Моладзь 21 стагоддзя… Дзяўчыны: яркія чырвоныя, чорныя або наогул блакітныя ці зялёныя пазногці, найкароткія шорты, паўпразрыстыя сукенкі. І хлопцы: знарочыста нядбайна растрапаныя і пакрытыя гелем чубы, вялікія гадзіннікі, тонэлі ў вушах. Такія, якія ёсць. Але ці азначае гэта, што яны горшыя за былыя пакаленні, што яны не мараць, не кахаюць ці, самае простае, не могуць паводзіць сябе па-людску?
Дзесьці з год таму мне давялося наведаць афтальмолага. Падчас прыёму ўрач закапала ў вочы нейкі лекавы сродак, што пашырае зрэнкі і дзейнічае каля гадзіны. Не памятаю ўжо, але ў той дзень я некуды спяшалася, таму не магла пачакаць, пакуль пройдзе гэты час, і адразу выйшла на вуліцу. Сонца, заўсёды жаданае і ласкавае, у той дзень стала лютым катам. Свет перашкаджаў, нават калі глядзела з-пад паўпрыкрытых павекаў і рабіла брыль далонню. На вочы наварочваліся слёзы, глядзела няўпэўнена.
Старая жанчына, што ішла насустрач, паглядзела на мяне і зрэзала: “Які сорам! Ранак, а яна ўжо п’яная!”. Думка пра тое, што могуць быць іншыя чыннікі такога стану, у яе чамусьці не з’явілася. Як і ў дзясяткаў людзей, што з пагардай абыходзілі майго знаёмага, які страціў прытомнасць на вуліцы. Ён ішоў з працы і раптам адчуў, што яму робіцца блага, хацеў дайсці да лаўкі, але не паспеў і ўпаў пасярод тратуару. Праз некаторы час прытомнасць вярнулася, і, прыклаўшы некаторыя намаганні, ён здолеў падняцца. Ніхто яму не дапамог ў гэтым, толькі зноў прагучала: “Такі малады, і так скаціўся…”
Аўтобусны прыпынак. Худзенькая дзяўчына, амаль дзяўчынка, жанчына і стары сухенькі дзядок. Раптам да дзяўчыны падлятае хлопец і падхоплівае на рукі, яна ад нечаканасці пішчыць, а потым, убачыўшы, хто гэта, пачынае смяяцца. Ён жа акуратна ставіць сваю “ахвяру” на зямлю і таксама пачынае шчасліва рагатаць. Пара? Не, хутчэй старыя сябры, што шчыра радыя сустрэчы. Але радасць нядоўгая – раздаецца поўны асуджэння голас жанчыны: “Ціскае ён яе! Ажэняцца, а пройдзе час – і на развод пададуць!”. Яе спяшаецца падтрымаць дзед: “Так гэта ж сучасная моладзь! Чаго ад яе яшчэ чакаць?”
Дзяўчына і хлопец прыціхлі, не гледзячы адно аднаму ў вочы, развіталіся. Настрой сапсаваны дашчэнту…
Можа, мы, маладыя, і самыя вінаватыя ў тым, што нас так успрымаюць: бываем п’яныя ці шумныя, падчас агрэсіўныя, ацэньваем рэчаіснае праз брыдкую лаянку – усё гэта аніяк не выклікае павагі. Але ж не ўсе аднолькава заслугоўваюць асуджэння.
Знешняе часам хлусіць. Перад тым, як асудзіць, варта спачатку намагчыся зразумець таго, хто насупраць. Умець знаходзіць выключэнні з правіла часам надзвычайна складана. Гэта ёсць мудрасць.
Алена Ільгявічуце