Страх перад кожным рашэннем
Дарагі Айцец!
Праблема, якая заўсёды паўстае перада мною, сямнаццацігадовай дзяўчынай, наступная: я хачу быць адказнай за кожны свой учынак, за кожнае прынятае рашэнне, а таксама быць у згодзе з самой сабой. Але з аднаго боку, мяне стрымлівае любоў да выгодніцтва і я заўсёды спрабую апраўдаць сябе рознымі адгаворкамі.
Часам, пасля доўгіх заняткаў у школе, я вельмі стомленая, каб зрабіць яшчэ нешта дома. У іншых выпадках я пытаю ў сябе: “Чаму менавіта я павінна гэта рабіць?” Дадзенай думцы неабходна было б супрацьпаставіць іншую: “А чаму менавіта я не магу гэта зрабіць?” Але ў такія хвіліны мне чамусьці не прыходзіць у галаву паставіць пытанне менавіта такім чынам; я застаюся непрыступнай і па вушы ахопленай сваім эгаізмам.
З іншага боку – і гэта мяне непакоіць – у мяне ёсць пэўная доля баязлівасці, а нават страху, што азначае, што часам я гавару і раблю нешта толькі таму, што так робіць або гаворыць большасць. У мяне ў такіх выпадках не хапае адвагі сказаць, што я лічу зусім па-іншаму або што ўвогуле не хачу гэтага рабіць, таму што не лічу гэта правільным. Часта здаралася, што я амаль гатова была даць адпаведны адказ, але ў выніку я гаварыла нешта зусім іншае.
Я заўсёды ведаю, калі я сказала або зрабіла штосьці фальшыва. І гэтая ўсвядомленасць мучае мяне, яна дае пра сябе ведаць у дакорах сумлення. Пры прыняцці некаторых рашэнняў я адчуваю вялікі ціск, які змушае мяне дзейнічаць. Але перад тым, як адчуць гэты ціск, я павінна прыняць рашэнне. Да гэтага часу адпаведны стымул прыходзіў з наваколля; я магу сабрацца, каб зрабіць дабро. Аднак калі я прымаю няправільнае рашэнне, я адчуваю сябе няёмка, амаль як у пастцы. Дадзены ціск, які змушае мяне да прыняцця рашэнняў і прыводзіць да таго, што я пачуваюся разарванай паміж няправільнымі і правільнымі рашэннямі, прыводзіць да таго, што я часта пачуваюся стомленай. Пры гэтым я ўвогуле лічу, што трэба паступаць правільна, толькі мая воля часам не вельмі моцная і мне не хапае пунктаў суадносін правільнага і фальшывага.
Я веру, што Вы зможаце мне дапамагчы, абапіраючыся на ўласны жыццёвы вопыт. Я хачу быць вольнай ад гэтага нечалавечага ціску, і пры гэтым прымаць правільныя рашэнні.
Жадаю Вам усяго найлепшага і шчыра дзякую,
Барбара
Дарагая Барбара!
Менавіта я не вельмі веру, што Ты знаходзішся пад “нечалавечым ціскам”. Канешне, кіруючы сваім жыццём, і ў адносінах з людзьмі мы павінны заўсёды па-новаму вырашаць, што нам трэба сказаць, што зрабіць, а чаго рабіць нельга. Таксама натуральна, што мы пасля, калі мы добрасумленныя і самакрытычныя, сцвярджаем, што тое ці іншае мы сказалі ці зрабілі няправільна. Такія рэчы ў сваім жыцці нельга недаацэньваць і не звяртаць на іх увагу або наадварот апраўдваць. Але калі мы пазней папракаем сябе за такія памылкі, перабольшваючы іх і дапускаючы да таго, што яны пераходзяць у дэпрэсію, гэта становіцца не столькі адзнакай нашах маральных імкненняў, якія можна толькі пахваліць, колькі дзеяннем фальшывага гонару, які фальшывым спосабам змушае нас дакараць саміх сябе тым, што мы зрабілі. Не трэба вельмі сур'ёзна ставіцца да гэтых – у выніку не так ўжо і вельмі значных – жыццёвых памылак.
Канешне, дома Ты павінна таксама пачаць працаваць, а не апраўдвацца тым, што Ты стамілася, там, дзе ад Цябе чакаюць дапамогі. У сваю ж чаргу Ты можаш паразважаць над сваімі малымі памылкамі і зразумець, ці не прыхаваны за імі эгаізм, да якога, несумненна, трэба аднесціся сур'ёзна. Але яшчэ раз паўтаруся: чалавек не павінен зашмат абцяжарваць сябе недасканаласцямі, а нават подласцямі нашага жыцця.
Ты не знаходзішся ў пастцы: калі Ты спакойна ацэніш, то Ты павінна будзеш сказаць сама сабе і заўсёды быць у гэтым пераканана, што дадзеная пастка на самой справе адчыненая. Калі ты не сказала сёння ніводнага добрага слова сваім блізкім, скажы ім іх заўтра. Калі сёння ты прыгнечаная і скідваеш работу на каго-небудзь іншага, паспрабуй пры першай жа магчымасці гэта выправіць. Гэта напэўна Ты можаш зрабіць, і калі ізноў Ты абудзіш у сабе такую волю, то не будзеш так перажываць свае мінулыя памылкі і зразумееш, што большасць з іх адносяцца да тых памылак, якія мы, слабыя і недальнабачныя людзі, робім што дня.
Чалавек падае, пасля чаго ізноў падымаецца. Калі што-небудзь было занядбана, то пазней трэба гэта дарабіць. Цярплівасць, з якой мы павінны адносіцца да людзей, у адносінах да сябе таксама з'яўляецца хрысціянскай цнотай. Трэба быць міласэрным і да сябе, так як і да астатніх людзей і да іх слабасцей.
Будзь спакойнай і радаснай, не трэба адносіцца да сябе вельмі сур'ёзна. Мы павінны адказваць за сваё жыццё. Але ў нашым жыцці прысутнічае вялікая колькасць рэчаў, за якія мы не павінны адказваць. Часам цяжка адрозніць іх паміж сабой, і таму пункт погляду адносна сур'ёзнай адказнасці за свае учынкі і міласэрнасць да самога сябе - гэта дзве цноты, якія немагчыма лёгка аддзяліць адна ад адной, але сумеснае выкананне якіх застаецца незвычайным і адначасова прыемным заданнем нашага жыцця, якое мы прымаем з даверам.
З пажаданнем усяго найлепшага,
Карл Ранэр