Кл. Анджэй Ганчар і кл. Дзяніс Бразінскі цяпер у Казахстане. Яны паехалі туды, каб пазнаёміцца з працай місіянераў і даць сведчанне сваёй веры. Цягам свайго побыту яны будуць распавядаць пра мясцовыя звычкі, веру і звычайнае жыццё казахаў.
Прыляцелі мы ў Астану са спазненнем на 30 хвілін. У аэрапорце нас ніхто не сустрэў, мы нават пачалі турбавацца. Навокал толькі мясцовыя таксісты, пытаюцца, куды везці і ці можа даць патэлефанаваць. Пасля малітвы да св. Антонія з’явіўся ўсміхаючыся а. Войцех, які сказаў, што проста …праспаў.
У 5 гадзін раніцы айцец правёў нам невялічкую экскурсію па Астане, пасля паехалі ў курыю, каб трошкі паспаць, бо раніцой нас чакала снеданне з арцыбіскупам Томашам Петай. Пасля снедання і размовы з гаманлівым і вясёлым арцыбіскупам мы паехалі ў парафію св. Антонія Падуанскага, якая знаходзіцца за 300 км ад сталіцы Казахстану. Гэта парфафія ў Какчэтаве налічвае 400 чалавек. Тут працуюць законныя сёстры з В’етнама, Польшчы і Казахстана. Са святароў тут толькі а. Войцех, ён паляк.
Працы тут поўна: заняткі па рэлігіі, падрыхтоўка да хростаў і шлюбаў, шпіталь. Часам ямо абед нават у 5 гадзін вечара. Фізічнай працы таксама не бракуе: сёння склаліі 10 кубоў дрэва. На вячэру ходзім да сясцёр, шмат гамонім і жартуем. Цяпер таксама рыхтуемся да рэкалекцый сямей і дзён моладзі, якія пачнуцца 19 ліпеня.
Молімся тут за ўсіх, хто дапамог нам сюды прыехаць і даць сведчанне нашай веры. Асабліва дзякуем а. Вітальду са Шчучына і а. Юзафу з Астраўца.









кл. Анджэй Ганчар
кл. Дзяніс Бразінскі