У Евангеллі ад Лукі Езус Хрыстус расказвае прытчу пра міласэрнага самараніна, у якой Божы сын даў адказ на пытанне аднаго законніка: “Хто мой бліжні?”. Біблейскі герой аказаў, не раздумваючы, дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду, нягледзячы на тое, кім той быў, якой веры і паходжання. А вось нейкія іншы людзі гэтага не зрабілі, бо імі спагада разумелася іншым чынам.
Так павучальна нам даводзіцца думка, што міласэрнасць не павінна мець абмежаванні ці выключэнні. А тым самым “бліжнім” павінен быць любы і кожны, каму патрэбна наша дапамога. І ў якасці "бліжняга" можа выступіць не толькі супляменнік і сусед, або адзінаверац, а кожны чалавек, нават вораг або ганіцель. Менавіта міласэрнасць да ворага можа быць указаннем на глыбокае пачуццё любві і сілы волі, якімі валодае чалавек, здзейсніўшы падобны ўчынак.
Але ў біблейскай прытчы, думаецца, закладзена і яшчэ адна вельмі важная для нашага асэнсавання думка: “Сіла чалавека і, значыць, чалавецтва, у міласэрнасці, ад яе залежыць быць нашай будучыні ці не быць”.
Праблему літасці да ворага, да тых, хто прычыніў зло, часта закраналі ў сваіх творах пісьменнікі. Што дае чалавеку такая праява яго міласэрнасці, якія наступствы могуць быць ад гэтага? У такім ракурсе праблему міласэрнасці выяўляюць творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага. У сярэдзіне ХХ стагоддзя найбольш знакава яна была ўвасоблена ў творах В.Быкава. Час вайны, які давялося перажыць самому пісьменніку, даваў багаты матэрыял для роздуму пра магчымасці чалавека, пра праявы яго чалавечых якасцей, пра выбар, які павінен здзейсніць кожны. У аповесцях і апавяданнях пра вайну найбольш выразна прагучала думка пра сутнасць міласэрнасці і літасці. Пісьменнікам амаль у прытчавай форме пададзены выпадкі, якія прымушаюць задумацца не толькі над сутнасцю гэтых паняццяў, але і прадбачыць тыя наступствы, калі чалавецтва страціць здольнасць суперажываць і прабачаць.
1961 годам пазначаецца апавяданне В.Быкава “Адна ноч”, у якім праблема міласэрнасці выступае ледзьве не на першы план. Салдат-беларус Валока мусіць правесці адну ноч ў сутарэнні разбуранага выбухам падвала дома з ворагам, немцам Фрыцам Хагеманам.
Агульная бяда – адсутнасць выйсця – прытупляе на пэўны час іх варожасць. Наадварот, у маленькай замкнёнай прасторы нібы нейтралізуюцца жорскія законы вайны і нянавісць адзін да аднаго. Паранены немец выклікае спагаду ў Валокі, ён амаль на падсвядомым узроўні робіць тое, чаго патрабуе ў дадзеным выпадку сітуацыя: “Неяк міжвольна пранікшыся спачуваннем да яго болю, Валока адставіў убок нагу і намацаў у кішэні пацёрты, даўно ўжо ношаны там перавязачны пакет. Баец мог і не даваць яго: не так ужо і шкада яму было гэтага падбітага гітлераўца. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба”.
Паміж нядаўнімі ворагамі ненадоўга ўсталёўваецца паразуменне, якое не ў малой меры было абумоўлена пачуццём спагады да бліжняга, да больш слабага.
Перадаючы думкі свайго героя, салдата Валокі, В.Быкаў спрабуе разабрацца ў сутнасці такой няпростай сітуацыі, такой непрадбачанай метамарфозы: “Толькі якую гадзіну назад, не бачачы і ніколі не ведаючы адзін аднаго, яны душыліся, біліся ў гэтым склепе, поўныя злосці і лютае прагі знішчэння, а зараз, нібы нічога між імі і не здарылася, суладна рвалі са столі кавалак бетону, каб выкараскацца з агульнай бяды… І ад гэтае блізкасці ці ад суладнасці агульных намаганняў тое варожае, што ўвесь час жыло ў ім да гэтага немца, пачало меншаць, раставаць і прападаць.”.
Праўда, агульная бяда прымушае змірыцца нават зацятых ворагаў. Але ці падразумявае пісьменнік пад гэтай агульнай бядой толькі тую злашчасную бетонную пліту, што перакрыла героям шлях да свабоды? Думаецца, у гэтай сітуацыі і хавалася важная быкаўская думка, што пераадолець агульнае сусветнае зло, што неслі ў сабе вайна і фашызм, магчыма толькі супольнымі чалавечымі намаганнямі без аглядкі на нацыянальнасці, на светапоглядныя разыходжанні. Менавіта справа на агульную карысць дае магчымасць убачыць у суперніку не праявы адмоўнага ці варожага, а тое звычайнае чалавечае аблічча, якое так бязлітасна нівеліруецца, калі ваюць вялікія арміі і цэлыя народы: “Валока неяк уважліва, упершыню з добразычлівай зацікаўленасцю, агледзеў немца. …Ва ўсёй яго цяперашняй паставе і абліччы баец не бачыў нічога варожага, нічога недаверліва хітраватага, немец быў просты, рухавы і нават, адчувалася па нечым, — чулы і шчыры чалавек”.
