На мінулым тыдні ў жыцці Касцёла ў Беларусі не адбылося якіх-небудзь значных падзей. Паспрабуем звярнуць увагу толькі на некаторыя навіны, якія не хацелася б пакінуць проста так. Таму сённяшні пост назавем “ні пра што”, хоць можа і ёсць аб чым.
Шкада, што наш беларускі Касцёл, у агульным мэйнстрыме абыякавы не звяртае патрэбным чынам увагі на культуру і некаторых яе дзеячаў. Вось, напрыклад, Ларыса Геніюш, вялікая паэтка і перш за ўсё чалавек агромнай веры ў гадавіну сваёй смерці засталася без увагі. Калі б яшчэ не браты праваслаўныя, то засталася б яна і без малітвы. Незразумела адно: ці то ў шэрагах Касцёла няма паэтаў, пісьменнікаў, культурных дзеячоў, якія б падказалі час ад часу на што і каго варта звярнуць увагу, альбо каталікі так занятыя важнымі справамі.
Напрыканцы яшчэ звернем увагу на кс. Уладзіслава Сурвілу, які “засвяціўся” у фэйсбуку падчас свайго Дня Нараджэння. Усё-такі яшчэ можна збіраць моладзь і захапляць іх Богам. І, напэўна, праблема не ў абыякавасці моладзі. Усім жадаю добрай канцоўкі Вялікага посту. Добрых навінаў!