Кожны дзень у “Карытас” з надзеяй на падтрымку і дапамогу прыходзяць жанчыны і мужчыны, дзеці і старыя, прыходзяць, каб больш не адчуваць сябе непатрэбнымі. І кожны год амаль 8 тысяч чалавек гэтую дапамогу атрымліваюць. Атрымліваюць ежай, адзеннем і абуткам, лекамі – усім тым, што найбольш неабходнае ў будзённым; і ўвагай, пачуццём бяспекі, братэрскай любові – тым, што так патрабуе сэрца. “Карытас“ не падзяляе на “сваіх” і “чужых”, мабыць, таму і дапамога самой установе накіроўваецца з розных краін свету ад людзей самых розных канфесій.
Цэнтральны “Карытас” вобласці знаходзіцца ў Гродне, філіялы актыўна працуюць у Слоніме, Іўі, Воранаве, Лідзе, Бярозаўцы, акрамя іх існуюць падраздзяленні і ў іншых парафіях. Сфера дзейнасці дабрачыннай установы вельмі шырокая. Святары каталіцкага Касцёла разам з валанцёрамі матэрыяльна дапамогаюць асобным сем’ям, ладзяць адпачынак дзяцей у летніках, арганізоўваюць падарожжы ў замежныя краіны, курыруюць працу інтэрнэт-кафэ для студэнтаў, што не маюць магчымасці карыстацца сецівам у хаце, вучаць працаваць на кампутары глуханямых і старых, збіраюць сродкі на лекі, якія пасля распаўсюджваюцца паміж тымі, хто іх патрабуе. Асаблівая ўвага надаецца стварэнню сталовак для бедных. Здаецца, якая патрэба ў іх сёння? Аднак яна ёсць: кожны дзень у Гродне да сясцёр назарэтанак, што патрануюць гэтую справу, звяртаецца больш за сто чалавек. У Іўі зімою існуе штосьці накшталт “мабільнай дапамогі”: гарачую ежу развозяць па ваколіцах, каб старыя людзі, пакінутыя на саміх сябе, не заставаліся ў адзіноце ў занесеных снегам вёсках. Валанцёры намагаюцца дапамагчы ім і ў хатніх справах: прынесці ваду, дровы, крыху спарадкаваць у хаце. Кухні для дзяцей з сацыяльна небяспечных сем’яў ёсць у Воранаве, пасля школы хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць туды, рыхтуюцца да заняткаў і абедаюць.
Большасць з нас не ведае (ці не хоча ведаць), колькі людзей жыве ў нястачы, не маючы самага неабходнага. Як ні балюча гэта ўсведамляць, для многіх такое жыццё – уласны выбар: звышамбіцыі, пыха не даюць ім выбрацца з ямы, у якую яны ўжо даўно скаціліся. Твар спіты, брудны, затое гонар у голасе: “Я – хірург з вышэйшай адукацыяй – буду камні збіраць?!” ці “Я інжынер і ніжэй за прараба рабіць не буду”. Таго ж, хто хоча зменаў да лепшага, у “Карытас” заўсёды гатовыя падтрымаць. Ксёндз Віталій Дабраловіч, дырэктар установы, расказвае:
“Неяк на кухню для бедных прыйшоў мужчына 30-35 год. Ён толькі вызваліўся з турмы і не мог знайсці працу. Я праз сваіх знаёмых дапамог яму ўладкавацца грузчыкам. Прайшоў час, гэты выпадак у шэрагу штодзённых клопатаў неяк сцёрся з памяці, і вось аднойчы на вуліцы да мяне падышоў і прывітаўся мужчына. Спачатку я нават і не пазнаў яго: добрая адзежа, спакойны позірк, лагодная ўсмешка, а гэта і быў той, што яшчэ некалькі год таму не ведаў, як адбудаваць зруйнаванае жыццё. За час, што мы не бачыліся, былы “грузчык” паспеў атрымаць вышэйшую адукацыю, што была перапыненая яго зняволеннем, знайсці добрую працу, аднавіць сваю сям’ю”.
Як жыць і да чаго імкнуцца, кожны вызначае сам, сам жа вырашае, як скарыстацца з прапанаванай дапамогі: прыняць яе з удзячнасцю і імкнуцца да лепшага, або далей ісці старой, добра знаёмай пракладзенай дарогай. “Карытас”, як і іншыя дабрачынныя ўстановы, паказвае накірунак, дае парады і дапамагае ўзбіцца на новы шлях, але прымусіць ісці па ім не можа…
Алена Ільгявічуце