У апошнія дні нашага побыту ў Казахстане распачаліся Дні моладзі. Я не мог адтуль пісаць, бо ў Азярном, дзе яны адбываліся, не было мабільнай сувязі і інтэрнэту. Мне падаецца, гэта было цудоўна - моладзь адпачыла ад гаджэтаў і была сам-насам з Богам.
З розных куткоў Казахстану, Таджыкістану і Расіі прыехала 270 чалавек - моладзь 16 гадоў і старэйшыя. Некаторым прыйшлося пераадолець 3000 км.
Усё пачалося з рэгістрацыі, новых знаёмстваў, а таксама св. Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Томаш Пета. Ён сказаў, што заступнікам гэтых дзён будзе бл. Эдмунд Баяноўскі - заснавальнік Кангрэгацыі сясцёр-служанак Марыі.
За канферэнцыі быў адказны а. Пётр з Польшчы, які прыехаў з групай валанцёраў. Яны давалі шчырыя сведчанні, якія мне вельмі спадабаліся, бо былі зразумелымі для моладзі.
Найважнейшай справай была св. Імша, канферэнцыі і праца ў групах, за якую мы таксама былі адказныя. Праца ў групах нас вельмі здзівіла, таму што маладыя людзі, якія нядаўна былі яшчэ незнаёмыя, дзяліліся ўласнымі сведчаннямі, распавядалі пра праблемы ў сем'ях. Гэта ўсё здзяйснялася дзякуючы Святому Духу, інакш быць не можа.
За тыдзень да з'езду быў створаны музчыны гурт, у склад якога ўвайшлі і мы разам з кл. Дзянісам. Пасля абеду пачаліся танцы, конкурсы, гульні. Мы спявалі песні, таксама і беларускія.
З кожным новым днём прыходзілі і новыя змены. Адносіны паміж моладдзю, праца ў групах, перажыванне св. Імшы, - мы ўсе сталі адной сям'ёй. Мы былі моцай!
Мы вельмі шчаслівыя, што пабылі на гэтай сустрэчы, дзе пазнаёміліся, напрыклад, з новымі місіянерамі, якія працуюць у Таджыкістане ці Расіі, а самі паходзяць з Аргентыны.
Дні моладзі скончыліся св. Імшой, якую цэлебраваў апостальскі нунцый у Казахстане Мігель Мауры Буэндзія, ўзмацняючы моладзь сваім словам. Мы пазнаёміліся з яго сакратаром - а. Аляксандрам Рагіня, які скончыў нашу Вышэйшую Духоўную семінарыю ў Гродне. Вялізнае прывітанне перадавала таксама с. Рэната, якая служыла ў Беларусі 13 год.
P.S. Гэта быў апошні ліст нашага дзённіка. Час хутка праляцеў, але мы паспелі набрацца жывой веры, мы ўзмацніліся ў сваім пакліканні. Мы хочам падзякаваць Богу за тых людзей, якіх мы сустрэлі, а таксама за тых, хто дапамог нам сюды прыехаць. Дзякуем кс. біскупу Юзафу Станеўскаму за тое, што падтрымаў нашае жаданне; кс. Юзафу Багдзевічу і вернікам з Астраўца за адкрытае сэрца; кс. Вітальду Пяцельчыцу і парафіянам са Шчучына, няхай добры Бог ім благаслаўляе; кс. Тадэвушу Крыштопіку за цудоўную духоўную літаратуру, якую ён ахвяраваў. Дзякуем Богу за ўсіх людзей, якія памяталі пра нас у сваіх малітвах, асаблівым чынам нашым парафіям і нашым бацькам. Вялікае прывітанне ўсім ад г. Какчэтаў!
кл. Анджэй Ганчар
кл. Дзяніс Бразінскі