтра. Можа, мы спаткаем сапраўднае каханне, а можа, страцім сябра, можа, даведаемся пра тое, што хтосьці са знаёмых цяжарны, а можа, атрымаем звесткі пра смерць бабулі ці дзядулі. У гэтым і ёсць прывабнасць жыцця: ніхто не ведае дакладна, што будзе, таму можа спадзявацца на лепшае. Што б адбылося са светам, калі б знікла надзея? Хворыя б адмаўляліся ад лекаў, безпрацоўныя – ад далейшых пошукаў работы, маці – ад вышукаў згубленых дзяцей. Чалавечае існаванне згубіла бы свой сэнс, бо ў жыцці кожнага з нас ёсць складаныя перыяды, калі ўспрымаць іх як нешта бясконцае, то ісці далей сапраўды няма сілаў. Але ж усе выпрабаванні, якія выпадаюць на наш лёс, часовыя і маюць своё значэнне. Трэба паўтараць гэта з дня ў дзень. Прасцей за ўсё пакрыўдзіцца на ўвесь белы свет і паводзіць сябе, нібы дзіця: “Я так не гуляю!”. Прасцей, але наўрад ці лепей. На нягодах трэба вучыцца, кожная з іх – пэўны ўрок, які неабходна засвоіць дзеля таго, каб пасля спазнаць шчасце.
Самагубства – не подзвіг (каб памерці, не трэба шмат намаганняў), гэта эгаізм. Чалавек, што на яго адважыўся, разам з целам забівае і свае таленты, усё лепшае, што ў ім ёсць, з дапамогай чаго мог зрабіць больш шчаслівымі іншых. Акрамя таго, ён пакідае ў самоце сваіх блізкіх, робіць балюча тым, хто на гэта не заслугоўвае. Што можа быць большай праявай маладушнасці?
…Некалькі дзён таму я зноў апынулася на той самай паляне. Бярозка жыла! Тая частка яе карэнняў, што засталася пад зямлёю, здолела вярнуць сілы ахвяры летней навальніцы: дрэва прагнула жыцця і змагалася за кожны свой новы дзень.