Дзейнасць хрысціянскай традыцыі захаду пакінула ў нашай культуры адметны след. Вялікая колькасць унікальных помнікаў архітэктуры, манументальных фрэсак і твораў іканапісу заўсёды прыцягвалі падарожнікаў.Сайт vandrouka.by апытаў падарожнікаў і культуролагаў і склаў рэйтынг найбольш цікавых помнікаў.
1. Касцёл Святой Тройцы - Гервяты, Астравецкі раён, Гродзенская вобласць (1903) - самы яркі прыклад неагатычнага стылю архітэктуры ў Беларусі. Касцёл, які называюць "маленькай Швейцарыяй" і "Беларускім Нотр-Дамам". Яго веліч падкрэслівае нават асяроддзе - ландшафтны парк са статуямі апосталаў. Вышыня 61 метр (20-павярховы дом) і яго афарбоўка ўразяць нават самага патрабавальнага турыста.
Фота: Rakovich, photoclub.by
2. Касцёл св. Францыска Ксаверыя (фарны) - Гродна (1678, 1752) - Велічны помнік архітэктуры Беларусі XVII-XVIII ст. У мінулым езуіцкі касцёл і кляштар былі самымі багатымі ў Рэчы Паспалітай, цяпер касцёл здзіўляе і захапляе сваім інтэр'ерам, мабыць, самым прыгожым ва ўсёй Беларусі. А на адной з вежаў касцёла да гэтага часу працуе самы стары гадзіннік ў Беларусі.
Фота: Interfax.by
3. Касцёл Божага Цела (фарны) - Нясвіж, Мінская вобласць (1593 1705) - шэдэўр агульнаеўрапейскай значнасці, першы касцёл у стылі барока ў Рэчы Паспалітай (і другі ў свеце), радавы пахавальны склеп Радзівілаў. Толькі пра фрэскі і інтэр'еры можна напісаць некалькі артыкулаў.
Фота: Андрэй Скуратаў
4. Касцёл Нараджэння Панны Марыі - Відзы, Браслаўскі раён, Віцебская вобласць (1914) - адзін з найбольш выразных помнікаў архітэктуры ў стылі неаготыкі. Вышыня касцёла - 60 (!) метраў, але з-за насычанага чырвонага колеру сцен ён здаецца нашмат большым і масіўнейшым. Цікавы тым, што ў адну са сцен ўмураваны снарад з 1-й сусветнай вайны.
Фота: Руслан Рындзевіч
5. Касцёл бернардзінцаў - Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць (1643, 1783) - помнік архітэктуры позняга барока. У касцёле захоўваецца ікона, падораная Папам Рымскім у 1598 годзе, захаваўся ўнікальны драўляны алтар (1647 г). Улічваючы гісторыю і ролю храма ў жыцці беларускіх каталікоў, Папа Рымскі Ян Павел II ў 1994 годзе прысвоіў касцёлу тытул "малой базілікі".
6. Касцёл св. Сымона і Алены (чырвоны) - Мінск (1910) - для многіх гэты помнік архітэктуры раманскага і гатычнага стылю ўжо даўно стаў сімвалам Мінска. Касцёл названы "У імя св. Сымона і св. Алены" не выпадкова - у памяць аб памерлых ад хвароб двух дзецях Э. А. Вайніловіча, мецэната, які спансараваў будаўніцтва. Цікавы факт: 1-ы сакратар ЦК КП БССР Пётр Машэраў ўжо распарадзіўся знесці касцёл, які нібыта "псаваў твар сацыялістычнага горада", але тут яго напаткала раптоўная смерць.
Фота: Interfax.by
7. Касцёл Святой Тройцы - Ішкалдзь, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць (да 1472) - самы стары не перабудаваны касцёл на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аўтэнтычная позняя готыка, якая захавалася практычна ў першапачатковым выглядзе, дзівіць не столькі прыгажосцю, колькі сваім узростам.
Фота: Olga Maksimova, photoclub.by
8. Касцёл Маці Божай Ружанцовай - Солы, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць (1934) - адзін з самых цікавых узораў архітэктуры міжваеннай Польшчы на тэрыторыі Беларусі. Акрамя вельмі незвычайнага экстэр'ера, заслугоўваюць увагу фрэскі касцёла - "Абарона Чэнстаховы" (абарона Яснагорскага манастыра ў 1655 г.) і "Цуд над Віслай" (перамога польскіх войскаў над Чырвонай арміяй пад Варшавай ў 1920 г.).
