У дзяцінстве я распытвала дарослых пра тое, што ёсць душа і дзе ж яна жыве. Стараючыся проста і даходліва задаволіць маю цікаўнасць, матуля параўноўвала нашае цела з хатай, у якую душа “засяляецца” падчас нараджэння і пакідае напрыканцы жыцця.
Сёння, амаль праз 15 год, я ўспамінаю гэтыя словы і з цікавасцю прыглядаюся да сучасных “хатак”, “хат” і нават “пентхаўзаў”. Лета пазбавіла гараджан ад капуснага лісця разнастайнай вопраткі, і надышоў час здзіўлення: адкуль такая неахайнасць? І гэтае пытанне выклікана не якасцю адзення, не колерам і колькасцю ўпрыгожванняў. Прыкра глядзець на дзяўчат, што ў 15-20 год забыліся на тое, што не павінны нагадваць пераможцаў еўрапейскага спаборніцтва сумаістаў, што жаноцкасць – гэта лёгкасць, далікатнасць. Яны “будуюць” прытулак для сваёй душы з бліноў хуткага прыгатавання, колы, марозіва і мараць пра тое, каб пазбавіцца ад лішніх кіло. Мараць, а ад звыклага ладу жыцця адмовіцца аніяк не могуць і ўвечары зноў ідуць з сяброўкамі “на піццу”, хоць толькі гадзіну таму бабуля прывезла з вёскі такія сакавітыя духмяныя яблыкі!
Часам цела пераўтвараецца ў альбом для малявання: тату па-ранейшаму модныя. Скрыўленыя пашчы неверагодных істотаў на руках хлопцаў, іерогліфы на тонкіх дзявочых шыях (часта іх сэнс дакладна не можа растлумачыць нават сама гаспадыня). Пра тое, як гэта будзе выглядаць гадоў праз 10-20, мала хто думае: далёка яшчэ, невядома, што будзе назаўтра (можа, мне заўтра зранку цэгла на галаву ўпадзе?!). Можа і так, але існуе шчаслівая верагоднасць дажыць да сталага ўзросту, а тады наўрад дачка або сын-падлетак будуць сур’ёзна ўспрымаць матуліна “Толькі глупстваў не нарабі”, гледзячы на малюнак завязанага вузлом цмока, што нібы са здзекам “выпаўзае” з-пад рукава кашулі.
…Наш знешні выгляд – адлюстраванне павагі да самога сябе: у добрага гаспадара не можа быць занядбалай хаты…
Алена Ільгявічуце