Касцёл і грошы ў беларускіх СМІ
Некалькі дзён таму, прагортваючы ленту сеткі вконтакте, я напаткаў допіс экс-кандыдата ў прэзідэнты РБ Яраслава Раманчука пра пасланне папы Францішка на Сусветны эканамічны форум у Давасе. Эканаміст разважаў пра словы Святога Айца, што “багацце павінна служыць чалавеку, а не панаваць над ім” (успамін пра пасланне тут і тут). Аднак гэтае разважанне падштурхнула мяне задумацца над іншым пытаннем: “Які ж вобраз Касцёла і грошай пануе ў СМІ?”. Над гэтым сёння і паразважаем.
Партал tut.by не звяртае ўвагі на навіны, звязаныя з фінансавымі пытаннямі каталіцкай Царквы. Удалося знайсці толькі ўзгадку пра адмову папы ад лімузіна і словы Францішка “грошы павінны служыць, а не кіраваць”. Адзінае, на што хацелася б звярнуць увагу, гэта каментары да гісторыі з папскім лімузінам. Складваецца ўражанне, што чарговыя весткі пра аскетызм папы Францішка толькі ўзбуджаюць негатыў да праваслаўнага духавенства з боку інтэрнэт-юзераў. Каментар карыстальніка Aleksievich.A “РПЦ надо учиться и учиться у нового папы! А то просто отвратительно, монашествующие разъезжают на премиум -классе за 50000$ и выше!” – гэта прыкладная рыторыка большасці каментатараў. Назва артыкула Нашай Нівы “Мітрапаліт Павел прыехаў на першую літургію ў белым BMW” ужо сама па сабе звяртае ўвагу чытачоў на дарагі аўтамабіль іерарха. Каментары да навіны не заставілі сябе чакаць. Адна з вядучых газет для дзелавых людзей “Белорусы и рынок” амаль год назад апублікавала артыкул Наталлі Васілевіч “Станет ли папа-бессребреник посредником?”. Больш артыкулаў, якія б датычылі грошай і Касцёла, на сайце газеты знойдзена не было.
Хацелася б звярнуць таксама ўвагу на навіны пра каталіцкі свет некаторых расійскіх парталаў. Як я ўжо ўспамінаў, большасць матэрыялаў пра Ватыкан, беларускія СМІ перапосцяць менавіта з шэрагу расійскіх сайтаў. Расійскі медыяхолдынг РБК, напрыклад, асвятляе ў асноўным справу карупцыі ў ватыканскім банку. Інфармацыя падаецца канкрэтна, без прыметнікавай афарбоўкі.
Расійская lenta.ru, узгадваючы католікаў увогуле не ўзгадвае ніякіх фінансавых грахоў. Коммерсант.ru aртыкулам “Харизма Папы Франциска очевидна” ў цэлым паказвае сваё стаўленне да курсу Святога Айца адносна грошай. Аднак гэта, зноў жа, адзін з усяго некалькі тэкстаў пра ўзаемадачыненне Касцёла і грошай.
Што ж, не прэтэндую на тое, каб даць бясспрэчную адзнаку ствараемага вобразу сувязі грошай і Касцёла ў беларускіх СМІ. Аднак паўстае ўражанне, што беларускі інтэрнэт зусім не лічыць каталіцкае духавенства прагным выключна грошай і ездзячым на дарагіх аўтамабілях. Зразумела, такія галасы прысутнічаюць у каментарах. Ніводнае ж медыя не было заўважана мною ў пошуку святароў на крутых “бэхах” ці адпачываючых на “Канарах”. Таму адказ на пытанне ці то Касцёл проста ніколі “не засвяціўся”, ці то медыя пакуль не асабліва спрабуюць граць на гэтых папулістычных стэрэатыпах застаўляю Вам.
Напрыканцы хацеў бы параіць Вам артыкул Камсамолкі “Папу прогнали инопланетяне?”. Думка аўтара, што папа Бэнэдыкт мог сысці на пенсію з-за пагрозы пазазямных цывілізацый, выклікае ўсмешку. Аднак факты пра тое, як Касцёл ставіцца да магчымасці існавання іншапланецянаў, не могуць не зацікавіць. Прыемнага чытання і самых прыемных зялёных чалавечкаў на вашых дарогах!
Арцём Ткачук