Маё цяперашняе становішча вельмі дрэннае. Сам не вельмі разумею, чаму. У любым выпадку я вельмі часта думаю пра смерць.
І калі быць шчырым, то гэта прыносіць мне задавальненне. Я не баюся яе, мне наадварот вельмі цікава. Можа, мае адносіны абумоўлены тым, што я вельмі шмат чытаў Германа Гессе. Увесь свой смутак і меланхолію ён паказвае як нешта пазітыўнае.
Зараз скончыліся канікулы. Часамі я жыву яшчэ ўспамінамі і знаходжуся ў пастцы больш, чым перад адпачынкам. Я п'ю яшчэ больш, таму што няма чаго рабіць, а сябры толькі заахвочваюць. Я не вытрымаю гэтага больш, нешта павінна здарыцца.
З бацькамі я канчаткова пасварыўся, адзіным чалавекам, які застаўся са мною, з'яўляецца Н. Да гэтага часу мы сустракаліся кожныя выходныя. Але яе бацькі вельмі подлыя. Яны наказваюць ёй быць дома не пазней, чым у 9 гадзін вечара і лічаць, што такія штотыднёвыя візіты вельмі частыя. Калі б яны толькі ведалі, да чаго гэта вядзе… Н. павінна іх слухаць. І як тут не сумнявацца і не ўпасці ў адчай!
Навошта ўсё гэта? Навошта? Жыццё штодня становіцца для мяне пакутай. Сучасны свет кожны дзень пераследуе сум за бяспечнасцю і любоўю, перашкаджае ім. Вы жывеце для сваёй веры, я Вамі захапляюся і зайздрошчу Вам. Мне сумна, таму што я не знайшоў яшчэ той веры, нягледзячы на тое, што прыкладаю ўсе сілы. Сумняваюся ва ўсім, а асабліва ў сабе. Я жыву марамі, а не праўдай. Я ведаю, што ва ўзаемаадносінах з людзьмі я ідэаліст. Але ці мне трэба адмовіцца ад гэтых ідэалаў толькі таму, што рэальнасць вучыць мяне зусім іншаму? Не, я хутчэй загіну з маімі ідэаламі, чым адмоўлюся ад іх.
Айцец павінен ведаць, што на тым тыдні застрэліўся мой сябар, якога я вельмі любіў і з якім мы разумелі адзін аднаго. З таго часу я адчуваю сябе вельмі прыгнечаным. Мы часта размаўлялі пра самазабойства і дыскутавалі на дадзеную тэму. І вось ён гэта зрабіў. На яго пахаванні я плакаў, як маленькае дзіця. Але магчыма, што зараз ён пачуваецца лепш і ўвогуле яму там лепей, чым было да гэтага часу.
Прашу Айца паверыць мне: калі я толькі даведаўся пра гэта, я не думаў ні аб чым іншым, а толькі аб тым, каб зрабіць тое самае. Але існуе яшчэ нехта, магчыма, адзіны чалавек, якога я сапраўды люблю. Зрабіць гэта зараз было б вельмі подла. Але ў такія хвіліны кожны сам сабе бліжэй за іншых. Калісьці я разважаў, ці не павінен я парваць з Н., каб мець “вольны шлях”.
Пэўна, Вы не зразумееце мяне. Не ведаю таксама, ці трэба было гэта ўсё пісаць. Але не зважаючы ні на што, прашу: паспрабуйце зразумець мяне і мой пункт погляду. Чакаю на Ваш адказ.
Дзякую за Вашу працу і жадаю ўсяго найлепшага.
Роберт
Дарагі Роберт!
Спачатку я павінен табе сказаць, што твой ліст вельмі доўга чакаў на адказ. Не павінна было так здарыцца, але здарылася. Калі ў выніку гэтага Ты перажыў яшчэ адно расчараванне, зараз з-за мяне, то, на жаль, нічым не магу табе дапамагчы, але раю Табе пераўтварыць яго, далучаючы да ўсіх астатніх, пра якія пішаш у сваім лісце, і з усімі паспрабаваць справіцца.
