Skip to main content

Жыццё як падарожжа над прорвай

boards 2040575 1280Дарагі Айцец!

Аднойчы разам з сябрам я наведаў спатканне каталіцкай моладзі. Я там сказаў, што не магу прызнаць існаванне Бога, таму што няма доказаў, Езус таксама ім не з'яўляецца. Ніхто не мог супярэчыць сцверджанню, што Езус толькі выпадкова атрымаў свае незвычайныя магчымасці і пасмяяўся над чалавецтвам. Нягледзячы на мае меркаванні, члены супольнасці не былі на мяне абураныя, але прынялі мяне такім, які я ёсць. Пазней я часцей хадзіў на спатканні дадзенай супольнасці.

Падчас даўжэйшага лячэння ў шпіталі ў мяне быў час падумаць пра Бога. (Наколькі ўвогуле Ён існуе. Запярэчыць гэтаму, акцэнтуючы ўвагу толькі на разумовых разважаннях, немагчыма.) Гэты час разважання быў, несумненна, першым крокам да Бога, але я ўвесь час не ўпэўнены і знаходжуся ў пошуках. Толькі абставіны змусілі мяне заняцца “хрысціянскімі справамі”. Хвароба і матэрыяльныя праблемы – добрыя прычыны для веры. А каталіцкі Касцёл мог і можа зараз вельмі добра пераказваць сваю веру такім людзям і дзякуючы гэтаму быць для іх апорай. Я сам адчуваю, што належу да іншага ліку людзей: людзей дабрабыту. Чалавек дабрабыту церпіць. Ён не мае аніводнай фізічнай апоры. Калі ён хоць на хвіліну прыпыняе працу, мэтай якой ёсць магчымасць што-небудзь мець, то ён адкрывае ўнутраную пустэчу, расчараванне і нежаданне жыць. Я лічу, што больш балюча адчуваецца гэта ў моладзі, і я хацеў бы гэта змяніць. Але не ведаю як. Чалавек закрываецца ад астатніх. Як атамны рэактар, але ўнутры ўсё гарыць і кіпіць. Таксама я бачу, што ўсё жыццё – як падарожжа над прорвай – падзенне, прычыны якога алкаголь ці сэксуальныя перажыванні, магчыма кожны дзень.

Ці Касцёл можа дапагчы таксама і такой моладзі? Канешне, не прыгожымі цырымоніямі ці малітоўнамі формуламі, і не сваёй раскошаю. Секты, з іх таямнічасцю, больш прыцягальныя. Яны прыносяць змены ў шэрасць штодзённасці, нават калі гэта здзяйсняецца праз факт, што існуе толькі шэрасць.

Дарагі Айцец, прашу, адкрыйце мне доступ да Касцёла, які людзям дабрабыту дае хаця бы такую апору, як і хворым і бедным людзям.

Дзякуй Вам за вашу працу.

Францішак

Дарагі Францішак!

Ты студэнт факультэта матэматыкі. Таму я магу сцвярджаць, што ў цябе такая ж ментальнасць, з якой мы часта сустракаемся сёння ў асяроддзях людзей, якія займаюцца дакладнымі навукамі. Адсюль жа магчымасць так званай прафесійнай хваробы, якая заключаецца ў тым, што навуковец-прыроднік мае ў воку так званае “сляпую плямку”; гэта значыць, што пэўным чынам яго пазітывістычны рацыяналізм пэўным чынам затуманены тым, што чалавек непасрэдна даведваецца, тым, што магчыма разумова і эксперыментальна вывучыць. Пры такой ментальнасці, вядома, не вельмі лёгка знайсці доступ да той таямніцы, якая кіруе нашым жыццём, якую адначасова справядліва і троху зашмат традыцыйна называем Богам. З упэўненасцю я магу сказаць, што ты як прыроднік-навуковец досыць самакрытычны, каб хоць узяць пад увагу дадзенае прафесіянальнае звужэнне Твайго інтэлекту.

Праўдай з'яўляецца і тое, што бяда і хвароба - гэта сітуацыі, падчас якіх чалавек можа прыйсці да Бога, але толькі тады, калі робіць гэта належным чынам, таму што такія сітуацыі таксама могуць быць спажывай для атэістаў. Але дапушчэнне, што толькі ў такіх сітуацыях можа развіцца вера ў Бога, было бы вельмі прымітыўным. Вялікія вучоныя гісторыі духоўнасці, асабліва Грэцыі і Захаду, займаліся праблемай Бога пазітыўным спосабам, яны не былі ні беднымі, ні хворымі. Я лічу, што калі ты пішаш, што Касцёл умеў і ўмее перадаваць сваю веру бедным і хворым, і дзякуючы гэтаму становіцца для іх апорай, то гэта даволі прымітыўная думка.

