Пачаўся новы працоўны год. Як і кожны пачатак, ён сам па сабе прыемны. Але перад гэтай прыемнасцю хацелася б падвесці вынік. Вынік 18-ці артыкулам апошняга года, спалучаным у блогу “Касцёл і СМІ”. Гэтым тэкстам хачу падзяліцца з вамі тым, што было мною адкрыта за 12 месяцаў пісання пра вобраз Касцёла ў свецкіх СМІ.
Ня ўсё так дрэнна
Беларускія каталікі абмежаваны ад патоку негатыўнай інфармацыі пра Касцёл. Айчынныя выданні, пішучы пра каталіцкую царкву, не шукаюць скандалаў, цёмных бакоў і слядоў сусветнай змовы. Касцёл у асноўным згадваецца ў сувязі з вялікімі святамі, важнымі падзеямі і ўрачыстасцямі. Усё-такі для сярэдняга чытача каталіцтва застаецца чымсьці дастаткова далёкім, абстрактным і звязаным з рытуаламі і традыцыяй.
TUT.BY
Адразу скажу, што я з усёй павагай стаўлюся да найвялікшага парталу Беларусі і сам з’яўляюся яго сталым чытачом. Аднак на фоне іншых беларускіх СМІ гэты дамен адрозніваецца тым, што ён усё-такі любіць перапосціць “жаўтаватыя” матэрыялы некаторых рускіх выданняў пра каталіцкую Царкву. Гэта адзін з нямногіх прыкладаў такога кшталту, што я спаткаў на прасторах байнэту. Пэўныя змены ў нашай краіне могуць адкрыць перад гэтым медыямагнатам шлях да стварэння нават свайго тэлебачання. Трэба дадаць, што тут.бай усё-такі мае матэрыяльна-тэхнічныя задаткі да такога кроку. А таму невядома чаго можа чакаць Касцёл у будучыні ў гэтым накірунку.
Нашы недахопы
Іх шмат і большасць з нас акрэсліць іх лепш, чым я. Хацелася б звярнуць увагу на адзін. Каталікі з моцным скрыгатам зубамі чытаюць каталіцкія СМІ і, адпаведна, удзельнічаюць у іх развіцці. Падаецца, што іерархі ўсё-такі зразумелі важнасць інтэрнэту і пачалі ставіцца да евангелізацыі ў сеціве больш сур’ёзна. Аднак наша большасць абыякавая да таго, што пішацца і робіцца. Хацелася б, каб людзі пішучыя ўсё ж пісалі, святары паставілі свае здымкі ў аватаркі і пачалі пісаць хаця б у фэйсбуку ці кантакце і каб сур’ёзнасць чытача і аўтара вырасла да неабходных памераў.
Каментатары
Гэта цёмны лес. Шчыра раю эмацыйным людзям не чытаць каментары да матэрыялаў пра Касцёл на свецкіх парталах, асабліва onliner.by і tut.by. Адзінае пытанне, на якое я не знайшоў адказ за гэты год – ці трэба звяртаць на гэта ўвагу. Канструктыўных заўваг – мінімум, але нават самыя ідыятычныя рэплікі пішуць людзі. І прычынаў гэтаму шмат. Таму тэма каментараў можа разглядацца толькі ў межах шырока зразумелай евангелізацыі. Я б параўнаў гэта з асяроддзем пракажоных, калі хвароба бачная, з гэтым трэба нешта рабіць, але займацца імі ніхто асабліва не хоча. Можа з’явіцца Маці Тэрэза ў каментах? Ніхто не ведае.
Галоўнае
За год працы з тэмай я яшчэ раз сам пераканаўся ў тым, наколькі гэта вялікая і важная справа – каталіцкія СМІ. Аднойчы сустрэў такі разумны тэрмін: перманентнае душпастырства. Ён азначае сталую працу з людзьмі, утрыманне з імі няспыннага кантакту. Медыі якраз гэтым і займаюцца. Большасць веруючых прыходзіць у касцёл раз у тыдзень і бачыць і чуе святара адну гадзіну. Са СМІ ж чалавек сутыкаецца амаль штодзённа. Таму СМІ - гэта тая ж парафія і нават больш.
Напэўна гэта асноўнае. Трэба ісці далей. Гэтым артыкулам блог Касцёл і СМІ адпраўляецца ў архіў. Што будзе на яго месцы - вы ўжо даведаецеся хутка. Дзякуй за вашу ўвагу і да хуткай сустрэчы на старонках grodnensis.by.
Арцём Ткачук