Спадзяюся, што тым часам штосьці змянілася дзякуючы выхаванню, якое дае нам само жыццё. Магчыма, навучыла Цябе чаму-небудзь смерць твайго сябра, які застрэліўся. Насамрэч, высновы не павінны заключаюцца ў тым, каб думаць аб самазабойстве. Ты не можаш асуджаць свайго сябра, таму што смерць кожнага з'яўляецца таямніцай, якую мы не можам разгадаць. У любым выпадку твая смерць з'яўляецца зусім іншай справай, чым смерць твайго сябра. Калі Ты паспрабуеш такім жа чынам уцячы ад сябе, то гэта будзе страх, які не з'яўляецца рашэннем любой жыццёвай праблемы, але сам па сабе ёсць пэўная мяжа.
Акрамя гэтага хачу проста сказаць: хопіць піць! (Спадзяюся, что ты ўжо перастаў!) Свае адносіны з бацькамі не лічы няшчасцем, з-за якога сам сябе шкадуеш, але заданнем, якое Ты павінен выканаць. Канешне, бываюць выпадкі, калі і бацькі з'яўляюцца даволі абмежаванымі людзьмі. Але гэта не з’яўляецца прычынай, каб быць з імі “канчаткова пасварыўшымся”, але заданнем, якое навучыць Цябе быць цярплівым і разумець іншых людзей, а падчас сварак не шукаць віны толькі другіх людзей, але мець самакрытычны пункт погляду, што ў гэтым ёсць і твая віна.
Можа, Твае праблемы з Н. вырашыліся ўжо самі. Ці такое меркаванне цалкам недапушчальнае? Калі так здарылася, то новы вопыт не павінен стаць прычынай таго, каб забыць аб мінулым, як быццам гаворка вядзецца тут толькі аб пераходзе, аб прыходзе і адыходзе, штосьці накшталт змены надвор’я. Запытай сам сябе: ці такі вопыт насамрэч цябе чамусьці вучыць, ці дзякуючы яму можаш пазнаць сябе лепей, і ці дае магчымасць не паддавацца першаму лепшаму пачуццю або мімалётнаму суму па адчуванню бяспекі. Ці бацькі Н. сапраўды аказаліся “такімі подлымі”, калі твае пачуцці да дадзенай дзяўчыны змяніліся, і ты адчуваеш задавальненне, таму што “шлях вольны”? Трэба мець адвагу, каб сапраўды чамусьці навучыцца са свайго вопыту. Пазней ён можа ператварыцца ў “благаславёную глупасць”, якой даецца лагодная ацэнка, але так неразумна не паўтараецца яна зноў, як, на жаль, робіць большасць людзей.
Не ведаю, ці я добра Цябе зразумеў. Ты правільна паступіў, калі напісаў мне аб усім гэтым, нават калі я не на ўсё даў адказ. Адважна спрабуй, калі гаварыць пра тваю веру, якой – як лічыш – ты яшчэ не знайшоў. Калі будзеш так рабіць, то ў Цябе будзе жывая вера, хаця б у зародку. Не трэба адмаўляцца ад “ідэалаў”, таму што сапраўдная рэчаіснасць заключаецца ў іх, а не ў тым, што за рэчаіснасць прымаюць баязлівыя людзі.
Пішаш, что захапляешся мною з-за маёй веры. У мяне таксама не ўсё так проста. Апошнім часам я павінен старацца знаходзіць веру кожны дзень так, як раю Табе. А калі ты чалавек майго ўзросту і табе здаецца, як і іншым, што прыходзіць гэта лягчэй, чым маладым людзям, самы час сабе сказаць, што дадзеная лёгкасць можа сведчыць не столькі аб большай веры, колькі аб наступствах склерозу, які развіваецца з узростам. Але дакладна гэтага не вядома.
І Ты, і я кожны дзень павінны вучыцца верыць у вечнага Бога, у бясконцасці і непазнавальнасці якога знаходзяць рашэнне ўсе нашы праблемы, і менавіта тады, калі мы самі не разумеем, як гэта адбываецца.
З пажаданнем усяго найлепшага
Твой Карл Ранэр