Па-першае, мы – людзі - самі ствараем дадзены Касцёл, а меркаванне, што Касцёл існуе вакол людзей і вучыць іх нечаму, гэта скажэнне рэальнасці. Напрыклад я, чалавек, які прагне Бога, і адначасова з'яўляецца членам Касцёла як супольнасці верных, не адчуваю маніпулявання сваёй верай звонку якім-небудзь хітрым Касцёлам.

Ты пішаш, што не адносіш сябе да тых бедных і хворых, а лічыш сябе “чалавекам дабрабыту”. Я дакладна не ведаю, што ты маеш на ўвазе пад гэтымі словамі. Таксама ты пішаш, што “такі чалавек церпіць”. Ці толькі “дабрабыт” мае быць адзінай яго характэрнай рысай? Пішаш, што такі чалавек не мае “ніякай фізічнай апоры”. Ці ты маеш на ўвазе псіхалагічную апору? Чалавек, жыццё якога напоўнена ўнутранай пустэчай, роспаччу і пачуццём бессэнсоўнасці жыцця, гэта чалавек, які або павінен і можа знайсці шлях да Бога, або пагружаецца ў роспач па прычыне абсурднасці жыцця, або вельмі лёгка (але ў рэшце рэшт несучы за гэта пакаранне) уцякае ў плынь штодзённых абавязкаў з іх заданнямі і задавальненнямі.

Я лічу, што правільнай і адпаведнай рэакцыяй такога чалавека на дадзены стан з'яўляецца перакананне ў сапраўднасці самаго Бога. Канешне, у кароткім лісце ў мяне няма магчымасці прывесці Табе доказы правільнасці такога пераканання ў сапраўднасці Бога. Гэта не так проста. З гэтым Ты напэўна спрачацца не будзеш, і калі Ты не хочаш толькі ў выніку бяды ці хваробы шукаць паратунку веры ў Бога, якая па-новаму аспрэчваецца, але сапраўды жадаеш атрымаць такое перакананне і адказна ставішся да дадзенага пытання, калі гэта мае значэнне для цябе, то Табе неабходна будзе знайсці ў сабе сілы для знаходжання адказу ў сучасных тэалагічных і філасофскіх працах, якія пішуцца ў межах сучаснага хрысціянскага Касцёла. Не хачу рэкамендаваць Табе ніякіх пэўных прац з дадзенай галіны. Але можаш пачытаць, напрыклад, працы І. Кангара, Ц. С. Льюіса, Э. Л. Маскала, або – калі не знойдзеш нічога лепшага – мой “Асноўны курс веры”. Канешне, калі Ты хочаш атрымаць пэўную карысць з вывучэння дадзеных прац, Табе неабходна карпатліва іх прачытаць, з пэўнымі намаганнямі і праўдзівай адкрытасцю, не прымаючы адразу пазіцыю, што Ты і так ужо ўсё ведаеш.

Акрамя гэтага, непасрэдны кантакт з Касцёлам і яго жыццём у Тваёй сітуацыі з'яўляецца неабходным і пахвальным. Касцёл не складаецца толькі “з прыгожых цырымоній і малітоўных формулаў” або “раскошы”. Ён не жадае таксама ўносіць у шэрае штодзённае жыццё такія змены, як секты, пра якія пішаш і лічыш іх цікавымі. Касцёл – гэта супольнасць тых людзей, якія найвялікшым намаганні ўсяго свайго жыцця, з надзеяй, верай і даверам ідуць да вечнай таямніцы, якую мы называем Богам, і якія згодна з дадзенымі адносінамі да гэтай таямніцы ствараюць сваю штодзённасць і свой дробна-мяшчанскі стыль жыцця. Чалавек дабрабыту, якога ты апісваеш і якога хвалююць такія ж пытанні, таксама патрабуе доступу да Бога, і ён можа знайсці яго толькі ў сумесным жыцці з іншымі, якое абапіраецца на давер, якія – звернутыя да Езуса Хрыста - спрабуюць рэалізаваць гэтае жыццёвае заданне.

З пажаданнем усяго найлепшага

Твой Карл Ранер

Рэдагавана: 22 Лютага 2017