Skip to main content

Зноў гэтыя развітанні

Дарагі Айцец!

Я з’яўляюся цесляром, які падчас нашай сустрэчы стаяў каля Айца. Не звяртаюся да Вас для таго, каб спытацца менавіта ў прафесара, але толькі таму, што хачу атрымаць практычны адказ. Пытаюся ў Айца ў надзеі, што таксама, як і дрэва, чэрпаючы сокі з глыбіні, выдам лепшыя плады. Што такое развітанне?

Апошнім часам я пазнаў розныя акалічнасці і змены ў развітаннях, што нават цяпер не магу іх адрозніць: ці гэта развітанне, ці расстанне, звыклае “да пабачэння”, пачатак ці развітанне, смерць ці развітанне.

Ці будзе развітанне тады, калі мой сябра, згубіўшы надзею, паддаўся наркотыкам?
Ці развітанне ў выпадку, калі раптам паміраюць двое маіх калег з працы, якія адначасова з’яўляюцца маімі сябрамі?
Ці развітанне, калі амаль два гады знаходзіў да дзяўчыны любоў, цярпенне, ідэі, лісты і пакуты і раптам адчуў, што яна мне ўвогу не патрэбная?
Ці развітанне, калі паміраеш?
Ці разам з маімі каштоўнасцямі будуць існаваць мае слабасці?
Ад чаго залежыць тое, што развітанне перарасце ў надзею ці ў адстаўку?
Калі прывыкнем да кагосьці, то ці будзе ў гэтым выпадку развітаннем, калі мы адрачэмся ад цыгарэт дзеля будучыні з гэтым чалавекам?
Калі кагосьці кахаеш - ці можна з ім развітацца, як Абрахам развітваўся са сваім сынам?

Адно толькі канкрэтна: кожнае развітанне я перажываю вельмі цяжка. Аднак ніколі не ведаю, якую навуку я магу для сябе з гэтага ўзяць, якія вынікі павінен зрабіць.

Гэтыя вечныя развітанні
Адчуваю ў глыбіні, калі плачу,
Магу пайсці рознай дарогай.
Прашу мне паказаць хоць адну!
 
Дзякую,
Клемент

Дарагі Клемент!

Ведаем адзін аднаго: з’яўляешся цесляром, і спадзяюся на тое, што ў хуткім часе здасі экзамен. Але я не з’яўляюся такой глыбокай палубай на зямлі, з якой дрэва Твайго жыцця можа чэрпаць сокі, каб выдаць лепшыя плады. Паспрабую аднак напісаць некалькі слоў на гэтую тэму. Пытаеш у мяне, чым з’яўляецца развітанне.

Існуюць, як сам пішаш, вельмі розныя віды развітанняў і немагчыма іх абстрактна аб’яднаць ў адно паняцце. Да развітання ва ўласным сэнсе трэба разумець той факт, што да гэтага, з чым развітваешся ці павінен развітвацца, трэба адносіць духоўныя сувязі. У выпадку цалкам абыякавых людзей ці такіх жа акалічнасцей, нельга гаварыць пра ўласнае развітанне. Але калі гаварыць пра людзей, для якіх штосьці мае істотнае значэнне, тады можна гаварыць пра такое развітанне. Той, з якім павінен развітацца, можа нават быць чалавекам. Прынамсі ў выпадку смерці кожны развітваецца ў першую чаргу сам з сабою, з магчымасцю вольнага распараджэння сабою і сваім жыццём як выкананым ці не выкананым заданнем, і павінен цалкам даверыцца Богу. Але напэўна, гэта з’ява развітання, якое не магчыма параўнаць з іншымі з’явамі.

