Якое ўсё ж такі страшнае гэта слова – аборт. Як шмат вакол нас жанчын, для якіх яно звязана з глыбокімі душэўнымі ранамі і цяжкімі перажываннямі, пра якія не прынята казаць. Аднак у апошнія гады ў нас гэта слова стала гучаць усё часцей – на пропаведзі ў царкве, на тэлевізійным ток-шоу, на палітычным узроўні. Раней такіх праблем з нараджальнасцю, як цяпер, не было, і ў нас пра аборты казаць было не прынята. Іх проста рабілі.
Зараз у нашым грамадстве гэтае страшнае слова гучыць неяк звычайна, як непазбежнае зло, бо менавіта ў нас аборты сталі элементам сямейнай культуры. Без іх не ўяўляюць свайго сужанскага жыцця не толькі многія нашыя сучасніцы, але і пакаленне нашых матуль, бабуль і нават прабабуль. У гэтым няма нічога дзіўнага, таму што першай у свеце дзяржавай, якая легалізавала аборты, стала ў 1920 годзе Савецкая Расія, а за ёй і іншыя савецкія рэспублікі. Нашым гінеколагам добра вядома, што большасць замужніх жанчын маюць за плячыма па некалькі спыненых цяжарнасцяў. Сярод старэйшага пакалення сустракаюцца жанчыны, якія маюць за плячыма да дваццаці абортаў. Нават не верыцца цяпер, што раней была такая плоднасць – нягледзячы на ўсе наступствы аборту для здароўя, жанчына цяжарала зноў і зноў. Па сведчанні лекараў, якія працавалі ў 1960-я – 70-я гады, у буйных савецкіх гарадах на аднаго народжанага дзіця даводзілася па 5–6 абортаў. Пакаленне, народжанае ў тыя гады, як быццам прайшло праз дробнае сіта – большасць іх братоў і сясцёр загінулі ў выніку абортаў. Падобная сітуацыя назіралася і пазней; таму фактычна амаль усе нашы сучаснікі – ацалелыя ад аборту людзі; нам пашанцавала нарадзіцца!
Аднак аборты – не савецкае вынаходніцтва, яны вядомыя свету са старажытных часоў. Сярод язычнікаў спыненне цяжарнасці пры дапамозе адмысловых траў было дастаткова распаўсюджанай з'явай, напрыклад, пра тое, што аборт з'яўляецца дапушчальным, пісалі Платон і Арыстоцель. У той жа час іх сучаснік Гіпакрат у сваёй знакамітай клятве спецыяльна ўзгадаў пра тое, што справакаваць аборт (даць абартыўны песарый) з'яўляецца недапушчальным для лекара. Тым не менш, аборты, зрэшты, як і забойства нованароджаных немаўлят, былі распаўсюджанай практыкай у Старажытнай Грэцыі і Рыме. Да таго моманту, як бацька сямейства ўрачыста не прызнаваў нованароджанага сваім дзіцем – ён не лічыўся чалавекам. А ў Спарце слабых або хворых немаўлят проста скідалі са скалы.
Хрысціянства стала той сілай, якая змагла змяніць гэтыя дзікія норавы. Цывілізацыя, заснаваная на біблейскіх прынцыпах, перавярнула ўвесь свет, бо Біблія падкрэслівае высокія ідэалы сямейнага жыцця: цнатлівасць, безумоўную сужанскую вернасць, шматдзетнасць. Плоднасць і дзетанараджэнне яна паказвае выключна з пазітыўнага боку, бо дзеці ў сям'і – гэта знак Божага благаслаўлення. У той жа час у Бібліі сурова асуджаюцца паганскія звычаі прыносіць дзяцей у ахвяру, інакш званыя правядзеннем дзяцей праз агонь ці ахвярай Малоху, што можна параўнаць з сучаснымі абортамі.
Айцы Касцёла прама выказваліся супраць паганскіх абартыўных практык, а на Шостым Сусветным Саборы ў VII стагоддзі аборт быў прыраўнаны да забойства. На працягу наступных стагоддзяў ўсе хрысціянскія краіны ўвялі крымінальнае пакаранне за такія дзеянні. Тое ж самае адбылося і ў мусульман. Аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя і жанчына, якая зрабіла аборт, і лекар, які згадзіўся правесці гэтую аперацыю, рызыкавалі атрымаць смяротны прысуд. У Францыі, напрыклад, такія прысуды выносіліся яшчэ ў 1930– х гадах.
Аднак паступовы адыход ад хрысціянскіх каштоўнасцяў прывёў да таго, што ў 1970 – 80-я гады аборты былі легалізаваныя амаль ва ўсіх развітых краінах. Паступова ў свядомасці людзей права на жыццё дзіцяці ва ўлонні маці змянілася правам жанчыны распараджацца сваім целам. Фактычна сучасны свет непрыкметна вярнуўся ў часы паганства.
