Вельмі часта ў байнэце можна сустрэць тэрмін “застабіл”. Гэтым словам юзеры акрэсліваюць людзей, якія цалкам згадзіліся з існуючай рэчаіснасцю і ня хочуць ніякіх зменаў. Таму сёння хацеў б падзяліцца некалькімі роздумамі пра беларускую абыякавасць. Адны кажуць яе шмат, іншыя, што ня так і шмат. Аднак тыя, хто хоць калі-небудзь выступаў у ролі арганізатара акцыі ці мерапрыемства, якое не несла б выгады, згодзяцца: абыякавасці беларусам не бракуе. Не бракуе яе і хрысціянам.
Возьмем, напрыклад, арганізацыю збору подпісаў пад петыцыяй “ЗА запрет абортов в Беларуси”, арганізаванай рухам пралайф Беларусь. Я ўжо пісаў пра негатыўныя аспекты гэтай акцыі. Сёння я б хацеў дадаць факт, наколькі беларускія хрысціяне абыякавыя да гэтай праблемы нават у інтэрнэце. Пад петыцыяй падпісалася 2701 чалавек (стан на 31 сакавіка 2014 г.). Раю заглянуць вось сюды і пазнаёміцца з рэйтынгам электронных петыцый у Беларусі. Такія петыцыі як “За продолжение съёмок сериала “Сваты», ці “Против жестокого отношения с животными” сабралі ў некалькі разоў больш подпісаў, чым за забарону абортаў. Дадаем да гэтага фактару яшчэ ўжо пацверджаную бяссільнасць інэрнэт-петыцый у РБ і атрымоўваем нейкую, ну зусім песімістычную, карціну.
Далей – горш. На конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend 3, праект фонду “Адчыненыя сэрцы” “В счастливом ожидании” (курс падрыхтоўкі сужэнскіх параў да родаў) атрымаў менш галасоў, чым праект “КОТюша” (абсталяванне памяшкання для паслеаперацыйнага догляду для катоў) і “Добрый дом” (абсталяванне і пашырэнне прытулку для бяздомных жывёл у Рэчыцы).
З боку святароў можна часта пачуць нараканні пра тое, як парафіяне нічога не хочуць рабіць, як цяжка арганізаваць што-небудзь. Аднак з іншага боку, каб чалавек зрабіўся актыўным, яго штосьці мусіць зацікавіць, нешта мусіць яго зачапіць. Паводле такой логікі, часта святары не “чапляюць” вернікаў, хоць і вернікі часта “не чапляюць” святароў. Нейкае замкнёнае кола.
Напрыканцы параіў бы ўсім пазнаёміцца з паняццем флэт і адчуць закуткі, у якія Слова Божае яшчэ ніколі не трапляла. Гэтае месца для хрысціянаў – сапраўдная спроба who is who, праверка колькі хто жме і поле бітвы, дзе альбо ты, альбо цябе. Для людзей, якія займаюцца моладдзю, абавязкова да чытання. Таксама раю душпастырам узяць на заметку ідэю дыякана Івана Кароткага, які ўзяў і арганізаваў міністрантаў на пейнтбол, ці святароў з Глыбокага, якія ўзялі нагатавалі для сваёй моладзі плова.
Абыякавасць – тэма, пра якую можна і трэба пісаць. Аднак пішучы і размаўляючы пра яе за шмат, можна таксама зрабіцца абыякавым. Таму будзьце асцярожныя. Хацення нешта рабіць і сэнсу ў гэтым. І паменш абыякавасці.
Арцём Ткачук