“Прапаў кот чорна, бела, рыжы. Калі хто знойдзе, прашу патэлефанаваць (77 56 67). Косця”. Гэтую аб'яву я ўбачыла тыдзень таму на дошцы ля пад'езда. Звычайна праходзіла міма (рэклама, якая заўсёды там вісела, мяне цікавіла мала), але гэты аркуш паперы прыцягнуў увагу незвычайнай яркасцю: кожны радок вялікіх, яшчэ няўмелых літар меў свой колер, афарбоўка ката была падкрэслена зялёнай намаляванай ад рукі лініяй.
На момант пад'езд быццам знік некуды, перад вачыма з'явіўся просценькі маленькі пакой. Ужо цёмна, на стале гарыць лямпа, а за сталом сядзіць хлопчык гадоў 7-8. Літары яму даюцца з цяжкасцю, але ён, крыху схіліўшы галаву, цярпліва выводзіць слова за словам. Спаць хочацца ўсё болей і болей, толькі ён ведае, што ў маці зноў не будзе часу, каб дапамагчы, таму піша сам. Дзве аб'явы ўжо ляжаць пад лямпай, яшчэ трошкі і дапіша трэцюю. Усе гэтыя намаганні зразумелыя: згубіўся не «чорна, бела, рыжы» кот, згубіўся сябар. Той, хто сустракаў у пярэднім пакоі пасля школы, незадаволена мяўкаў, калі гаспадар раптам пачынаў злавацца, варкатаў калыханку перад сном. Нельга, каб ён блукаў недзе па вуліцах, там яшчэ вельмі халадно, а ў яго такая далікатная поўсць...
На наступны дзень аб'яву сарвалі, на яе месцы цяпер вісіць прапанова нарасціць пазногці: матэрыяльнае палічылі больш каштоўным за духоўнае. Зноў стары, як свет, выраз “Кожнаму свая болька баліць” прыйшоўся як мага да месца.
Усё часцей у бясконцым пошуку грошай на новае адзенне, адпачынак, кватэру ці іншыя прыгожыя, але бяздушныя рэчы, губляецца дабрыня і спагада, разуменне таго, што з любові да чалавека пачынаецца любоў да Бога. І гаворка тут не ідзе пра нейкія звышмоцныя ўчынкі, а пра дробязі, з якіх і трэба пачынаць. Ці ж цяжка не крычаць, а спакойна ўсё абмяркоўваць, не адводзіць позірк, а адкрыта глядзець у вочы, не ісці па галавах, а працягнуць руку таму, хто слабейшы за цябе? Калі кожны з нас зробіць нешта добрае ці нават проста ўстрымаецца ад нечага дрэннага, жыццё стане больш прыгожым і светлым, напоўніцца радасцю і шчасцем, а пакуль… Пакуль на ля пад’езда вісіць аб’ява пра нарошчванне пазногцяў, а дзесьці ўсё гэтак жа з надзеяй глядзіць на тэлефон хлопчык.
Алена Ільгявічуце