Колькасць абортаў у свеце пастаянна расце. Паводле статыстыкі ААН, у год здзяйсняецца больш за 46 мільёнаў абортаў, а за апошнія 50 гадоў агульная іх колькасць перавысіла 2 мільярды. Гледзячы на гэтыя лічбы, мімаволі прыходзіць у галаву думка аб трэцяй сусветнай вайне, якая адбываецца непрыкметна вакол нас. За 6 гадоў, якія працягвалася Другая сусветная вайна, загінула каля 60 мільёнаў чалавек, цяпер жа кожныя паўтары гады вакол нас гіне столькі ж безабаронных дзяцей пад сэрцам іх маці.
Застаецца ўсё менш краінаў, дзе аборты забароненыя. На дадзены момант у Еўропе такіх краін толькі дзве: Мальта і Польшча (прычым у Польшчы рашэнне аб забароне абортаў было вынесена пасля рэферэндуму 1993 года). Законы, якія абараняюць жыццё дзіцяці ва ўлонні маці, пакуль яшчэ дзейнічаюць у большасці краін Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, у многіх мусульманскіх краінах і на Філіпінах, нягледзячы на тое, што на гэтыя краіны аказваецца моцны ціск. Такія ўплывовыя арганізацыі, як Фонд народанасельніцтва ААН, ЮНІСЕФ, Сусветная арганізацыя аховы здароўя пастаянна падкрэсліваюць важнасць рэпрадуктыўных правоў, адно з якіх – права на бяспечны легальны аборт. Пад гэтым ціскам ўжо здаліся Кітай і Індыя, у якіх жыве трэцяя частка насельніцтва Зямлі. У гэтых краінах, дзякуючы магчымасцям УГД, шырокае распаўсюджванне атрымалі селектыўныя аборты дзяўчынак, таму апошнія дзесяцігоддзі ў іх нараджаецца больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак. Кітай са сваёй палітыкай «адна сям'я – адно дзіця» дайшоў да сапраўдных зверстваў, калі жанчын на 9-м месяцы цяжарнасці лавілі на вуліцах і прымушалі да абортаў.
Міжнародныя арганізацыі падкрэсліваюць, што, у выпадку забароны, вырастае лік нелегальных абортаў, аднак забарона ёсць забарона, яна фарміруе грамадскую думку. Ва ўсякім выпадку, у выніку забароны абортаў застаецца чыстым сумленне тых, хто не згодны з гэтым злом і не хоча ў ім удзельнічаць. У Беларусі ж, Расіі і іншых постсавецкіх краінах мы ўсе – праз нашы падаткі – ўцягнутыя ў гэтую крывавую справу. У нас аборты фактычна з'яўляюцца бясплатнымі, гэта значыць аплачваюцца з кішэні падаткаплацельшчыкаў, а жанчына плаціць толькі за спадарожныя паслугі, напрыклад, анэстэзію. Акрамя таго, з нашай кішэні аплачваецца і лячэнне шматлікіх наступстваў для здароўя, як непасрэдна пасля аборту, так і аддаленых. Таму для тых, хто лічыць, што аборты – гэта права жанчыны і ніхто не можа яе ў гэтым праве абмяжоўваць, ёсць сэнс задумацца пра тое, што мы ўсе з'яўляемся дзецьмі Адама і Евы, нясем адказнасць адзін за аднаго.
Менавіта таму ў многіх краінах з'явіўся рух у абарону жыцця ненароджаных дзяцей, інакш званае пралайф, ад ангельскага pro-life, «за жыццё». Старт гэтаму руху быў дадзены ў 1973 годзе, калі ў ЗША пасля велізарнай колькасці маніпуляцый грамадскай думкай былі легалізаваныя аборты па жаданні жанчыны. У адказ адразу ж паўстала хваля пратэстаў з боку хрысціян, неабыякавых да таго, што адбываецца навокал. Спачатку гэтыя пратэсты выяўляліся ў форме пікетавання абартарыя, маршаў у абарону жыцця і іншых акцый. Аднак паступова абаронцы жыцця ў ЗША і іншых краінах зразумелі, што галоўным адказам хрысціян на тое зло, якое нясуць з сабой аборты, павінна стаць малітва, а не агрэсіўныя пратэсты. Прыклад таго, як паступаць са злом, нам падаў сам Хрыстос на крыжы: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць».
Фактычна кожны абартарый сёння з'яўляецца Галгофай, на якой гінуць нявінныя дзеці, прычым гэта робіцца са згоды іх бацькоў, рукамі прафесіяналаў, якія выконваюць сваю працу ў рамках закона. На Галгофе пад крыжам стаялі Маці Божая і вучні Хрыста. Яны не маглі спыніць пакаранне, яны маглі толькі плакаць і маліцца, спадзеючыся на цуд. Так і ў абартарыі сёння хрысціяне не могуць спыніць дзетазабойства, а могуць толькі прасіць Бога за жанчын, якія туды прыйшлі, за лекараў і персанал – Божа, даруй ім ... і спадзявацца на цуд. І цуды адбываюцца. Вядома шмат выпадкаў таго, як жанчыны ў самы апошні момант адмаўляюцца ад аборту, лекары, якія рабілі аборты, каюцца ў сваіх грахах, абартарыі зачыняюцца. Цывілізацыю смерці, вяршыняй якой з'яўляюцца аборты, можна перамагчы толькі цывілізацыяй любові і жыцця.
Уладзіслаў Валаховіч