Я хацела бы закрануць адну тэму, якая мяне вельмі цікавіць: гэта праблема прызначэння. Я вельмі часта думала пра тое, якое маё стаўленне як каталічкі да гэтага спрэчнага пытання. Але падчас сваіх разважанняў я ніколі не знайшла адказу, які б мяне задаволіў.
Таму я бы хацела пазнаёміць Вас са сваімі разважаннямі.
Самае важнае, на мой погляд, пытанне, ці Бог раней прызначыў людзям іх лёс, тое, што іх прымаюць ці адкідваюць, ці нашае стаўленне да Бога мы пазней самі ствараем у сваім жыцці. Я вельмі часта чула, што Бог не змушае нас да таго, каб мы Яго любілі і верылі ў Яго, але рашэнне сказаць Яму “так” залежыць ад нас. Гэта значыць, што мы, людзі, самі можам вырашаць, згодна з нашай воляй, ці стаць нам на бок Бога ці не.
Мне здаецца, што гэта зусім зразумела, але калі я даўжэй разважаю над гэтым, то гэтае сверджанне здаецца мне больш праблемным. Каб выказацца больш зразумела, я хацела бы выкарыстаць прыклад Юды. У Новым Запавеце гаворыцца, што Езус ведаў пра сваю пакуту і ведаў, хто будзе яе здзяйсняць. З гэтага я магу зрабіць выснову, што Юда і іншыя людзі мелі сваё прызначэнне ад Бога, каб у жыцці Езуса адыграць ролю “злых”.
Тады ці Юда ўвогуле меў які-небудзь шанец стаць іншым чалавекам, не тым, хто павінен быў здрадзіць Езусу? Ці тагачасныя ворагі Хрыста маглі самі выбраць, ці яны з Ім, ці супраць Яго?
Не, на самой справе не. Павінна было быць некалькі людзей, якія выступілі як ворагі Езуса, таму што – як гэта вынікае ўжо са Старога Запавету – павінна было адбыцца ўкрыжаванне і паўстанне з мёртвых Езуса. А гэта значыць, што пэўныя людзі павінны былі стаць ворагамі Хрыста, інакш не было б Уваскрасення. Гэта, магчыма, гучыць трохі смешна, але ці не маглі быць імі і іншыя людзі, якія былі за Хрыста? Ці я на самой справе магу сама вызначыць, як мне ставіцца - пазітыўна ці негатыўна - да Асобы Бога?
Мне здаецца, што гэта не мае вялікага значэння, калі я ўпэўнюся, што Бог існуе, таму што Ён ужо раней вызначыў, ці буду я ў Яго верыць.
Таксама нам гавораць, што Бог нас ведае і любіць, яшчэ да нашага нараджэння. Ён ведае, як мы будзем да Яго адносіцца на працягу жыцця. Ці, аднак, я магу вырашаць, ці скажу я Пану “так”?
Я не ведаю, ці мае сумненні маюць падставу. Магчыма, я атрымаю на іх зусім просты адказ. Мне, аднак, дадзенае пытанне здаецца вельмі важным.
Жадаю ўсяго самага найлепшага і дзякую за дапамогу.
Крысціна
Дарагая Крысціна!
Твой ліст мяне вельмі зацікавіў, таму што на самой справе мяне парадавала тое, што сёння яшчэ існуюць людзі, якія цікавяцца праблемамі тэалогіі, якія ад часоў Новага Запавету праз стагоддзі займаюць думкі вялікіх мысліцеляў і не раз рабіліся прычынай шматлікіх спрэчак.
