Вяселле. Тамада, аніяк не можа заахвоціць усю моладзь, што сядзіць ў зале, да танцаў: толькі “выцягне” на пляцоўку адзін гурток, як другі неяк сам па сабе рассыпаецца. Праз некаторы час вядоўца адмаўляецца ад сваіх спробаў і аб’яўляе кароткі адпачынак на вуліцы. Паглядаю на гэта з недаверам: ці дапаможа?
…Госці паступова займаюць свае месцы, бацькі маладых яшчэ раз віншуюць жаніха з нявестай і робяць падарунак: пад бадзёрыя галасы скрыпкі і гітары ў залу з шырокімі ўсмешкамі ўваходзяць цыганы. Пачынаецца сапраўднае свята. Усе, ад малых да старых, з непадробным захапленнем ў вачах назіраюць за выступленнем гуртка: доўгія дзявочыя валасы разлятаюцца ў шалёным танцы, каляровыя спадніцы мільгаюць у паветры, што крылы вялізарных матылькоў. Адзін за адным госці выходзяць на пляцоўку, ногі самі іх туды вядуць, нібы ў казцы пра чароўную дудачку.
Задаволеныя, шчаслівыя твары, шчырыя апладысменты – пятнадцаць хвілін выступлення зрабілі больш чым дзве гадзіны гучання сучасных песняў…
Назіраю за людзьмі ў зале, а думкі мае нечакана становяцца зусім не вясельнымі: успамінаецца лёс цыганскага народа, тое, як у гады Другой сусветнай вайны знішчаліся сыны гэтага народа (усё згодна тэорыі больш і менш годных рас – злачыннай тэорыі). Як чалавек, у чыю галаву прыйшла шалёная думка пра тое, што хтосьці мае права жыць, а хтосьці не, адважыўся выказаць яе ў голас? І як тыя, што былі з ім побач, дазволілі яе распаўсюдзіць? Багацце свету ў яго разнастайнасці, у тым, што існуюць людзі са светлай і чорнай скурай, высокія і нізкія, з зялёнымі, шэрымі або карымі вачамі, з прамым носам ці носам “бульбачкай”. Не горшыя і не лепшыя, проста розныя. Сказаць, што адна нацыя складаецца толькі са злодзеяў, ўсё роўна, што цвердзіць, быццам неба над гэтай краінай менш блакітнае за неба над усімі астатнімі і кветкі на яе зямлі не такія “квецістыя”, як на зямлі суседзяў.
Алена Ільгявічуце