Адносіны герояў адзін да аднаго, адчуваецца, у роўнай меры падобныя: і адзін, і другі здольны на высакароднасць і літасць: “Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю, — усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной, — усё гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем'яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей”.
Здавалася б, фінал, дзе адбудзецца поўнае паразуменне паміж героямі, не прымусіць сябе чакаць. Але ідыліі не адбываецца. Атрымаўшы магчымасць выйсці з сутарэння, героі зноў становяцца ворагамі. Іх процістаянне заканчваецца трагедыяй: “Фрыц кульнуўся цераз глыбу, што перагароджвала яго шлях да сваіх, а Валока, адчуўшы, што зараз усе скончыцца, але ўжо не думаючы пра сябе, а толькі з усяе свае ўпартасці не жадаючы аддаць ворагам гэтага чалавека, стрыкнуў па-над ім чаргою. ….Тады немец яшчэ раз ускочыў, крутнуўся, зірнуў угору на Валоку — у яго вачах адбіўся ўжо страх і азвярэлая лютасць чалавека, у якога не было выйсця. Баец, сцяўшыся, упаў між ламачча, не зводзячы з немца позірку, і ўбачыў, як той ліхаманкавым рухам выхапіў нешта з кішэні, ірвануў другою рукой і, коратка размахнуўшыся, шпурнуў у яго.«Граната!» — чамусьці са спазненнем бліснула здагадка, і Валока, адчуўшы канец і не маючы ні сілы, ні якое магчымасці ўратавацца, ірвануў да пляча аўтамат”.
Абставіны вайны перакрэслілі жаданне герояў быць міласэрнымі. У абодвух салдат не хапіла ні магчымасці, ні волі перамагчы іх. Можна сцвярджаць, што В. Быкаў з непераадольнай горыччу канстатуе, што ўмовы вайны не толькі робяць чалавека прывычным да смерці і гібелі, яны пазбаўляюць асобу суперажывання, літасці. А гэта ўжо шлях да яе самаразбурэння, шлях да страты вышэйшага чалавечага пачатку. Зместам свайго твора пісьменнік папярэджвае: гэты працэс можа стаць незваротным.
Маштабы выяўленай пісьменнікам праблемы не маюць межаў. Быкаўскі твор нясе ў сабе папярэджанне і канкрэтнаму чалавеку, і чалавецтву ўцэлым.
У сваіх пазнейшых творах В.Быкаў будзе яшчэ шмат разоў шукаць адказу на падобнае пытанне: як застацца міласэрным і літасцівым насуперак бесчалавечым абставінам вайны і жыцця? Тое, што гэта праблема не выпала з-пад увагі пісьменніка, засведчаць яго новыя творы, напісаныя ў 80-90-я гады.
У аповесцях і апавяданнях зменяцца абставіны, героі, яшчэ больш завострацца канфлікты, але застаецца нязменнай перакананасць аўтара, што толькі любоў і спагада да бліжняга з’яўляюцца выратавальным шляхам для самога чалавека і для чалавецтва. У аснову свайго апавядання “Падоранае жыццё” В.Быкаў паклаў канкрэтны выпадак са сваёй ваеннай біяграфіі. Сам пісьменнік згадваў, што ён ніколі не забываў пра гэта своеасаблівае здарэнне: “Усе гады вайны я нікому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, — але не пераставаў пра яго думаць».
Абсалютна магчыма, што сапраўднае асэнсаванне гэтага выпадку прыйшло значна пазней, калі было ўжо шмат напісана, пабачана і перадумана. У апавяданні лаканічны і просты сюжэт: два варожыя салдаты, сутыкнуўшыся ў смяротным процістаянні, не забілі адзін аднаго: “…падаравалі адзін аднаму жыцьцё. Хай і міжволі”. Нейкая вышэйшая сіла дала магчымасць ворагам разысціся, не дазволіўшы адбыцца яшчэ адной трагедыі. Хаця здавалася б, што значыць гэта падоранае выпадкам жыццё двух людзей?! Пясчынка ў бязмежным людскім віры. Але якую вялізарную сілу набывае гэты выпадак, стаўшы сапраўдным выклікам злу і бесчалавечнасці. У свой час рускім пісьменнікам ХІХ ст. І.С.Тургеневым было зазначана: “Я глыбока веру, што ніякі рух дабра ў свеце не прападае марна”.
Так, думаецца, сталася і ў быкаўскім варыянце: кошт міласэрнасці стаў неймаверна вялікім: “Таму што, застрэліўшы тады немца, я таксама немінуча быў бы забіты. А можа, гэта Усявышні падарыў нам па другім жыцьці. I во я жыву”.
Ваенны выпадак збярог нам пісьменніка-класіка, а ён у сваю чаргу данёс да ўсіх нас выключнай важнасці думку: толькі любоў і міласэрнасць да бліжняга, кім бы ён ні быў, выратуе свет ад духоўнай катастрофы, ад знішчэння, а ўсе канкрэтныя міласэрныя чалавечыя ўчынкі ўвойдуць у агульную скарбніцу сусветнага дабра.
Падрыхтавала старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ Святлана Тарасава
*Рубрыка вядзецца дзякуючы ініцыятыве і супрацоўніцтве з Карытас Гродзенскай дыяцэзіі