Ты не павінна думаць, што існуе якое-небудзь простае вырашэнне Тваёй праблемы. Усюды, дзе ў гульню ўваходзіць Бог, адказ не можа быць такі, што, пачуўшы яго, мы адразу выкрыкнем: ”Ага, так, зараз мне ўсё зразумела!” Такі адказ, напэўна, будзе не праўдзівы, таму што нашым “рашэннем” мы б толькі абмежавалі і зняважылі бы незразумеласць Бога, без якой Ён не быў бы сапраўды Богам. Можа быць толькі так, што ў падобных выпадках нам трэба выказаць вельмі многа меркаванняў, пра якія мы не зможам адназначна сказаць, што яны не супярэчаць адзін аднаму, а гэта значыць, што тое ці іншае з іх, або абодва, не могуць быць фальшывымі, але з іншага боку, нам цяжка пазітыўна ставіцца да гэтых выказванняў. Таму пры вырашэнні Тваёй праблемы мы будзем сутыкацца з такой колькасцю выказванняў, ад якіх мы не зможам адмовіцца, хоць нават, магчыма, мы і не зможам зразумець іх згоднасць і паходжанне ад аднаго правіла.
Таму мы, як разумныя людзі і сапраўдныя хрысціяне, скажам: падчас майго існавання ёсць месца на волю і адказнасць, ад якой мне нельга адмаўляцца, спасылаючыся на тое, што Бог мяне да чагосьці “змушае”. Нельга мне гэта сказаць нават тады, калі я прызнаю, што я дакладна не ведаю, у якім пункце майго жыцця гэтая мая адказнасць і воля пачынаюць рэалізоўвацца. Я як цэласнасць з'яўляюся – так сказаць – сабою, які павінен сам прымаць рашэнні, і мне нельга дазваляць лёгка ўцягваць сябе ў сеці прымусаў і безвыходнасці, хоць таксама бясспрэчны факт тое, што ў маім жыцці існуюць і знешнія фактары, якім я падпарадкаваны.
А зараз іншае меркаванне, якое я не магу далучыць да першага і таму павінен напісаць асобна, нягледзячы на маю ўласную індывідуальнасць і адказнасць, - таксама існуе бясконцы і незразумелы Бог. Гэтаму другому меркаванню, а нават меркаванням, можна надаць меншае значэнне.
Бог у сваёй бясконцасці ведаў і ведае гісторыю маёй свабоды. У сваёй часавасці яна стаіць каля Яго простай вечнасці (як бачыш, я стараюся ўнікаць слова “з вышыні”). Гэтыя веды Бога, якія належаць Яго звычайнай вечнасці, Яго звычайнаму “вечнаму зараз”, не перашкаджаюць маёй свабодзе. Гэтая мая свабода, хоць і абмежаваная, але аднак такая, што я не магу адмовіцца ад адказнасці, ёсць і застаецца атуленай не толькі гэтым Божым веданнем, але таксама і Яго моцай Творцы. Мая свабода падтрымліваецца гэтай моцай, як у добрых учынках, так і ў злых, якія мы здзяйсняем, таму што гэтае зло – пазітыўная рэчаіснасць, якая для таго, каб існаваць, патрабуе творчай прычыны Бога. Праз гэта мы, аднак, не змушаныя і не наканаваныя на неабходнасць, якая магла б абмежаваць нашую свабоду. На такім узроўні, на якім у нашым існаванні і ўчынках (таксама ў нашых свабодных учынках) ёсць нешта рэчаіснае і праз гэта добрае (нават у нашых злых учынках), мы павінны за дадзеную нам рэчаіснасць і за дзеянні нашай свабоды дзякаваць Богу як за дар Яго творчай моцы і Яго поўнай любові ласкі, таму што мая канчатковая, беспаваротная, якая атаясамліваецца са мной, рэчаіснасць – нават як свабодная - з'яўляецца Яго дарам. Гэтае паходжанне ўсёй маёй рэчаіснасці ад Бога не перакрэслівае мяне ў маёй рэчаіснасці і маёй рэальнай свабодзе, але яе абгрунтоўвае.
Бог і мая рэчаіснасць, і мая свабода – не канкурэнты, паміж якімі трэба выбіраць. Усё паходзіць ад Яго, але ўсё, што ад Яго паходзіць, мае ў тым, што самае глыбокае, якасць самога Бога (канешне, толькі праз аналогію) – свабода, якая можа стаць любоўю.
