Каментары на старонках з’яўляюцца добрым паказнікам не толькі настрояў інтэрнэт-карыстальнікаў, але і беларускага грамадства ўвогуле. Сёння паспрабуем прыглядзецца, якія водгукі ўзнікаюць пад навінамі, датычнымі каталіцкага Касцёла на адным з найбуйнейшых сайтаў Беларусі - onliner.by.
Onliner.by – адзін з найбольш наведвальных парталаў Беларусі. Штодзённа старонку наведваюць да 1 млн карыстальнікаў з праглядам да 8 млн старонак. Сайт не вызначаецца негатыўнай пазіцыяй адносна Касцёла, нават наадварот. Тут перадрукоўваюцца артыкулы з catholic.by, некаторыя заявы папы і іншыя матэрыялы. Артыкулы партала чытаюцца дзясяткамі тысяч людзей. Каментары, якія можа напісаць кожны, праглядваюцца таксама.
Кожны раздзел артыкула складаецца з двух графікаў. Першы паказвае адсоткавыя суадносіны ў цэлым, другі – адсоткавыя суадносіны паміж сабой без катэгорыі ІНШЫЯ. Справа ў тым, што вялікая колькасць каментатараў выказваюцца шмат разоў і вельмі часта пачынаюць пераходзіць на асобы. Таму другі графік складваўся па прынцыпе адзін каментатар=адно меркаванне.
Назвы катэгорый графікаў выбіраліся максімальна блізкімі да гучання меркавання юзераў, таму часам іх гучанне рэзкаватае. Спадзяюся, гэта дапаможа лепш адчуць настрой думак.
Адносіны да абортаў
Артыкул “Православные и католики бьют тревогу и просят принять меры: за 20 лет в Беларуси сделали 2,7 млн абортов” з’яўвіўся на Onliner.by 26 кастрычніка 2012 г. Гэты матэрыял сабраў 277 каментараў. Меркаванні былі падзелены на тры асноўныя групы. Да першай і другой належаць праціўнікі і прыхільнікі абортаў. Да трэцяй належаць прыхільнікі абортаў, аднак іх адрозненне заключаецца ў матывацыі – недастатковасць матэрыяльных сродкаў для далейшага выхавання дзіцяці. У катэгорыю “Аборт – гэта маё права” я ўключыў агульна негатыўныя каментары (яны ўскрозь мелі на ўвазе права на аборт. Напрыклад, каментар Zeligardis “а не пошли бы эти католические и православные сектанты куда подальше со своими советами”).
Як паказаў аналіз, больш за 35% выказванняў была на карысць абортаў, сярод іх 7% матывавала сваё рашэнне цяжкім матэрыяльным становішчам. Амаль 25% каментароў называюць аборт забойствам. Катэгорыя іншае змяшчае меркаванні як праабарцыйнага, так і антыабарцыйнага характару.
Пра Касцёл у інтэрнэце
У канцы студзеня 2013 г. з’явіўся артыкул “Папа Римский благословил Twitter i Facebook”. Артыкул распавёў пра тое, што Бэнэдыкт XVI заахвоціў католікаў актыўней выкарыстоўваць інтэрнэт і сацыяльныя сеткі ў мэтах евангелізацыі. Матэрыял сабраў 104 каментары.
67% водгукаў мела саркастычна-негатыўны ці адкрыта негатыўны характар. Чытачы з’едліва падсмейваліся з гэтага выказвання і ўдзел Касцёла ў інтэрнэт-жыцці прынялі як штосьці недарэчнае. Трэба адзначыць, што 7% каментатараў спрачаліся з агульным негатыўным трэндам і баранілі Касцёл і вернікаў у цэлым.
Пра Касцёл і грошы
У лютым 2013 г. на старонцы з’явіўся перадрук артыкула з catholic.by пад назвай “Католическая церковь пояснила, куды идут пожертвования и кто платит зарплату священникам”. Аўтар распавядае пра тое, якім чынам размяркоўваюцца грошы, ахвяраваныя вернікамі. Матэрыял не адзначыўся вялікай цікавасцю і сабраў усяго 83 каментары. Аднак, аналіз водгукаў паказаў цікавую тэндэнцыю. Справа грошай у Касцёле выклікае меншае раздражненне чым у Праваслаўнай царкве. Больш за чвэрць асобаў выказалася, што датычна грошай каталіцкае духавенства больш сумленнае. У сваю чаргу больш за 10% людзей лічыць артыкул хлуснёй і называе Касцёл гаспадарчай фірмай.
Беларусы і душэўная вера
У сакавіку 2013 г. з’явіўся артыкул пра апошняе сацапытанне, якое паказала, што “ў Беларусі 80% жыхароў лічаць сябе праваслаўнымі веруючымі, але царкву наведваюць толькі 6-8%”. У матэрыяле ўзгадваліся статыстычныя дадзеныя наведвання храмаў католікамі і іншымі вернікамі. Хоць у назве артыкула ўзгаданыя толькі праваслаўныя вернікі, аднак, меркаванні юзераў паказваюць іх стаўленне да рытуалаў у цэлым. Рубрыка “Галоўнае верыць у душы” ўвабрала водгукі, якія лічаць наведванне набажэнстваў непатрэбным. Важна зазначыць, што гэта людзі, якія дэкларуюць сябе веруючымі. Водгукі, сабраныя ў графе “Беларусь – праваслаўна-атэістычная краіна” яднаюць саркастычныя каментары датычна акрэслення сябе большасці беларусаў веруючымі.
