Дарагі Айцец! Я магу сказаць, што ў мяне даволі шчаслівае жыццё і мне няма патрэбы спраўляцца з цяжкімі праблемамі. Можа, менавіта таму я задумваюся над рознымі пытаннямі. Я хацела бы напісаць сёння пра адно пытанне, якое мяне вельмі цікавіць. Я вывучала трохі жыццё св. Францішка з Асізі, і я вельмі ўражана яго стылем жыцця.
Шчасце, якое ён знаходзіў у бядзе, гэтая сувязь з Богам, тым больш вялікая, што ён жыў згодна з прыродай. Быў яе часткай, як палявыя кветкі і як птушкі на дрэвах. Жыў Святым Пісаннем і браў сілы з цудоўнай чысціні свайго жыцця. Здзіўляе мяне тое, што мы не можам, я таксама, вырвацца, як ён, з прынятых норм жыцця, каб падобна да яго пайсці той, можа нават самай цяжкай дарогай. Шмат хто з нас, канешне, адкрыты для яго навукі, але аднак ён не адважваецца быць яго паслядоўнікам. Я не гавару зараз пра ўступленне ў закон францішканаў, але пра яго вырванне з паўсядзённага жыцця, пра яго дасканалы ясны ўплыў, пра яго давер да Бога.
Адгаворка, што зараз зусім іншы час, магчыма, і правільная, але праблема і страх перед чымсьці новым застаюцца. Святому Францішку з Асізі ўдалося яго перамагчы.
Я разумею, што ў малых рэчах я магу ісці новым шляхам, што я не павінна кідаць усё, але мне трохі сумна, што гэта не так проста, што я не магу адарвацца ад гэтага ўсяго, каб прысвяціць сябе больш істотным справам майго жыцця.
Дзякую Вам, што Вы захацелі пазнаёміцца з маімі разважаннямі,
Марыяна
Дарагая Марыяна!
Дзякуй Богу, што ў цябе няма ніякіх сур'ёзных праблем і што штучна не ствараеш іх сабе сама, як большасць людзей, якія лічаць, што толькі такім, глыбока зацягнутым у праблемы можа быць сучасны чалавек. Святы Францішак з Асізі быў цудоўным чалавекам, сапраўдным хрысціянінам, святым. Шмат хто лічыць, што пасля Езуса ён наступны ў Касцёле і ў Нябесным Каралеўстве. Але кожны чалавек мае ўласнае, прызначанае толькі яму жыццёвае заданне. Кожны з нас непаўтаральны як чалавек і як хрысціянін, таму немагчыма так проста хацець скапіраваць св. Францішка з Асізі.
Ці ў Цябе ёсць пакліканне да падобнай беднасці, як у гэтага святога, ці можаш Ты жыць так блізка да прыроды, ці можаш ты па прыкладзе св. Францішка ў такой святой наіўнасці наследаваць Езуса (беручы пад ўвагу тыя характарыстыкі жыцця Езуса, якія былі блізкія святому, але якія не заключаюць у сабе ўсё тое, чым жыў Езус) – вось пытанні, на якія я, канешне, не магу даць адказ і на якія прыблізна трэба было б адказаць адмоўна.
Ты жывеш у іншы час, твая гістарычная і асабістая сітуацыя ставіць перад Табою зусім іншыя патрабаванні. Канешне, мы можам устрымацца ад думак пра радыкалізм, з якім дадзены святы жыў спадчынай Укрыжаванага Езуса. Ён можа быць прыкладам таго, што нельга бясспрэчна, абапіраючыся на канчатковы разлік на няверу, прымаць стыль жыцця наваколля з яго павярхоўнасцю і свецкасцю. Напэўна, ён нам штосьці гаворыць, што ўласны, магчыма, больш “альтэрнатыўны” стыль жыцця, які на самай справе будзе нашым, мы павінны знайсці сабе самі. Гаворачы інакш: Ты не павінна станавіцца св. Францішкам, але “святой Марыянай”. Канешне, я не ведаю, што гэта значыць. Ты не павінна перажываць па той прычыне, што Твой стыль жыцця не так проста і лёгка знайсці, як той – як ты лічыш – Ты знаходзіш у выпадку св. Францішка.
Можа здарыцца і так, што сваю дарогу Ты будзеш адкрываць паволі, крок за крокам. Ты не павінна старацца пазбезгнуць цяжкасцей такога доўгага пошуку. Не павінна Табе быць “трохі смутна”, што не ўсё так проста. Я ўжо 60 гадоў у манаскай супольнасці і стараюся на пэўным узроўні выконваць тыя абавязкі, якія вынікаюць з такога стылю жыцця, але пэўны шлях, па якім я павінен ісці, мне даводзіцца знаходзіць кожны дзень зноў і зноў.
Акрамя гэтага, мы не з'яўляемся тымі, хто стварае сваё жыццё згодна з нашымі ідэаламі, але тымі, хто штодня павінен прымаць сапраўдныя ласкі і свабоду, якую ахвяруе нам Бог.
Трымайся!
Я ведаю, што не так даўно Ты з вялікай павагай прыняла сакрамант бежмавання. Дзякуючы гэтаму, у межах Касцёла, Ты атрымала абяцанне, што Ты будзеш – калі ў тваім сэрцы будзе жаданне – скіравана Святым Духам таксама і тады, калі ў цябе не будзе дакладнай мапы твайго жыцця, па якім Ты павінна ісці.
З пажаданнем усяго найлепшага,
Карл Ранэр