У штодзённай мітусні мы часта забываемся, дзеля чаго прачынаемся, едзем і ідзем, бяжым некуды. У спешцы не заўважаем, як праносяцца гадзіны, дні, а за імі і тыдні. Спасылаючыся на незвычайную занятасць, часам не адказваем на тэлефанаванні, рэдка бываем дома. І апраўдваемся, без канца апраўдваемся, успамінаем нікому не вядомага "потым" (вы не паверыце, але гэтага міфічнага персанажа так і не змаглі выявіць навукоўцы, месца яго пражывання тым больш не высветлена, але на яго чамусьці ўсе пастаянна спасылаюцца).
Аднекваемся, адмахваемся, а для сапраўднага шчасця патрэбна няшмат – іншы чалавек. Нездарма Бальзак сказаў калісьці: “Два чалавекі выратуюць адзін аднаго там, дзе паасобку загінуць”. І гаворка тут, як мне здаецца, не пра ратунак ў разведцы ці на полі бою, а пра пазбаўленне ад адчаю, пустэчы вакол сябе, пустэчы ўсярэдзіне.
Сям'я, сябры, каханыя ... Іх клопат і падтрымка часам становяцца такімі звычайнымі! Памятаеце словы матулі, што кожны зімовы ранак беглі нам наўздагон: “Холадна сёння! Шапку вазьмі!”. І нашае незадаволенае: “Ой, ды не змерзну!”.
Паступленне ва ўніверсітэт і пераезд у Гродна. Збіраючыся, я ніяк не магла нарадавацца: няхай жыве свабода і анархія! “Не” кантролю і звышапецы! Але ў незнаёмым, такім прыгожым і халодным пакоі, у якім я апынулася, мяне чакаў сюрпрыз – адзінота. Яна падкралася ціха, на мяккіх каціных лапах, і быццам няўзнак заявіла пра сябе. У той восеньскі вечар я зразумела, што без сям'і, без блізкіх людзей няма шчасця, як і няма нас.
Адносіны з тымі, хто дарагі, трэба берагчы. Берагчы кожны дзень, без перапынкаў на абед, выхадныя і святы. Можна, вядома, спадзявацца на бясконцае цярпенне і разуменне, прабачэнне ўсіх малых і вялікіх глупстваў, толькі ці выйсце гэта? А што калі неабдуманае слова ці ўчынак стане той апошняй кропляй, пасля якой ужо не будзе ні-чо-га?
Шануйце тых, хто побач, шануйце словам, учынкам. Яны на тое заслужылі.
Алена Ільгявічуце