Фемінізм, або рух за правы жанчын, толькі на першы погляд здаецца нам чымсці далёкім, філасофскім і мала звязаным з рэальнасцю. На самай жа справе гэта з'ява ўплывае на жыццё кожнага з нас, бо яна стаіць ля вытокаў крызісу сям'і, які мы перажываем сёння.
Мы ведаем з гісторыі, што раней любая жанчына павінна была знаходзіцца пад абаронай і апекай мужчыны. Да замужжа за яе адказваў бацька, у шлюбе – муж, у выпадку смерці мужа – старэйшы сын ці брат і гэтак далей. Усе пытанні, звязаныя з грамадскім жыццём, фінансамі, мастацтвам, навукай і духоўнасцю вырашалі мужчыны. Традыцыйнай сферай жаночых інтарэсаў была сям'я і выхаванне дзяцей. Ці з'яўлялася такое становішча жанчыны зневажальным? Канешне, сітуацыі ў паганскай старажытнасці, калі жанчын трактавалі нароўні з хатнімі жывёламі, былі зневажальнымі. Але варта адзначыць, што са з'яўленнем Бібліі і заснаванай на ёй цывілізацыі, павага да жанчыны становіцца адным з базавых прынцыпаў адносін паміж людзьмі.
Менавіта ў Бібліі ідзе гаворка аб тым, што Бог на пачатку стварыў мужчыну і жанчыну роўнымі, здольнымі жыць разам у гармоніі, без гвалту і зневажанняў. Стары Запавет кажа пра выдатных жанчын, якія аказалі вялікі ўплыў на гісторыю Божага народу. За Езусам акрамя апосталаў пайшлі жанчыны, якія гралі важную ролю ў Першым Касцёле – дастаткова ўспомніць пра Найсвяцейшую Багародзіцу! Хрысціянства апярэдзіла ўсе іншыя цывілізацыі дзякуючы паважліваму стаўленню да жанчыны, стварыўшы унікальныя сямейныя каштоўнасці, якія заставаліся нязменнымі праз доўгі час.
Па-новаму аб правах жанчын загаварылі пасля Французскай рэвалюцыі, калі масонскі заклік да «свабоды, роўнасці і братэрства» стаў лозунгам новага ўладкавання свету. У Кодэксе Напалеона 1804 жанчыне ўпершыню давалася права быць ініцыятарам разводу ў выпадку недастойных паводзін мужа. Ужо ў сярэдзіне XIX стагоддзя ўзнік рух жанчын за выбарчыя правы, які яшчэ да пачатку XX стагоддзя ператварыўся ў фемінізм.
Неабходна адзначыць, што важную ролю ў фарміраванні гэтай новай ідэалогіі адыгралі марксісты, у прыватнасці, Фрыдрых Энгельс, які сцвярджаў, што жанчыну ў роўнай ступені прыгнятаюць капіталізм і патрыярхальны ўклад сям'і. Шлюб і догляд за дзецьмі - гэта эксплуатацыя жанчыны, ад якой яна павінна вызваліцца. Нядзіўна, што менавіта марксісты выступілі ініцыятарамі разбурэння традыцыйнай сям'і і звыклых сужонскіх адносін. Яскравым прыкладам з'яўляецца так званы прынцып «шклянкі вады», які рэалізоўваўся ў некаторых абласцях Расіі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сутнасць яго ў тым, што пры камунізме жанчына не павінна належаць выключна свайму мужу, яна павінна быць здабыткам усіх мужчын, а мець інтымныя адносіны з любой жанчынай павінна быць так жа проста, як выпіць шклянку вады. Дзеці ж, якія з'яўляліся ў выніку такіх адносін, павінны былі выхоўвацца дзяржавай у дзіцячых садках. Так пачала рэалізоўвацца мара феміністак аб вольным каханні.
Галоўная ідэя фемінізму - жанчына павінна быць роўнай з мужчынам ва ўсіх сферах жыцця: палітыцы, бізнэсе, грамадскім жыцці. Дастаткова ўспомніць аб савецкіх жанчынах-трактарыстках, будаўніках метро і спартсменках. Аднак ва ўсёй гэтай роўнасці ёсць адно «але» - па самой сваёй сутнасці жанчына прывязана да хатняга ачагу, бо менавіта яна нараджае дзяцей, і казаць пра поўную свабоду жанчыны немагчыма.
Таму адным з галоўных заданняў феміністак стала вызваленне жанчын ад дзетанараджэння. З гэтай задачай яны справіліся даволі хутка - усяго за паўстагоддзя, хоць спачатку было складана, бо яшчэ ў пачатку XX стагоддзя аборт быў усюды ў свеце крымінальным злачынствам, а любая кантрацэпцыя недапушчальнай і непрыстойнай для мужа і жонкі. Аднак дзякуючы актыўным дзеянням феміністак, у першую чаргу Маргарэт Зангер, у 1920-я гады на Захадзе з'явілася паняцце планавання сям'і, якое дапускала свабодны доступ да абортаў і кантрацэпцыі. Нягледзячы на супраціў кансерватыўных колаў грамадства, паступова кантрацэпцыя стала элементам сужонскіх адносін. Следам за ёй у якасці запаснога варыянту, калі цяжарнасць ўсё ж наступала, прыйшлі і аборты, якія ўжо ў 1970-ых гадоў былі легалізаваны ў большасці краін свету. Менавіта феміністкі абвясцілі ідэю аб тым, што жанчына мае права распараджацца сваім жыватом, мае права выбару, захоўваць цяжарнасць ці не. Гэтая ідэя стала фундаментам для сэксуальнай рэвалюцыі канца 1960-х, бо жанчына нароўні з мужчынам атрымала магчымасць уступаць у выпадковыя сувязі, не занадта турбуючыся пра цяжкасці дзетанараджэння.
