Айцец, да якога мы сюды прыехалі, вельмі жыццярадасны і адкрыты чалавек. Але кажа, што пра сябе распавядаць не любіць. "Вось я, святар, служу ў Какчэтаве, усім прывітанне", - смяецца. Але ўсё ж такі згадзіўся тое-сёе расказаць.
А. Войцех Скарупа - місіянер - нарадзіўся ў г. Кельцэ, што ў Польшчы. У сям'і практыкуючых каталікоў было чацвёра дзяцей. Хіба што ўжо там яго навучылі моцнай веры.
Адразу пасля школы, у 1999 годзе, ён паступіў у ВДС, якую скончыў у 2005. Смеючыся, ён паглядзеў на мяне і сказаў, што ў нас з ім вельмі падобная гісторыя: яго таксама адзін святар з Польшчы запрасіў прыехаць у госці ў Казахстан, проста вось паглядзець. Толькі што паехаў ён туды як дыякан, а не клерык як я.
Будучы ў Казахстане, а. Войцех адкрыў для сябе пакліканне і жаданне, каб, калі стане святаром, прыехаць сюды і служыць. Але, прыехаўшы дамой у Польшчу, ён пайшоў прасіць дазволу ў біскупа, каб той паблагаславіў яго працу і служэнне. Чакала расчараванне: доўгія чатыры гады яму адмаўлялі. Айцец пакорна чакаў і працаваў у Кельцах.
У адзін цудоўны момант да яго патэлефанаваў біскуп і сказаў добрую навіну: а. Войцех можа прыязджаць за благаслаўленнем на служэнне ў Казахстане.
Потым усё здаралася вельмі хутка: пакаванне рэчаў, зборы, самалёт і доўгачаканая місія. Едучы туды, місіянер зусім не ведаў тутэйшай мовы, і гэта была праблема. Ён трапіў у парафію св. Антонія Падуанскага і цяпер дзякуе Богу за гэта, бо вернікі хутка дапамаглі яму гэту праблему вырашыць.
Ужо трэці год айцец служыць у гэтым касцёле. Для людзей тут святар - гэта нешта святое, сакрум. Яны святара любяць, паважаюць і заўсёды дапамагаюць - нават ежу прыносяць са сваіх агародаў.
А. Войцех шчыра запрашае святароў адмовіцца ад летняга адпачынку і прыехаць да яго, каб правесці водпуск у Какчэтаве. Каб пабыць з гэтымі людзьмі, каб убачыць і пачуць іх праблемы.
Тут вельмі мала святароў, некаторым прыходзіцца ехаць за 500 км у парафію, каб паспавядаць, удзяліць св. Камунію, каб проста пабыць з людзьмі. Св. Імша праходзіць вечарам, а ўжо на наступную раніцу святар едзе дамоў, і зноўку перад ім паў тысячы кіламетраў.
У Какчэтаве а. Войцех робіць усё тое ж самае, што і ўсе святары: хрысціць дзяцей і дарослых, заключае сужанскія саюзы. Колькі лічбава чалавек - ён не памятае, кажа, што не працуе дзеля статыстыкі. Ён дзякуе Богу за кожнага чалавека.
У 2000 годзе адбылася кансэкрацыя храма, тады парафія налічвала 15 чалавек. Сёння - 300 чалавек. Самае галоўнае - гэта сама асоба. У айца многа фізічнай працы, многа планаў, але, часам, пра гэта трэба забыць - бо чалавек чакае дапамогі. "Той, хто прыедзе пасля мяне, скончыць, а за людзей я павінен адказаць перад Госпадам", - кажа ён.
Вельмі шмат ёсць праблем у сем'ях. Асноўная цяжкасць - вельмі шмат змешаных, і ад гэтага церпяць дзеткі. Пакуль бацькі разбяруцца, хто яны па веравызнанні, куды весці маленства і ў якой веры іх выхоўваць, дзе іх пахрысціць - у царкве ці мячэці - дзеці вырастаюць без Бога ў сэрцы. Але, вядома, гэта не адзіная праблема. "Усё роўна, я шчаслівы! Шчаслівы, што магу быць побач і дапамагаць".
Ці сумуе па доме, сваёй краіне і родных? Кажа, што ўжо не. Ён тэлефануе бацькам, вельмі іх кахае. Але ўжо адчувае сябе ў Какчэтаве так, як быццам бы гэта яго родны дом.
"Я дзякую і памятаю ў сваіх малітвах біскупа Аляксандра і біскупа Юзафа. Я ім вельмі ўдзячны за тое, што дазволілі прыехаць клерыкам да мяне. Уся наша парафія, усе вернікі шчаслівыя, што мы маем дапамогу, хоць і на такі кароткі час."
Усёй Гродзенскай дыяцэзіі вялікае прывітанне ад пар. св. Антонія ў Какчэтаве!
кл. Анджэй Ганчар