Мы жывем у эпоху панавання камфорту. Аўтамабіль з клімат-кантролем і падагрэвам сядзенняў, аўтаматычная пральная машына, лядоўня, цэнтральнае ацяпленне і гарачая вада з крана - многія ўжо не ўяўляюць без гэтага жыцця. Дзякуючы навукова-тэхнічнаму прагрэсу мы прызвычаіліся карыстацца шэрагам прынад, якія палягчаюць нам жыццё.
Сёння камфорт з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў нашага жыцця. Гарады становяцца ўсё больш зручнымі для пражывання, дарогі - усё больш роўнымі і адпаведнымі для хуткага руху, забавы - усё больш вытанчанымі. Інтэрнэт і мабільная сувязь зрабілі кантакт паміж людзьмі і перадачу інфармацыі больш хуткімі і эфектыўнымі. Мы абрастаем камфортам, як снежны ком, які коціцца з гары. На найменшую нязручнасць мы рэагуем раздражнёна - напрыклад, знікла электрычнасць або не завялася ў мароз машына.
Аднак, застаюцца яшчэ сферы ў нашым жыцці, дзе па-ранейшаму пра камфорт гаворка практычна не ідзе. Самым нязручным для большасці маладых людзей з'яўляюцца дзеці, а дакладней, зусім маленькія дзеці. Нездарма кажуць, што дзеці - гэта кветкі жыцця, але лепш імі любавацца ў чужым садзе.
Чаму ж дзеці - гэта нязручна, спытаеце вы? Ну, па-першае, сам факт цяжарнасці дастаўляе пэўны дыскамфорт. У жанчыны псуецца фігура, зубы і валасы, яна вымушана ісці ў дэкрэтны адпачынак. Роды - гэта асобная тэма, аб нязручнасці гэтай падзеі ведаюць абсалютна ўсё навокал. А потым нязручнасці ідуць адно за адным. Дзеці маюць ўласцівасць хварэць, прычым даволі часта. Да таго ж не заўсёды ясна, што менавіта ім баліць. А яшчэ ў дзяцей бывае сіндром Даўна, аўтызм або ДЦП - які жах! Але нават калі дзеці адносна здаровыя, у іх бывае крызіс трох гадоў, крызіс шасці гадоў, крызіс пераходнага ўзросту, карацей, адны крызісы. А яшчэ яны не адразу прывыкаюць да гаршчка і пакідаюць свае сюрпрызы ў самых нечаканых месцах. Малююць на сценах, псуюць дываны і мяккую мэблю. Дрэнна спяць ноччу самі і не даюць спаць іншым. Задаюць шмат непатрэбных пытанняў, патрабуюць праводзіць з імі час, інакш кажучы - аб якім камфорце можа ісці гаворка ?
А калі яны вырастуць, нязручнасцяў стане яшчэ больш. Бедным бацькам трэба думаць пра рэпетытараў, прэстыжныя платныя ВНУ, модную вопратку і падлеткавую цяжарнасць. Потым яны пачынаюць патрабаваць бацькоўскія грошы, аўтамабіль і нерухомасць.
Вядома ж, цывілізацыя робіць усё магчымае, каб змякчыць дыскамофрт, які выклікаюць дзеці. Памперсы, малочныя сумесі, кашы хуткага прыгатавання, шыкоўныя калыскі, відэа-няні і яскравыя цацкі дапамагаюць пры выхаванні дзіцяці, што робіць жыццё больш зручным у нейкім сэнсе. Крыху пазней на дапамогу змучаным бацькам прыйдуць дзіцячыя садкі і класы дашкольнага развіцця - гэта ж так зручна, калі замест таты і мамы нашымі дзецьмі будуць займацца чужыя людзі. А вечарамі, калі стомленыя бацькі захочуць адпачыць ад сваіх дзяцей, на дапамогу ім прыйдуць тэлевізар і займальныя відэагульні, за якімі дзеці будуць марнаваць цэлыя гадзіны свайго жыцця. Але што ж рабіць бацькам, у якіх гэты сцэнарый з нязручнасцямі ад дзяцей паўтарыўся з наступным дзіцем? А потым яшчэ раз? І яшчэ раз ?!
Галоўная выгода, якая сёння прапануецца бацькам, стомленым ад дзяцей - гэта абмежаваць іх колькасць, бо, як лічаць вельмі многія, двое ці трое дзяцей - гэта больш нязручна, чым адзін. Чацвёра, пяцёра дзяцей - гэта вельмі нязручна. Дзесяць дзяцей у адной сям'і - ужо за мяжой разумення нармальных людзей. І тут на дапамогу прыходзіць сучасная медыцына, якая прапануе розныя зручныя спосабы, каб дзяцей было як мага менш, ці ўвогуле не было - розныя метады кантрацэпцыі і "бяспечныя аборты". Так любоў да камфорту пераходзіць у смяротны грэх, які знішчае чалавека цалкам - з целам і душой.
