Разам з салодкім водарам язміну, разам з навальніцамі, з ружовымі закатамі прыйшло лета. Але ёсць тыя, хто не заўважае навакольную прыгажосць. Гэта студэнты – яны здаюць сесію.
Пра гэта можна даведацца пры дапамозе электроннага раскладу ВНУ, ці, што больш проста, праз сеціва: колькаць аб’яў тыпу “прокат микронаушников, всегда есть в наличии, под любые модели телефонов” павялічылася неймаверна! Жаданне атрымаць неабходнае, не прыкладаючы аніякіх намаганняў, застаецца галоўным жаданнем Ямеляў (толькі ў экзаменацыйнай гісторыі замест казачнага шчупака цуды робяць грошы). Вучоба перастала быць працай, за якую трэба несці адказнасць, яна цяпер штосьці накшталт абрыдлага абавязку, які трэба сяк-так выканаць, каб атрымаць доўгачаканую ўзнагароду – дыплом.
Некалькі тыдняў таму мы з матуляй сустрэлі знаёмага. Разгаварыліся пра жыццё, маці запытала пра справы яго васьмігадовай дачкі і ў адказ атрымала скаргі на бабулю дзяўчынкі: маўляў, старая аніяк не супакоіцца, усё прымушае Анечку кніжкі чытаць: “Навошта дзіцяці гэта? Вочы толькі псаваць…” Мяккія пярэчанні маёй маці наконт таго, што вочы больш тэлевізар ці камп’ютар псуюць (ды і карысці ад іх значна менш), яго толькі раззлавалі: “Галоўнае не кніжнай замудронасцю галаву набіць, а добра ў жыцці ўладкавацца”.
“Добра ўладкавацца”… Дзіўна, але ён быццам не разумее, да чаго падштурхоўвае сваё дзіцё, які лёс яму абірае. Як потым “добра ўладкаваная” дачка будзе працаваць без неабходнай колькасці ведаў, але са шчырай упэўненасцю ў сваіх звышздольнасцях і прафесійных якасцях? І, здаецца, ён не адзін мае такія перакананні.
На першым курсе вну выкладчыца расказвала нам пра хлопца, які на пісьмовым уступным экзамене па рускай мове прымудрыўся зрабіць чатыры памылкі ў слове “энциклопедия”. Так і напісаў па-руску - “энцыклапендея”. Як ён увогуле надумаў паступаць ва ўніверсітэт? “Усе ў вну – мне таксама трэба! Усе здаюць – і я неяк здам!”. Але што ў выніку? Замест таленавітага кухара, што гатуе смачна і з мастацкім густам, ці цырульніка з залатымі рукамі атрымаецца яшчэ адзін пасрэдны эканаміст ці юрыст, які кожны працоўны дзень жыве чаканнем вечара, а вечарам марыць пра выходныя: гэта ж праца, яна не павінна падабацца, галоўнае, каб грошы плацілі! Так і жыве…
Алена Ільгявічуце