Пра тое, што я напісаў вышэй, ты, напэўна, скажаш – я не разумею, як гэта ўсё спалучаецца паміж сабой. Ведаеш, я таксама не разумею, як гэта ўсё можа знаходзіцца, у пазітыўным сэнсе, разам у такой гармоніі. Але я як думаючы чалавек і хрысціянін прызнаю, што не магу і не павінен разумець згоднасць гэтага ўсяго, але я павінен пакорна пакінуць пры сабе ўсе гэтыя выказванні і менавіта ў такі спосаб выказаць сваю пашану незразумеласці Бога. У пэўным сэнсе можна сказаць, што толькі Хрыстус можа зрабіць так, каб дазволіць Богу быць Богам, не імкнучыся да таго, каб уключыць Яго і замацаваць як пэўны акрэслены пункт у створаным намі ўкладзе залежных. У той ступені, у якой я атрымоўваю свабоду і прымаю на сябе ўласную адказнасць, ад якой мне нельга адмаўляцца, і на тым ўзроўні, на якім я перажываю Бога як незразумеласць майго існавання, я веру ў Яго і прымаю, я маю права сказаць кожнае з дадзеных выказванняў і падтрымліваць іх. Адначасова я сцвярджаю, што несправядліва выключаць якое-небудзь з гэтых выказванняў толькі таму, што я не магу растлумачыць іх згоднасць. Але таксама прызнанне за сабой права на стварэнне з тых выказванняў завершанай сістэмы, якую я цалкам ведаю, было б праявай інтэлектуальнай ганарлівасці.
Мне здаецца, што таксама і хрысціянскія філосафы і тэолагі нярэдка падвяргаюцца небяспецы выхаду за межы вызначаных для чалавечага мыслення, і яны прагнуць даведацца пра згоднасць гэтых выказванняў больш, чым гэта магчыма. Я не магу ў гэтым кароткім лісце растлумачыць, дзе я бачу такі выхад за межы ў розных хрысціянскіх не крытыкаваных Касцёлам сістэмах. Гэта Цябе толькі прымусіць страціць цікавасць, і гэта не патрэбна для Твайго рэлігійнага жыцця. Мне здаецца, што гэта цудоўна, калі ты даведваешся, што рэчаіснасць Бога і свету больш глыбокая і больш незразумелая, чым тая, якую мы б маглі зразумець.
Праўда тое, што чалавек толькі тады радзіць сабе з незразумеласцю Бога, калі перастае імкнуцца да таго, каб яе зразумець, але спрабуе яе палюбіць. Гэта так, як і з каханнем паміж людзмі. Калі мы кахаем другога чалавека, толькі на столькі, на колькі мы яго разумеем, і на колькі ён адпавядае нашым уяўленням і ідэалам, то мы не кахаем яго ўвогуле. Трэба яго прымаць такім, якім ён ёсць сам па сабе і для сябе. Толькі тады, ў такім каханні, удаецца знайсці іншага чалавека ў яго рэчаіснасці. Падобна з Богам і Яго незразумеласцю.
Магчыма, зараз Ты скажаш, што я павінен аднесці ўсе гэтыя праблемы да канкрэтных гістарычных выпадкаў і дзеянняў чалавека, сказаць штосьці пра ворагаў Хрыстуса, якія без адказу за сваю віну былі ўцягнуты магутным Богам да Яго плану збаўлення , нягледзячы на тое, што праз гэта яны не могуць быць апраўданы. Праўда і тое, што Бог можа тое, што з'яўляецца злом чалавечай вольнасці ў іншых, змяняць ў збавенне і ласку ў адносінах да тых, хто Яго шукае і любіць.
Гэта адзначаў ўжо святы Павел (знайдзі адказ у Лісце да рымлянаў), вызначаючы аднак, што чалавек не павінен рабіць з гэтага права высновы пра тое, што ён можа лёгка выбіраць зло, якое Бог выкарыстае для збаўлення іншых.
Ты павінна сама адчуваць сябе ў сваёй свабодзе чалавекам, які пакліканы праз любоў Бога, якая адлюстроўваецца ў Тваёй свабодзе, а таксама той, хто з надзеяй і з даверам аддае сябе Божай любові і сваю ўласную, незразумелую, свабоду.
З пажаданнем усяго найлепшага,
Карл Ранэр