Я бачыла іх вочы: абыякавыя, пустыя. Рука ў руцэ, а еднасці няма. Выпадковыя людзі, што называюць сябе “параю”, а звычку быць побач - “каханнем”. Разам ходзяць па вуліцах, сустракаюцца з сябрамі, разам прыбіраюць ў хаце, спяць, снедаюць, а паміж імі – непераадольная адлегласць, не ў кіламетрах, не ў мілях, а ў пачуццях. І з цягам часу яна толькі павялічваецца.
Павялічваецца неразуменне, расце раздражненне да таго чалавека, з якім без дай прычыны звязанае жыццё, а разам з гэтым з’яўляецца нейкая злосць, што спачатку дае пра сябе знаць праз словы, а потым і праз дзеянні.
Са здзіўленнем слухаю аповеды дзяўчат пра тое, як іх б’юць іх жа хлопцы. Як такое можа быць?! Ці гэта ёсць каханне? Чарнякі на руках, твары, шыі – ці гэта можа зрабіць чалавек, што пасля будзе мужам, бацькам? Гэтыя пытанні я задавала і сабе, і дзяўчатам-гаротніцам не раз, але чула толькі “ў яго вельмі гарачы характар”, “ён усё зразумеў і больш так не зробіць”, “ён вельмі стамляецца на працы”. Яны плачуць некалькі дзён, а потым зноў пачынаюць верыць у каханне, якое самі сабе выдумалі, каханне, што быццам звязвае іх з “гарачымі”…
У першым пасланні св. Ап. Паўла да Карынфянаў ёсць наступныя словы: “Каханне доўга трывае, умілажальваецца, каханне не зайздросціць, каханне не праслаўляе сябе, не ганарыцца, не здзяйсняе закалоты, не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, не радуецца з няпраўды, а цешыцца з ісціны; усё акупае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць”. Каханне – гэта не столькі жарсць, колькі пяшчота, узаемапаразуменне, жаданне аддаваць, нават калі не ведаеш, ці атрымаеш нешта наўзамен. Падобная да вогнішча, што палае ў цемры, жарсць вабіць, зачароўвае і, калі падысці надта блізка, – балюча апякае. Век яе запамінальны, але кароткі: раніцай на месцы былога агню застанецца толькі чорнае папялішча. Пяшчота ж нясе цяпло роўнае, без выбухаў, яно падобнае да вясновых сонечных прамянёў, што дораць жыццё.
У нястрымнай плыні ХХІ стагоддзя, калі адна падзея амаль адразу выцясняецца сотняй новых, увага звяртаецца на усё найбольш яркае, адметнае. Так, недаўгавечны выбух эмоцый іншы раз успрымаюць як каханне, з нейкай адчайнай паспешлівасцю ствараюць сем’і. А потым пакутуюць самі, прымушаюць пакутаваць дзяцей, што кожны дзень бачаць, як родныя для іх людзі высвятляюць адносіны і паводзяць сябе, быццам ворагі. Паступова гэтыя дзеці ператвараюцца ў недаверлівых, скептычных, крыху нават цынічных дарослых. Яны з’едліва называюць каханне хлуснёю, а самыя, як ніхто іншы, маюць у ім патрэбу. На тое, каб зноў навучыць іх верыць у пачуцці, патрэбен час, але нават ён не заўсёды дапамагае, і таму гісторыя паўтараецца па адным і тым самым сцэнары: выпадковыя сустрэчы, выпадковыя людзі, выпадковыя стасункі паводле прынцыпу “ёсць і добра”. Пазбавіцца ад гэтай “выпадковасці” – значыць з увагай ставіцца да сябе і свайго асяроддзя, зразумець, нарэшце, што людзі вакол нас – гэта тыя, каго мы самыя абралі, а таму на нас адказнасць, якія яны ёсць… І якім будзе нашая будучыня разам з імі.
Алена Ільгявічутэ