Фота: Андрэй Скуратаў
9. Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі (францысканскі) - Пінск, Брэсцкая вобласць (пачатак ХV стагоддзя, 1769) разам з кляштарам стварае унікальны твар Пінска. У касцёле захаваўся адзін з самых старых арганаў у Беларусі і адзін з самых прыгожых і багатых інтэр'ераў. Цяжка паверыць, што нейкі час пасля вайны ў касцёле размяшчаўся "клуб рачных маракоў".
Фота: viks.turbina.ru
10. Касцёл св. Міхала Арханёла - Івянец, Валожынскі раён, Мінская вобласць (1749, 1885) - галоўная гісторыка-мастацкая славутасць Івянца, адзін з самых яркіх узораў "віленскага барока".
Фота: Руслан Рындзевіч
11. Касцёл Святой Тройцы - Шылавічы, Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць (1914) - адзін з самых высокіх касцёлаў Беларусі (55 метраў), які амаль на працягу 40 гадоў выкарыстоўваўся ў якасці склада.
Фота: Vladus
12. Касцёл св. Пятра і Паўла - Баруны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць (1707, 1757) - адзін з самых цікавых помнікаў позняга барока ў Беларусі. Цікавы тым, што ў ім няма сіметрыі, уласцівай большасці культавых пабудоў.
Фота:Андрэй Скуратаў
13. Касцёл св. Яна Хрысціцеля - Камаі, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць (1603, 1861) - адзіны ў Беларусі касцёл, які ніколі не закрываўся з моманту адкрыцця. Да гэтага часу сцены касцёла шырынёй у 2-2,5 метра захоўваюць у сабе шведскія ядры часоў Паўночнай вайны.
Фота:pashunja.livejournal.com
14. Касцёл св. Казіміра - Ліпнішкі, Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць (1910) - адзін з самых уражліваючых неагатычныхм касцёлаў Беларусі. Шмат каму з вандроўнікаў здаецца, што архаічны касцёл, абліцаваны гранітам, пераносіць нас у эпоху якой-небудзь сярэднявечнай Англіі.
Фота:Андрэй Скуратаў
15. Касцёл св. апостала Андрэя - Слонім, Гродзенская вобласць (1775) - помнік архітэктуры позняга барока і ракако, які стварае твар Слоніма. Храм уражвае гасцей горада багаццем дэкору і пластыкай фасада. У савецкі час у будынку касцёла зрабілі склад солі, з-за чаго былі страчаныя многія элементы інтэр'ера.
Фота: Interfax.by
16. Касцёл св. Антонія Падуанскага - Паставы, Віцебская вобласць (1903) - помнік архітэктуры ў стылі неаготыкі, які стварае скайлайн (панараму горада) Пастаў. Грошы на будаўніцтва касцёла не шкадавалі - напрыклад, накрылі яго марсельскай дахоўкай, а некаторыя элементы дэкору заказвалі ў Італіі. Цяпер цяжка паверыць, што ў савецкі час гэты выдатны будынак выкарыстоўваўся ў якасці склада электралямпавага завода.
Фота: Руслан Рындзевіч
17. Касцёл св. Тадэвуша - Лучай, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць (1776, пач. XIX ст.) - Апошні помнік езуіцкай творчасці ў ВКЛ. На тэрыторыі касцёла знаходзіцца першая ў былым СССР статуя папы Бенедыкта XVI.
Фота:by-architecture.livejournal.com
18. Касцёл Адшукання св. Крыжа Гродна (бернардынцаў) - Гродна (1618, 1738) - помнік архітэктуры ранняга барока, дамінанта архітэктурнай панарамы Гродна. У інтэр'еры касцёла - унікальныя рэнесансныя скульптурныя кампазіцыі і арган XVII стагоддзя.
Фота:Андрэй Скуратаў
19. Касцёл Маці Божай Шкаплернай - Мядзел, Мінская вобласць (1754) - цікавы прыклад зліцця рэнесансу і барока, першы ў Беларусі прыклад выкарыстання аб'ёмных калон ў барочнай кампазіцыі фасада, радавая пахавальня Кошыцаў.