Вера ў Бога - гэта таксама нязручна. Нам даводзіцца верыць у тое, што мы не бачым, а пры гэтым мы павінны яшчэ выконваць і вельмі нязручныя запаведзі. Асабліва цяжка нам даюцца некаторыя з іх. Праўда, мы і тут спрабуем усё падбудаваць пад сябе, мы ж прызвычаіліся да камфорту. Большасць людзей, якія лічаць сябе вернікамі, спакойна спяць з думкай аб тым, што галоўнае, каб "Бог быў у душы". Гэтая вера ў "зручнага бога", які нічога не патрабуе і якому ў выпадку чаго можна паставіць свечку.
Аднак "зручнага бога" не існуе. Наадварот, існуе Бог, які дзеля любові да грэшнага чалавецтва вырашыў адмовіцца аб камфортнага знаходжання на Небе і прыйшоў на змучаную нашымі грахамі зямлю. Усё Яго жыццё на гэтай зямлі было прасякнута непрыманнем выгод - народжаны ў пячоры, вандраваў з вучнямі, не маючы ані грошаў, ані нерухомасці, ані ўтульнага сямейнага дома, а да таго ж памёр ганебнай смерцю. Менавіта ў гэтага Бога вераць хрысціяне, але пры гэтым чамусьці забываюць пра Яго словы – "хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною". Ісці за Ім - значыць паступаць, як Ён, у тым ліку і ў адмове ад камфортнага жыцця. І гэта тычыцца не толькі святароў, законнікаў і законніц, а ўсіх хрысціянаў. Як правіла жыцця гэты нязручны Бог дае нам запаведзь любові да Бога і бліжняга, аднак выконваць гэтую запаведзь вельмі цяжка, асабліва пункт пра бліжняга.
Як складана нам сёння рабіць нешта проста дзеля любові да Бога і бліжняга і не атрымоўваць за гэта аплаты, бо так сёння не прынята, нас няправільна зразумеюць, гэта нязручна. Так, мы ведаем пра тое, што Хрыстос прывёў нам у якасці прыкладу для пераймання вобраз бескарыслівага служэння міласэрнага Самараніна, які дапамог ворагу ў цяжкай сітуацыі, патраціўшы на яго свае сілы, час і грошы. Аднак у рэальнасці мы стараемся прайсці міма такіх сітуацый, не падымаючы вачэй, як першыя постаці з той жа прыпавесці, прыкідваючыся, што нас гэта не датычыцца. У лепшым выпадку мы можам ахвяраваць нейкія грошы, каб хтосьці зрабіў дабро замест нас. Пра тое, каб падзяліцца сваімі сіламі, часам або любоўю,часта нават гаворка не ідзе. З усіх бакоў нас атачаюць людзі, якія пакутуюць, якім патрэбна наша дапамога - самотнымі старымі; беднымі сем'ямі; моладдзю, якая гіне ад распусты; дзецьмі, якія растуць без бацькоў; людзьмі, якія трапілі ў залежнасць ад алкаголю або відэагульняў - і пры гэтым робім выгляд, што нас гэта не датычыць. А ўся справа ў тым, што нам зручна лічыць хрысціянства элементам культуры і традыцыі, нягледзячы на тое, што Езус заўсёды просіць нас не быць раўнадушнымі. Гэта вельмі нязручная просьба і мы стараемся прапусціць яе міма вушэй.
Парадокс у тым, што многія разумеюць, што зручнасць - зусім не так добра, як здаецца на першы погляд. Усе ведаюць, што наяўнасць аўтамабіля вельмі часта прыводзіць да нерухомага ладу жыцця, следствам чаго з'яўляюцца лішняя вага і праблемы са здароўем, аднак працягваюць ўсюды ездзіць на аўтамабілі - бо гэта нам зручна. Усе ведаюць, што вера без спраў - мёртвая, а нежаданне прыносіць плён хрысціянскага жыцця ў выглядзе актыўнай пропаведзі Евангелля і дзейснай любові да бліжняга прывядзе каго-небудзь з нас да страты выратавання і вечнага асуджэння. Аднак мы працягваем хадзіць у касцёл, як у клуб па інтарэсах, дзе мы можам схавацца ад страшнага свету ў грамадстве інтэлігентных мілых людзей, бо гэта нам зручна.
Камфорт - гэта зусім не так бяскрыўдна, як здаецца, бо на самай справе ён ўжо стаўся ідалам, якога ўшаноўваюць і якому прыносяць ахвяры. Прыкладам таму можа служыць нястомнае імкненне да камфорту ў сужанстве, які прывёў да распаўсюджвання абортаў - аднаго з самых жудасных грахоў, з-за якога сёння забіваецца кожны чацвёрты чалавек на зямлі. Сучасныя аборты - нішто іншае, як крывавая чалавечая ахвяра на агідным алтары камфорту.
Ці не прыйшоў час, калі мы павінны спыніцца ў нашым імкненні да выгоды, якая раней ці пазней запатрабуе ад нас такіх ахвяр?
Падрыхтаваў Уладзіслаў Валаховіч