Харытатыўнасць Касцёла
У жніўні 2013 г. на сайце з’явіўся перапост інфармацыі catholic.by аб тым, што ў касцёлах Мінску пройдзе акцыя ў падтрымку школьнікаў з бедных шматдзетных сямей. Матэрыял сабраў 123 водгукі. Як заўсёды, чацвёртую частку іх заняло бойня 5-6 асобаў, якія з тэмы дапамогі дзецям павольна перайшлі на ільготнае будаўніцтва. Аналіз паказаў, што ўсё-такі большасць каментатараў згадзілася дапамагчы.
Другая па велічыні група прапаноўвала даць грошы на курсы па планіраванні сям’і, кантрацэпцыю і “думаць галавой перад тым, як нараджаць”. Зусім маргінальная група людзей казала “вот пусть сама церковь и помогает” (карыстальнік Statik1987). Яны былі ўключаны ў графік выключна дзеля параўнання з агульным трэндам.
Беларуская мова ў Касцёле
Стаўленне каментатараў да беларускай мовы ў каталіцкіх святынях паказвае артыкул “Архиепископ: религиозную литературу нужно активнее переводить на белорусский язык”. Большасць юзераў згадзілася з гэтай прапановай. Негатыўныя водгукі на матэрыял былі спалучаны з меркаваннем, што рэлігійная літаратура ўвогуле не патрэбная і шкодная. Невялікая групка людзей, якія пісалі пра польскую мову, рабілі гэта хутчэй саркастычна, з мэтай назваць католікаў “палякамі”.
Папа Францішак пра гомасэксуалістаў
Артыкул пра гучнае выказванне папы Францішка “Калі гей валодае добрай воляй і імкнецца да Бога, хто я такі, каб яго судзіць?” з’явіўся 30 ліпеня 2013 г. Гэтая тэма адбілася неверагодныя рэхам сярод чытачоў і сабрала ажно 1184 каментары. Аднак, аналіз гэтых водгукаў паказаў, што каля 90% з іх з’яўляюцца звычайным тролінгам, альбо простым пераходам на асобы сярод каментатараў. Колькасць людзей, нязгодных з пазіцыяй папы, была ў 2 разы вышэйшая, чым падтрымліваючых яго меркаванне. Пры гэтым 40% нязгодных назвала гэтыя словы прыстасаваннем ці прагібам перад “гей-лоббі”.
Парады Касцёла
Напярэдадні свята Ўсіх Святых Onliner.by перапосціў заклік мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да несвяткавання Хэлоўіна. 466 водгукаў пад матэрыялам пацвярджаюць цікавасць аўдыторыі да тэмы. Большасць каментатараў выказалася, што парады арцыбіскупа, мякка кажучы, не з’яўляюцца важнымі ў іх жыцці. Чытачоў раздражніў менавіта павучальны тон іерарха, а не зварот да несвяткавання Хэлоўіна. Менавіта па-гэтаму меркаванне большасці было кшталту “забыл спросить, отмечать мне или нет” (карыстальнік because_i_got_high). Гэта пацвярджае таксама мізэрная колькасць людзей, якія выказаліся за святкаванне Хэлоўіна – 9 асобаў.
Карыстальнікі, якія ў прынцыпе падтрымалі зварот арцыбіскупа, былі аднесены ў катэгорыі “ўсё слушна сказаў” і “мода проста такая”. Першыя адкрыта пісалі, што мітрапаліт мае рацыю. Другія не спасылаліся ўпрост на іерарха, толькі сцвярджалі, што гэта мода і нічога больш.
Зазначым, што ў цэлым настрой каментараў дастаткова агрэсіўны. Асаблівым чынам гэта датычыцца антыкаталіцкіх і антырэлігійных водгукаў. Каментатары, якія станоўча выказваюцца наконт Касцёла, адзначаюцца высокай якасцю аргументавання.
Напрыклад, W1sdom піша, што “прежде чем говорить, что он (папа римский) дурак и т.п., подумайте, можете ли вы "свободно говорить на немецком, итальянском, латинском, английском и испанском языках и читать тексты на древнегреческом языке и иврите"(с)Wiki А то, что ваши примитивнейшие шаблоны рвутся от его заявлений вовсе не говорит о его глупости”.
Юзер 7777slavan пазней адкажа на гэта “и? так ему в ин яз надо, педагогом идти”. Гэты прыклад паказвае агульны выгляд зносін у каментарах. Аднак, колькасць негатыву значна перавышае станоўчыя меркаванні.
Арцём Ткачук