Фота:myadel.info
20. Касцёл св. Міхала Арханёла - Ашмяны, Гродзенская вобласць (1910, 1990) - самая запамінальная славутасць Ашмян, адзін з самых цікавых помнікаў "віленскага" барока.
Фота:darrius.livejournal.com
21. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа - Вілейка, Мінская вобласць (1913) - адзін з самых уражлівых помнікаў архітэктуры ў нэараманскім стылі ў Беларусі, асоба Вілейка, уваходзіць у "7 цудаў Міншчыны".
Фота:Андрэй Скуратаў
22. Касцёл Перамянення Гасподняга (фарны, Фара Вітаўта) - Навагрудак, Гродзенская вобласць (1395, 1723) - касцёл, які займае значнае месца ў гісторыі Беларусі, касцёл, які заклаў сам Вітаўт. Тут Ягайла пажаніліся з Ядзьвігай, тут хрысцілі Адама Міцкевіча. Уражвае, праўда?
Фота: Андрэй Скуратаў
23. Касцёл св. Юрыя - Паланэчка, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць (1751, 1897) - адзіны драўляны касцёл у нашым рэйтынгу. Пабудаваны ён ў 1899 годзе архітэктарам Вайцяхоўскім па распараджэнні Альберта Радзівіла. Касцёл знакаміты верхнім літургічным адзеннем святара, пашытым са знакамітага Слуцкага пояса.
Фота:vandrouka.by
24. Касцёл св. Пятра і Паўла - Ражанка, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць (1674, 1925) - першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі неагатычная пабудова. У сцены ў некаторых месцах пры будаўніцтве закладывалі пустыя бутэлькі і посуд - для лепшай акустыкі.
Фота:vandrouka.by
25. Касцёл Святой Тройцы - Чарнаўчыцы, Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць (1583) - адзін з самых цікавых абаронных храмаў Беларусі, Вышынная дамінанта мястэчка. У часы Савецкага Саюза - адзіны дзеючы касцёл у радыусе 50 км.
Фота:vik-us.livejournal.com
26. Касцёл Святой Тройцы - Глыбокае, Віцебская вобласць (1782, 1908) - помнік архітэктуры позняга барока, якія стаіць насупраць брата-блізнюка - праваслаўнага сабора Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. Архітэктурная дамінанта горада Глыбокае.
Фота: Руслан Рындзевіч
27. Касцёл Святой Тройцы - Воўчын, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць (1733, 1790) - адзін з самых прыгожых барочных касцёлаў Беларусі, пахавальня апошняга караля Рэчы Паспалітай - Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пры савецкай улады - склад угнаенняў. У дадзены момант аднаўляецца польскімі рэстаўратарамі.
Фота:Sergey_Nik_Melnik, photoclub.by
28. Касцёл св. Барбары - Віцебск (1785, 1885) - помнік архітэктуры неараманскага стылю, які, ў савецкі час выкарыстоўваўся ў якасці сховішча для біялагічнага ўгнаення (!). У васьмідзесятых з касцёла хацелі зрабіць залу арганнай музыкі, але стараннямі святара і мясцовых жыхароў вярнулі вернікам.
Фота: Андрэй Скуратаў
29. Касцёл св. Міхала Арханёла - Міхалішкі, Астравецкі раён, Гродзенская вобласць (1662) - помнік архітэктуры ранняга барока, які захаваў скульптурныя пано 1677 года, вельмі падобныя на размешчаныя ў касцёле Пятра і Паўла ў Вільні.
Фота:belarus.nemiga.info
30. Касцёл св. Міхала Арханёла - Белагруда, Лідскі раён, Гродзенская вобласць (1609, 1900) - помнік архітэктуры неаготыкі, Пабудаваны з жоўтай цэглы. У касцёле захаваліся фрэскі і арган пачатку 20 стагоддзя.
Фота: Дзмітрый Апалікаў
Паводле vandrouka.by
Я лічу што абавязкова трэба сюды залічыць "праваслаўны" касцёл у вёсцы Сар'я Віцебскай вобласці.
Гэта сапраўды малая і амаль невядомая пярліна дойлідства Беларусі.
Падрыхтавала С. Віргінія Хацян