Што ж, прайшлі святы, скончыліся мандарыны, елкі з хатаў былі канчаткова прыбраныя і мы вярнуліся ў шэрую штодзённасць. Сённяшні пост хацелася б прысвяціць некалькі роздумам, якія ўзніклі падчас супастаўлення розных навінаў. І, шчыра кажучы, роздумы гэтыя не выклікаюць асаблівага аптымізму.
Паўлюк Быкоўскі, беларускі медыя аналітык, у артыкуле “Байнет-2013: рост рынка и сохранение свободы”, колькасць беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту акрэслівае лічбай 4,9 млн. Лічачы, што колькасць католікаў складае 15% насельніцтва РБ, можам выказаць здагадку, што каля 700 тыс. юзераў – каталіцкія вернікі. Наведвальнасць catholic.by, галоўнага каталіцкага партала Беларусі, складае некалькі тысяч чалавек
штодзённа. Наведвальнасць нашага grodnensis.by – каля 400 наведвальнікаў. Лічбы кажуць самыя за сябе. З аднаго боку католікі не цікавяцца жыццём Касцёла, з другога – каталіцкія электронныя СМІ не прывабліваюць сваю галоўную аўдыторыю. Для азнаямлення са станам беларускіх электронных медыя заахвочваю прачытаць артыкул Аляксандра Класкоўскага “2014: вэб-медыям пагражаюць безграшоўе і рэгістрацыя”. Адным словам ёсць шмат над чым працаваць, а не задавольвацца скідваннем віны адзін на аднаго.
Хацелася б яшчэ звярнуць увагу на апошнюю кампанію “За забарону абортаў у Беларусі” беларускага про-лайф руху. “Арганізатары маюць намер сабраць 1000 подпісаў, а на раніцу 13 студзеня пад петыцыяй падпісаліся ўжо больш за 500 чалавек”, - паведамляе гомельскі каталіцкі партал. Зразумела, што ідэя і ахвота нешта рабіць у гэтай справе святая. Аднак усё-такі хацелася б падкрэсліць, што 1000 подпісаў у гэтай справе для хрысціянскай Беларусі – гэта нейкі здзек. Падаецца, што такія акцыі робяць беларусаў яшчэ больш абыякавымі да праблемы. 1000 подпісаў супраць сучаснага беларускага Чарнобыля – гэта хрысціянская бюракратычная адпіска. Не хацелася б зрабіць про-лайф рух Беларусі вінаватым. Проста ўзнікае нармальнае пытанне – колькі яшчэ дзяцей мусіць быць забіта, каб беларускія хрысціяне пачалі рэальна змагацца з абортамі. Каментары экспертаў у гэтай справе можна прачытаць тут і тут, паглядзець тут.
Што ж, напрыканцы яшчэ хацелася б напісаць некалькі словаў пра медыяльнасць у Беларускім Касцеле. Некаторыя іерархі проста знайшлі агульную мову з беларускімі медыя (і дзякуй Богу), некаторыя застаюцца ў цяні. І часам складваецца ўражанне, што адныя робяць больш – іншыя менш. Напрыклад біскуп Казімір Велікаселец ходзіць у Гомелі “па калядзе”. Аднак каталіцкія СМІ амаль прамаўчалі пра гэта (за выключэннем вышэйузгаданага гомельскага каталіцкага партала і catholic.by). Як па мне, дык гэта такі ж прыгожы жэст службы людзям як і іншыя. Чаму ён не заслугоўвае фотафакту, як напрыклад жарт біскупа Алега Буткевіча. Падаецца, што часта сродкі камунікацыі знаходзяць сваіх “герояў” і канцэнтруюць увагу на іх. З-за гэтага светапогляд і прадстаўленне простага свецкага чытача звужаецца. А святых у нас шмат, дастаткова прыглядзецца.
На гэтым і скончым наш сённяшні роздум. Вывад на сёння адзін – каб нешта зрабіць, трэба рабіць. Нараканне на тое, што ўсё дрэнна проста ня мае сэнсу. Шмат беларускіх грамадскіх дзеячаў, філосафаў і журналістаў часта ўспамінаюць пра нашу беларускую абыякавасць і шукаюць яе прычыны. Дык усё ж такі: гэта наша рыса ці часовая хвароба? Усім добрых навінаў і Божай Радасці!
Арцём Ткачук