У наш час стала відавочным, што мэта феміністак дасягнута: жанчыны ў развітых краінах атрымалі поўную свабоду для самарэалізацыі, не будучы больш абмежаванымі неабходнасцю нараджаць дзяцей. Узнікла нават дзіўная з'ява чайлд-фры, або добраахвотная бяздзетнасць, прычым гэта з'ява становіцца папулярнай нават у нашай, даволі кансерватыўнай культуры. Ідэалам жаночай прыгажосці становяцца бяздзетныя топ-мадэлі і зоркі шоў-бізнесу, якія задаюць стандарты, якія наўрад зможа дасягнуць жанчына, якая нарадзіла хаця б адно дзіця. Замест клопату пра сям'ю жанчыне прапануецца дасягнуць вышынь у вучобе, кар'ерны рост або, у крайнім выпадку, паспрабаваць гераічна сумяшчаць то і другое.
Цяпер жанчыны цалкам вольныя і могуць выбіраць - быць замужам ці не, развадзіцца ці не, нараджаць дзяцей ці не. Толькі ці патрэбна ім такая свабода? Ад яе пацярпелі ў першую чаргу самі жанчыны, якія цяпер сталі ва ўсім падобныя на мужчын, аж да прычоскі, адзення і стылю паводзін. Сёння ўсё складаней гаварыць пра тое, што жанчыны – гэта слабы пол, які мае патрэбу ў абароне. Кожны мужчына па сваёй прыродзе абаронца, але калі жанчына пачынае паводзіць сябе па-мужчынску, то мужчыну няма дзе рэалізаваць сваё галоўнае пакліканне і ён пачынае дэградаваць. Мы сутыкнуліся з вялізарным крызісам айцоўства, калі сапраўдныя мужчыны, адказныя бацькі сталі музейнай рэдкасцю, выміраючым відам. Усе ведаюць, як цяжка цяпер выйсці замуж цнатлівай хрысціянскай дзяўчыне, якая не згодна ісці на кампраміс з нормамі маралі! Нічога дзіўнага ў гэтым няма: зніклі сапраўдныя жанчыны, а следам зніклі і сапраўдныя мужчыны, сёння іх няма каму выхоўваць.
Які ж вынік двухсотгадовай барацьбы за правы жанчын? У першую чаргу, гэта паўсюдны крызіс сям'і, які ў нашай роднай Беларусі асабліва ярка выявіўся, бо менавіта ў нас фемінізм набыў асаблівы каларыт. Наша краіна на працягу XX стагоддзя пацярпела ад трох войнаў, у якіх страціла ў першую чаргу мужчынскае насельніцтва. Пасля апошняй вайны вельмі частай была сітуацыя, калі жанчына, муж якой загінуў на фронце, адна выхоўвала дзяцей у вельмі складаных умовах. Менавіта жанчыны ўздымалі пасляваенную эканоміку, працуючы за сябе і за мужчын. Тыя рэдкія мужчыны, якія не загінулі на вайне, шанаваліся на вагу золата, і ад іх патрабавалася толькі адно – толькі б яны не пілі! Так сфармаваўся беларускі тып сям'і - тата на канапе, а мама ці бабуля фактычна цягне на сабе ўсю хатнюю гаспадарку. Гэта такі наш хатні, практычны фемінізм, дзе муж галава, а жонка – шыя: усё роўна жонка вырашае, чым будзе займацца галава сям'і.
Жанчыны фактычна кіруюць нашымі сем'ямі, і гэта прывяло да наступных вынікаў: мы на другім месцы ў свеце па колькасці разводаў, сужыццё да шлюбу стала нормай, як і аборты на любых тэрмінах. Ўзровень самагубстваў і алкагалізму ў нас адзін з самых высокіх у свеце, а часцей за ўсё людзі співаюцца і ідуць на самагубства з-за праблем у сям'і. Набірае абароты гомасэксуалізм, карані якога таксама ў сям'і, бо часцей за ўсё гомасэксуалістамі становяцца дзеці, якія выраслі без бацькі.
Так, мы жывем у часы фемінізму, які перамог, але калі мы хочам гэта спыніць, варта вярнуць мужчынам і жанчынам тую ролю, якая ім прыгатавана ў Божых планах. Нашы сем'і не стануць моцнымі да таго часу, пакуль у іх не будзе сапраўдных мужчын-бацькоў. А сапраўдныя айцы не з'явяцца да таго часу, пакуль нашы жанчыны будуць паводзіць сябе паводле прынцыпу: “я і конь, я і бык, я і баба, і мужык”.
Падрыхтаваў Уладзіслаў Валаховіч