Шаноўны Айцец!
У мяне вельмі многа пытанняў, на якія сама не магу адказаць. Канешне, магла б на іх адказаць сама, калі б прыслухоўвалася да свайго сумлення. Але мне неабходны той, хто падасць мне руку.
Як гэта здараецца, заўсёды адчуваю ўдзячнасць да кожнага чалавека, які адкрывае ўласнае бачанне навакольнага свету ці ідэю, хоць яна праўдзівая напалову. Веру, што такім чынам я пазнаю частку “праўды”.
Часам уяўляю сабе, што сама магла б стварыць уласную ідэалогію: хачу быць шчаслівай, не прычыняючы шкоды іншым. Гучыць гэта вельмі проста, і, напрыклад, уся праблема дашлюбных адносін перастала быць актуальнай. Часам кажу сама сабе, што калі з кім-небудзь уступаю у цесныя сувязі ці для кагосьці вельмі мілая, раблю толькі дабро. Але агулам гэта не прыносіць мне вялікага задавальнення, пра якое гавораць.
Я адчуваю страх перад рэальнасцю, таму паддаюся на маніпуляванне. Ведаю, што веру ў Бога трэба штодзённа выпрацоўваць самой, але пазбягаю гэтага. І ўвогуле, баюся такіх патрабаванняў як чысціня, дысцыпліна, вернасць, гатоўнасць да шлюбу, адсоўванне сябе на другі план і інш. Часам, калі я хачу адчуць радасць, уключаю сабе магнітолу – адразу праз пару хвілін станаўлюся шчаслівай; гэта вяртае мне пэўную раўнавагу. Але пасля ўсё прыходзіць на свае месцы, як раней.
Гаворыцца, што будаўніцтва такіх замкаў на пяску небяспечна, таму што нельга аддзяліць ілюзіі ад рэальнасці, але баюся, што я ўвогуле не магла бы перанесці рэальнасць без ілюзій. Баюся яе. Яна ёсць пры мне: нявывучаныя ўрокі, патрабавальныя настаўнікі, амаль штодзённае павучанне маці. Баюся адмаўляць у кантактах, каб не страціць праз гэта сяброў. Калі людзі падводзяць, то тады Бог яшчэ больш узнагароджвае. Здаецца мне, што толькі з дапамогай Бога змагу паяднацца з сабой.
Але з Касцёлам не магу так праўдзіва пасябраваць. Калі думаю “Касцёл”, звязваю з ім чысціню, якую лічу як штосьці нялюдзкае і якая адкідае нават ананізм. На самой справе не ведаю, ці слова “нялюдзкі” выводзіцца ад чалавека. Што менавіта робіць чалавека “сапраўдным”? Я выразна адчуваю, што маю перад сабой далёкую дарогу, каб дайсці да Бога. Але буду спрабаваць дайсці да Яго. Чым больш я аб гэтым думаю, тым больш хачу ведаць “праўду” (хоць, праўдападобна, ніколі не змагу яе зразумець).
Касцёл абцяжараны яшчэ многімі справамі, якія людзі лічаць негатыўнымі. Касцёл прапануе людзям адрачэнне, ахвяру, панаванне над сабой і г.д., аднак не можа з перакананнем растлумачыць, што ўсё гэта можа быць для чалавека крыніцай радасці і шчасця. Нягледзячы на гэты скептыцызм, маю, як і раней, перакананне , што ідэяй Касцёла з’яўляецца дабро і тое, што праз Касцёл магу дайсці да Бога. Але як знайсці тыя вартасці, паколькі яны пахаваны пад забабонамі, недастатковым тлумачэннем, злымі прыкладамі, зручнасцю і дэспатызмам?
Шаноўны Айцец, канешне, я не чакаю адказу на ўсе пытанні. Спадзяюся толькі, што Айцец зможа скіраваць на мяне праменне святла свайго вялікага душпастарскага вопыту на маю цемру.
Шаноўная Крысці!
Пішу да Цябе, поўны раскаяння, бо вельмі доўга не мог адказаць на Твой ліст. У гэты час вельмі многае змянілася ў гэтым жыцці. Маеш дзіця. І гэта Тваё дзіця. Так ты надала пэўны рух гісторыі, за якую адказваеш. Гэта гісторыя, якая ніколі не скончыцца, бо адшукае вечны Канец перад Богам.
Жыццё, якое цяпер вядзеш, многае змяніла. Па гэтай прычыне не магу многа адказаць па тэме Твайго ліста. Перачытай яго сама яшчэ раз і падумай над тым, ці розныя думкі, калі іх дакладна прааналізуеш, не супярэчаць адна адной і ці гэтая супярэчлівасць не з’яўляецца адзінай супярэчлівасцю, якую павінна вырашыць у сваім жыцці. Калі глядзіш на сваё дзіця, тады бачыш у ім сваю вялікую жыццёвую адказнасць, або пэўную рэальнасць, якой менавіта і не баішся, а любіш яе, і таму прызнаеш сваю адказнасць. На гэтым пункце Твайго жыцця такія жаданні, як вернасць, гатоўнасць да ахвяры, адыход у цень і інш. пададуцца Табе зразумелымі, і адразу іх прымеш. Таксама заўважыш, што толькі тут можна знайсці сапраўднае шчасце, а не толькі тады, калі ўключыш магнітолу, мяркуючы, што такім спосабам дасягнеш духоўнай раўнавагі.
Калі ў гэтым пункце Твайго жыцця зробішся добрай, то пераканаеш свой страх, будзеш мужна трымацца кожны дзень, цвяроза выконваючы штодзённыя абавязкі. Тады Ты не будзеш патрабаваць падтрымкі ў тым, што, адмаўляючы сваім сябрам, страціш сапраўдных сяброў, якія вартыя на самой справе таго, каб звацца Тваімі сябрамі. Супакоеная, можаш разлічваць на тое, што Бог узнагародзіць усе чалавечыя расчараванні.
На тэму Тваіх адносінаў да Касцёла хацеў бы пакуль нічога не гаварыць. Дай Касцёлу шанец, каб мог раскрывацца для Цябе і рабіцца зразумелым з дапамогай Твайго самакрытычнага вопыту. Сама пішаш аб тым, што нягледзячы на твой скептыцызм, ты ўпэўнена ў тым, што ідэі Касцёла добрыя і што толькі праз Касцёл можаш адшукаць Бога. Сцвярджаеш таксама, што шмат з тых рэчаў, якія не падабаюцца Табе ў Касцёле, атрымоўваюцца з забабонаў, недастатковых тлумачэнняў, зручнасці, дэспатызму. Тут не расказваецца пра ідэю, якую абвяшчае Касцёл, але толькі пра вопыт, які можна атрымаць, калі маеш добрую волю. Усе мы з’яўляемся Касцёлам, звязаным паміж сабой сувязямі міласэрнасці, Касцёлам, які нягледзячы на ўсе расчараванні, гаворыць нам пра надзею ў благаслаўленае сканчэнне нашага жыцця, абяцанае нам не праз шчодрыя ідэі, але праз жыццё ўкрыжаванага і ўваскрослага Езуса.
Я мяркую, што Ты не жывеш ў поўнай цемры, але спакойна, мужна і з даверам можаш прытуліцца да таго святла, якое – дзякуй Богу ўжо без мяне – яснее ў Тваім жыцці, можа, менавіта на тварыку Твайго дзіцяці.