Мне здаецца, што пры развітаннях трэба прынцыпова адрозніваць тое, ці развітваемся з чымсьці, адчуваючы сваю віну, ці яе не адчуваючы. Калі хтосьці ламае давер, адмаўляючыся ад таго, каму трэба аддаць пашану і любоў, тады гэта, напэўна, дрэннае развітанне. Хто праўдзівы вопыт свайго жыцця, з якім павінен спраўляцца, памяншае і ў пэўных выпадках марнуе, не захоўваючы яго ў сваёй памяці, тады такое развітанне з’яўляецца абцяжаранай віною. Канешне, адразу з’яўляецца праблема, ці магчыма яе адкупіць і вярнуцца да чалавека ці вопыту, ад якога адмовіўся. У розных выпадках гэта будзе выглядаць па-рознаму. Канчатковае прабачэнне такой віны, калі не магчыма вярнуцца да чалавека, ад якога ты адыйшоў, ці да страчаннага вопыту, магчыма толькі з дапамогай ласкі Божай. Але прыняцце гэтай страты, калі тое, што мы страцілі, вяртаецца ад чалавека да Бога, магчыма толькі праз сапраўдную просьбу аб выбачэнні, праз шчыры жаль і вытрыманне болю, звязанага са стратай. Легкадумнасць, лянота і падаўленне ў сабе пачуцця віны не дапаможа ў вырашэнні гэтай праблемы.

Аднак існуюць развітанні, якія не маюць нічога агульнага з віной, а з заданнем і жыццёвым абавязкам. Святое Пісанне ведае і апраўдвае факт аб тым, што дзіця павінна пакінуць свайго айца і маці. Такое развітанне можа суправаджацца болем. Для кагосьці вопытам у самотнасці і няпэўнасці. Гэта, аднак, канчатковае развітанне, бо чалавек павінен перайсці да самастойнасці і прыняць адказнасць за сваё жыццё.

Існуе многа такіх і падобных развітанняў. Святы Павел гаворыць аб гэтым тое, што пазбавіўся ўсяго таго, што дзіцячае. Заўсёды будзем павінны і заўсёды павінны развітвацца з тым, што было нам мілым і што відавочна належала б да нашага жыцця. Перад кожнай ноччу развітваемся з днём, які нам быў дадзены. Мы павінны навучыцца адмаўляцца ад рэчаў, якія прыносяць нам радасць ці задавальненне. Калі мы зразумеем, што павінны гэта рабіць, тады нашае жыццё зробіцца багатым і поўным. Калі-нікалі трэба развітвацца з людзьмі, якія з’яўляюцца нам вельмі блізкімі. Місіянер, які выязджае на місіі, павінен пакінуць шмат з таго, што было для яго вельмі блізкім.

Хто жэніца ці выходзіць замуж, заўсёды пакідае кола сваіх сяброў. Цяпер ён павінен больш увагі надаваць свайму каханаму чалавеку. Хто выбірае якую-небудзь працу і хоча ў ёй чагосьці дасягнуць, павінен развітацца з рознымі прыемнасцямі і заняткамі, для якіх раней з прыемнасцю аддаваў усю сваю маладосць. Можна таксама сказаць, што чалавек толькі тады можа жыць і расці, і пражываць жыццё, вартае жыцця, калі навучыцца развітвацца.

Залежыць ад сітуацыі, калі і якой дарогай трэба прыйсці да развітання. Таму не магу Табе канкрэтна даць рэцэпты на ўсе выпадкі. Пішаш напрыканцы, што часта паліш цыгарэты, калі развітанне становіцца вельмі цяжкім. Можна сказаць толькі, што Табе трэба навучыцца гэта перажываць, нават плачучы. Навучыся развітвацца, не азіраючыся.

Ведаеш гісторыю з Бібліі пра жонку Лота, якая ператварылася ў саляны слуп, калі, ўцякаючы са свайго роднага горада, паглядзела за сябе, калі б толькі там можна было адшукаць шчасце і жыццё. Навучыся не адварочвацца, а глядзець наперад, знаходзячы суцяшэнне ў перакананні, што таксама пасля развітання – якое з’яўляецца прадвызначэннем ці абавязкам – па-ранейшаму яшчэ малюецца перад Табой справядлівая, поўная і благаслаўленая мэта.

Жадаю Табе, каб Ты у хуткім часе здаў экзамен. Гэта таксама будзе развітаннем. Потым з’явіцца новае, а таксама невядомыя Табе да гэтага часу абавязкі. Не аглядайся назад, а ідзі наперад!

Жадаю Табе ўсяго найлепшага,

Карл Ранэр

Рэдагавана: 04 Снежня 2015