Восеньскі вечар, на вуліцы шэра і няўтульна. Стомленая пасля заняткаў, я марыла толькі пра тое, каб хутчэй апынуцца дома. Аўтобус доўга не прыходзіў, калі ж ён з'явіўся і адчыніліся дзверы, хуценька ўскочыла ў сярэдзіну, каб заняць месца ля акна. «Спадзяюся, хоць тут мяне ніхто не будзе чапаць», – падумала я з раздражненнем.
«Савецкая плошча», – прахрыпеў дынамік. У аўтобус увайшла жанчына з дзяўчынкай гадоў шасці. «Мам, давай туды сядзем», – прапанавала яна, паказаўшы на месца насупраць мяне. «Добра, Ліза».
Пакуль дзяўчынка ўладкоўвалася на каленях у маці, я неўпрыцям глядзела на іх: «Пашанцавала ж некаму з жонкай: такую прыгажуню цяжка знайсці ... Толькі вельмі ж яна стомленая: ці то на працы было шмат клопатаў, ці дачка прытаміла (вельмі ўжо жвавая дзяўчынка, верціцца, як круцёлка)». Лізе сапраўды не сядзелася: яна то заглядвала ў сваю сумачку, то, крыху прыўстаўшы, разглядала машыны, што праязджалі за акном, то, размахваючы рукамі, нібы вятрак крыламі, нешта расказвала. Некалькі разоў яна дакраналася сваімі туфлікамі да маёй ногі, пэцкаючы новыя джынсы, але мяне гэта не злавала, а наадварот, чамусьці смяшыла. Мама дзяўчынкі спачатку насцярожана пазірала на нас, а потым, калі ўбачыла, што я не злуюся, ўсміхнулася.
Праз некалькі прыпынкаў у аўтобус увайшла панурая жанчына з каляровай коўдрай у руках. «Так зімна ёй,ці што?– падумала я. – Здаецца, цётка з розуму сышла». Аднак жанчына паводзіла сябе цалкам нармальна. Нікога не закрануўшы, яна прысела побач з дзяўчынкай-круцёлкай і яе маці. Раптам коўдра заварушылася, і з яе выглянула галоўка маленькага чыхуахуа. «Які прыгожанькі сабачка! – з захапленнем усклікнула Ліза, калі ўбачыла шчанюка. – Які маленечкі ... Як яго завуць?». Жанчына нічога не адказала і, адмоўна махнуўшы галавой, дакранулася рукой да вуснаў. «Нямая», – пранеслася ў галаве. Тая ж думка адбілася і на твары Лізінай маці. Адчуваючы нейкую няёмкасць, яна паспрабавала адцягнуць увагу дачкі ад жанчыны і яе гадаванца, але дзяўчынка нібы зачараваная глядзела ў карыя вочкі шчанюка... Праз некаторы час нямая ўзяла руку Лізы ў сваю і пагладзіла ёю чыхуахуа. Шчаня завуркатала, дзяўчынка спалохана адхіснулася. Жанчына ўсміхнулася, і, склаўшы з пальцаў нешта накшталт сабачай пашчы, зашчоўкала ёю, зноў адмоўна махнуўшы галавой. «Не бойся, Ліза, ён не кусаецца», – пераклала маці. Дзяўчынка нясмела дакранулася да малога. Шчанюк зморшчыў нос, заплюшчыў вочы і, нібы чалавек, чхнуў. «На здароўе», – ветліва сказала Ліза, з усіх сіл намагаючыся захаваць сур'ёзнасць і не засмяяцца.
«Вуліца Фамічова», – пачулася з дынаміка. «Мой прыпынак, – са здзіўленнем адзначыла я, – так хутка час прайшоў... Пара прабірацца да выхаду». Разам са мною падняліся і Ліза з матуляй. Стоячы каля дзвярэй, дзяўчынка павярнулася, яшчэ раз паглядзела на жанчыну з сабачкам і, усміхаючыся, памахала на развітанне рукой. Жанчына адказала тым жа ... Цікава ўсё ж атрымалася... Быў восеньскі халодны дзень, была я і мае праблемы, дзяўчынка-круцёлка з матуляй, жанчына, з загорнутым у коўдру шчанюком. Незнаёмыя раней, мы жылі так, як жылося. Сустрэўшыся, мыпадзяліліся вірусам дабрыні і веры ў найлепшае.
Алена Ільгявічуце